Час для гендэрнай інтэрвенцыі?

У апараце Паўночна-Атлантычнага альянсу абмяркоўваюць магчымасць вайсковых інтэрвенцый у любую краіну свету для забеспячэння там правоў жанчын.

Наўрад ці ініцыятыва наконт гендэрных інтэрвенцый прыцягнула б такую ўвагу, каб не падтрымка з боку Анджаліны Джалі — сусветна вядомай зоркі Галівуду. Яна выступіла суаўтарам генсека NATO Енса Столтэнберга ў рэзанансным артыкуле «Чаму NATO павінна стаць абаронцам правоў жанчын».

Лейтматыў тэксту, які апублікавала брытанская «Guardian», — Паўночна-Атлантычны альянс павінен высту­піць у ролі вядучага глабальнага пратэктара правоў жанчын. Прычым, іх можна абараняць нават з дапамогай лятальнай зброі і вайсковых аперацый.

Адначасова былі агучаныя крытэры краін, якія могуць быць аб’ектамі тых самых гендэрных інтэрвенцый. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра краіны, дзе фіксуецца вялікая колькасць згвалтаванняў жанчын. «Канфлікты, у якіх цела, органы і правы жанчын сістэматычна гвалтуюцца, выклікаюць глыбокія раны і павінны быць вырашаныя… Скончыць гендэрны гвалт — гэта жыццёвае патрабаванне для міру і бяспекі, а таксама сацыяльнай справядлівасці. NATO можа быць лідарам у гэтых намаганнях», — гаворыцца ў артыкуле.

У якасці аргументаў аўтары спасылаюцца на асноўныя прынцыпы Дэкларацыі правоў чалавека — устаноўчага тэксту Арганізацыі аб’яднаных нацый. У тэксце Дэкларацыі сапраўды гаворыцца, што роўныя правы і павага да жанчын — частка фундаментальных правоў чалавецтва.

Ідэя інтэрвенцыі NATO ў імя абароны правоў жанчын выклікала ступар у пацыфістаў. Адразу паўсталі плёткі пра тое, што тэма гендэрных інтэрвенцый спатрэбілася кіраўніцтву блока, каб рэабілітаваць неадназначны імідж Паўночна-Атлантычнага альянсу.

Агучваюцца і іншыя аргументы. Напрыклад, узгадваюць, што любая вайна мае жудасныя наступствы для мірнага насельніцтва — у імя абароны інтарэсаў якога, быццам, і заклікаюць ваяваць Джалі і Столтэнберг. Напрыклад, у вайне NATO супраць «Талібану» ў Афганістане ў 2001 годзе загінула 31 тысяча цывільных афганцаў.

Апаненты тандэму Джалі — Столтэнберг спасылаюцца ў тым ліку на дадзеныя Інстытута міру ў Осла. Яго супрацоўнікі ў рапарце 2009 года на досведзе 13 вайсковых канфліктаў даво­дзілі, што значна больш жанчын становяцца ахвярамі гвалту менавіта якраз пасля вайсковых канфліктаў. Пасля вайны, як гаворыцца ў дакуменце, у соцыуме назіраецца татальная дэградацыя маральных нормаў на фоне крызісу органаў грамадскай бяспекі. Слабасць апошніх тлумачыцца таксама тым, што шмат мужчын падчас войнаў гінуць і, адпаведна, у паліцэйскіх структурах адчуваецца моцны кадравы дэфіцыт.

Напэўна, найбольш незвычайны тэзіс крытыкаў «фемінізацыі» NATO — ахвярамі войнаў таксама становяцца мужчыны. Прыкладна 80 працэнтаў тых мужчынаў, якія сядзяць у лагерах для ваеннапалонных, пакутуюць ад гвалту — у тым ліку сексуальнага. Некаторыя публіцысты дапускаюць, што псіхічныя траўмы іракскіх жаўнераў, якія трапілі ў амерыканскі палон пасля краху рэжыму Хусейна, у выніку прывялі іх у лагер баявікоў так званай «Ісламскай дзяржавы».

Аднак ёсць і іншы пункт гледжання. Яго прыхільнікі кажуць, што ініцыятыва пра гендэрныя інтэрвенцыі можа запусціць працэс рэарганізацыі вайсковага блоку і надасць яму ў будучыні больш гуманістычныя рысы. Як вынік — зробіць NATO інструментам прагрэсіўнай грамадскасці. У тым ліку і таму, што жанчыны будуць запрашацца ў кіраўніцтва арганізацыі. Лічыцца, што дзякуючы жанчынам можа паўстаць новы фармат стасункаў жаўнераў NATO і лакальных супольнасцяў, якія будуць больш ахвотна ісці з імі на кантакт.

Звяртаюць увагу таксама на тое, што рухавіком цяперашняй кампаніі «Me Too» («Я таксама» — шматлікіх споведзяў жанчын наконт сексуальных дамаганняў) з’яўляецца прагрэсіўны сярэдні клас. Іншымі словамі, за кошт тэмы сексуальнай агрэсіі гэты сектар грамадства атрымаў магчымасць ціснуць на істэблішмент, дамагацца большай празрыстасці эліты.

Пакуль тэма выкарыстання войскаў Паўночна-Атлантычнага альянсу ў мэтах абароны жанчын вельмі спрэчная. Тым не менш, нельга не ўзгадаць, што ў заходніх СМІ ўжо пачалася дыскусія наконт таго, якая краіна патэнцыйна можа стаць першым аб’ектам «гендэрнай інтэрвенцыі» з боку NATO. Пакуль у якасці магчымай «мішэні нумар адзін» адназначна фігуруе Пуцінская Расія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-01-13 23:55:34
І ў тых дывізіях ды арміях будуць ваяваць выключна жанчыны. Як колісь "рабоча-сялянская" Чырвоная армія імкнулася на дапамогу прыгнечаным пралетарам захаду і ўсходу, так і гэныя будуць вызваляць сваіх "класавых сясьцёр". Але спачатку трэ было б адпаведны інтэрнацынал стварыць, фэмэн- ці вумэн-інтэр. І правесьці адпаведную рэкламную кампанію, а потым ужо граміць арміі гэтых прыгнятальнікаў-мужыкоў сваімі жаночымі танкамі і самалётамі ...

Каментаваць