Час надзей і час нягод

Амерыканскi часопiс Time ужо абвясцiў 2020 год самым кепскiм у сучаснай гiсторыi. Iнтэрнэт-прастора напоўнена жартамi на тэму таго, як бы хутчэй гэты год скончыўся i цi скончыцца некалi ўвогуле. Для ўсяго света ён стаў сапраўды адметным у вельмi кепскiм сэнсе гэтага слова. Што мы запомнiм пра 2020-ты?
Вокладка Time прысвечана 2020-му году: перакрэсленыя лiчбы нiбы кажуць: "Сыходзь ужо нарэшце!"

Вокладка Time прысвечана 2020-му году: перакрэсленыя лiчбы нiбы кажуць: "Сыходзь ужо нарэшце!"



Перадусiм пандэмiю каронавiруса, якая балюча ўдарыла па сiстэме i сацыяльных, i эканамiчных стасункаў, закранула да глыбiнi не толькi мiжнародныя сувязi, але i ўнутраныя. Кожная краiна намагалася даць рады па-свойму, у кагосьцi гэта атрымлiвалася лепш, у кагосьцi горш. Але не варта забываць i пра iншыя важныя падзеi, якiмi адзначыўся 2020 год.

Ядзерная зiма: на парозе трэцяй сусветнай

Узгадаем, як 2020-ты пачаўся. Недзе ў Кiтаi каронавiрус ужо распаўсюджваўся, але свету пакуль было не да таго. У студзенi гучнае забойства iранскага генерала Сулейманi, здзейсненнае ў вынiку вайсковай аперацыi ЗША, паставiла свет перад вялiкай пагрозай абвастрэння iрана-амерыканскiх стасункаў, па ацэнках некаторых аналiтыкаў, нават перад пагрозай трэцяй сусветнай вайны. Гэта зараз тыя падзеi падаюцца цмянымi i далёкiмi, але ў пачатку студзеня яны разгортвалiся да страшнага iмклiва. Iран пагражаў хуткай i бязлiтаснай помстай, нават вызнаў Пентагон тэрарыстычнай арганiзацыяй i выйшаў з дамовы, якая стрымлiвала стварэнне ў краiне ўласнай ядзернай зброi. Калi канфлiктуючыя бакi пачынаюць закранаць пытанне ядзернай зброi, за навiнамi сапраўды сочыш затрымаўшы дыханне. На шчасце, самыя змрочныя пагрозы не спраўдзiлiся.

На развiтанне з генералам Сулейманi прыйшло 800 тысяч чалавек

На развiтанне з генералам Сулейманi прыйшло 800 тысяч чалавек


I тым не менш, для самога Iрана наступствы сталi проста катастрафiчнымi. Спачатку на развiтаннi з Сулейманi ўзнiкла цiсканiна: загiнула 56 чалавек. А потым у вынiку памылкi быў збiты пасажырскi самалёт украiнскiх авiялiнiй. Гэта трагедыя забрала жыццi 176 чалавек, пераважна этнiчных iранцаў. Але на борце былi грамадзяне розных краiн, i збiццё самалёта выклiкала моцную мiжнародную рэакцыю. Як наладжваць стасункi, калi той, хто герой для сваёй краiны, ёсць тэрарыстам для iншай i падлягае знiшчэнню па распараджэннi самога прэiдэнта Трампа? Як кантраляваць выраб i выкарыстанне такой страшнай зброi — ядзернай — якая мае занадта вялiкую знiшчальную магутнасць? Гэтыя пытаннi застаюцца адкрытымi для нашага свету.

Украiнцы развiтваюцца з экiпажам Боiнга-737 "Мiжнародных авiялiнiй Украiны", збiтага пад Тэгеранам

Украiнцы развiтваюцца з экiпажам Боiнга-737 "Мiжнародных авiялiнiй Украiны", збiтага пад Тэгеранам


Пратэставая вясна: Black Lives Matter

У траўнi выбухнула яшчэ адна праблема, якая выглядала лакальнай, але выявiлася мiжнароднай. У ЗША быў забiты афраамерыканец Джордж Флойд: палiцэйскi перавысiў сiлу i задушыў яго пры затрыманнi. Палiцэйскi гвалт у ЗША заўжды выклiкаў моцную рэакцыю грамадства, гэтым разам распачалiся неверагодна маштабныя пратэсты. Колькась iх удзельнiкаў у асобных крынiцах даходзiць да 26 мiльёнаў, што робiць iх самымi масавымi ў гiсторыi ЗША. Пратэсты адбывалiся на тле пандэмii каронавiруса, якая ўскрыла хiбы сiстэмы аховы здароўя, а таксама балюча ўдарыла па эканомiцы i пакiнула без працы мiльёны людзей — гэта дадаткова абвастрыла пытаннi сацыяльнай i расавай няроўнасцi. У некаторых гарадах пратэсты перайшлі ў беспарадкі, бунты, марадзёрствы і сутыкненні з паліцыяй. Пратэстуючыя зносiлi помнiкi амерыканскiм дзеячам, якiх лiчылi датычнымi да расiзма. Часта рэакцыяй быў паліцэйскi гвалт, у тым ліку ў дачыненні да журналістаў. У 200 гарадах ЗША была ўведзена каменданцкая гадзіна, было затрымана не менш за 14 тысяч пратэстоўцаў, 19 чалавек загінулі.

Пратэстоўцы занялi цэлы раён у Сiэтле i тры тыднi ўтрымлiвалi яго "вольным ад палiцыi, дыскрымiнацыi i гвалту"

Пратэстоўцы занялi цэлы раён у Сiэтле i тры тыднi ўтрымлiвалi яго "вольным ад палiцыi, дыскрымiнацыi i гвалту"


 "I can't breathe" - апошнiя словы Джорджа Флойда, забойства якога спрычынiла антырасiсцкiя пратэсты ва ўсiм свеце

Пад уплывам выступленняў узнiкла шмат заканадаўчых iнiцыятыў, накiраваных на супрацьдзеянне расiзму i палiцэйскаму гвалту. Рух Black Lives Matter быў падтрыманы маштабнымi пратэстамi ў 60 краiнах свету. Гэта яскрава паказвае: праблема няроўнасцi нашмат глыбейшая, чым асобныя праявы расiзму ў ЗША, супрацьстаянне сучасных правых i левых iдэалогiй працягваецца i пакуль не дае адказаў, што рабiць з сацыяльнай няроўнасцю, якая ў крызiсныя моманты абвастрае i расавую, i этнiчную, i гендэрную — няроўнасць, якой наш свет усё яшчэ не можа пазбавiцца. А цi можна пазбавiцца няроўнасцi ў прынцыпе, калi шматлiкiя спробы ў гэтым накiрунку заканчвалiся яшчэ больш страшнымi, чым пратэсты, сацыяльнымi з’явамi кшталту таталiтарных камунiстычных сiстэм? Мы ўсё яшчэ ў пошуках адказаў.

Палiцыя ўстае на калена на знак салiдарнасцi з пратэстуючымi. Такiя акцыi адбывалiся па ўсёй краiне

Палiцыя ўстае на калена на знак салiдарнасцi з пратэстуючымi. Такiя акцыi адбывалiся па ўсёй краiне


Адну з вулiц Нью-Йорка перайменавалi ў лозунг пратэстаў "Black Lives Matter" i нанеслi яго вялiкiмi лiтарамi на праезную частку

Гарачае лета ў Расii

У сярэдзiне года цэнтр увагi перамясцiўся ў Расiю. Папраўкi ў Канстытуцыю РФ рыхтавалiся даўно, але само галасаванне адбылося ўлетку. Галоўным у гэтай манiпуляцыi з’яўлялася магчымасць для Уладзiмiра Пуцiна «абнулiць» свае прэзiдэнцкiя тэрмiны i заставацца кiраўнiком краiны пасля заканчэння яго паўнамоцтваў у 2024 годзе. Таму апазiцыя ў Расii заклiкала да галасавання супраць паправак альбо байкоту. Тым не менш, масавых выступленняў галасаванне не выклiкала. Але выбухнула нечакана зусiм iншае, i не ў сталiцы, як было за год да таго: горад Хабараўск 11 лiпеня выйшаў на масавыя пратэсты, якiя працягваюцца дагэтуль. Да пратэстаў далучылiся i iншыя гарады Хабараўскага краю. Грамадзяне паўсталi ў абарону губернатара Сяргея Фургала, якi стаў для людзей сімвалам супрацьстаяння рэгіёну i федэральнай улады i якi быў адхiлены Пуцiным ад пасады, а потым зняволены па крымiнальнай справе.

Шматтысячныя пратэсты ў Хабараўску

Шматтысячныя пратэсты ў Хабараўску


А самы вялiкi рэзананс выклiкала падзея, што адбылася неўзабаве: найбольш вядомага i папулярнага апазiцыйнага палiтыка Аляксея Навальнага спрабавалi атруцiць «Навiчком». За выратаванне Навальнага разгарнулася сапраўдная барацьба: упэўненасцi ў тым, што ў Расii яму акажуць патрэбную дапамогу, не было, а дактарам з Нямеччыны нейкi час не дазвалялi забраць Навальнага. I ўсё ж грамадская ўвага да справы перамагла, пацярпелага выратавалi ўжо ў нямецкай клiнiцы. Фiгураванне ў справе рэчыва «Навiчок» неаспрэчна даказвала датычнасць да атручвання кагосьцi з вельмi вялiкiмi паўнамоцтвамi. Мiжнародная супольнасць заклiкала да расследвання замаху на забойства Навальнага, Еўрасаюз увёў санкцыі супраць шасці высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў і сілавікоў, датычных да гэтага. Пасля забойства Барыса Нямцова ў 2014 годзе замах на Навальнага — самы гучны выпадак палiтычных рэпрэсiй у Расii. I з улiкам ужо ўзгаданых канстытуцыйных паправак можна дакладна сказаць, што далёка не апошнi выпадак.

Палiтык Аляксей Навальны выйшаў з комы ў нямецкай клiнiцы "Шарытэ"

Палiтык Аляксей Навальны выйшаў з комы ў нямецкай клiнiцы "Шарытэ"


Што такое восень — гэта... войны i рэвалюцыi

Мяккi пачатак восенi адзначыўся гэткай жа мяккай рэвалюцыяй у Кыргызстане. Палiтычны крызiс узнiк у вынiку фальсiфiкацыi парламенцкiх выбараў i спрычынiў пратэсты ў Бiшкеку. Лiтаральна за адну ноч пратэстоўцы здолелi захапiць дом урада, вызвалiць з турмы былога прэзiдэнта. Сiлавыя падраздзяленнi, нягледзячы на першапачатковыя жорсткiя разгоны, усё ж перайшлi на бок пратэстоўцаў. Выступленнi адбывалiся яшчэ дзесяць дзён, нават уводзiўся рэжым надзвычайнага становiшча, але ў рэшце рэшт прэзiдэнт Сааранбай Жээнбекаў заявiў, што не хоча пралiваць кроў свайго народа, i сышоў у адстаўку. А вось па iншы бок Каспiйскага мора было ўжо не так мякка. Працяглы канфлiкт у Нагорным Карабаху перайшоў у вострую стадыю. Баявыя дзеяннi сталi настолькi буйнамаштабнымi, што больш справядлiва лiчыць iх сапраўднай вайной. Шмат ахвяр было як сярод вайскоўцаў, так i мiрнага насельнiцтва. Кафлiкт быў вырашаны пры ўдзеле мiратворчай мiсii з Расii (ну куды ж без яе), пэўныя тэрыторыi адышлi да Азербайджану, армянскаму насельнiцтву было гарантавана бяспечнае перамяшчэнне. Але неўзабаве бакi паведамiлi пра парушэнне рэжыму спынення агню... Колькi яшчэ спатрэбiцца часу i высiлкаў для таго, каб настолькi працяглы i глыбокi канфлiкт вырашыўся?

Пратэсты ў Бiшкеку: першы ж дзень скончыўся безумоўнай перамогай пратэстуючых

Пратэсты ў Бiшкеку: першы ж дзень скончыўся безумоўнай перамогай пратэстуючых

Армяне спадьваюць свае хаты, пакiдаючы Нагорны Карабах

Ужо зусiм не вайсковым, а мiрным (хоць i не без канфлiктаў) выбарчым шляхам у канцы восенi грунтоўна змянiлася палiтычная парадыгма ў дзвюх краiнах: Малдове i ЗША. Новым малдаўскiм прэзiдэнтам у процiвагу дзейснаму прарасійскаму стала праеўрапейскi палiтык Майя Санду. А Дональд Трамп прайграў выбары свайму супернiку ад дэмакратаў Джо Байдэну. Крушэнне старой сiстэмы заўжды выклiкае супрацiў: у Малдове збiраюцца мiтынгi супраць спробаў былога ўжо прэзiдэнта Дадона зменшыць паўнамоцтвы новаабранай лiдаркi; прыхiльнiкi Дональда Трампа выступаюць супраць вынiкаў выбараў, ды i сам Трамп дагэтуль не вызнае сваёй паразы. Але пакуль сiтуацыя выглядае такiм чынам, што Малдова сапраўды сыйдзе з-пад уплыва Расii, у якой накоплiваюцца ўласныя праблемы, а ў ЗША на змену часу рэспублiканцаў — такому супярэчлiваму i непрадказальнаму пры Трампе — надыходзiць эра дэмакратаў.

Майя Санду змянiла прарасiйскага Iгара Дадона на пасадзе прэзiдэнта Малдовы

Майя Санду змянiла прарасiйскага Iгара Дадона на пасадзе прэзiдэнта Малдовы

Дэмакрат Джо Байдэн стаў 46-м прэзiдэнтам ЗША

Пандэмiя: невыносная крохкасць быцця

Ну i канешне, галоўны антыгерой года — гэта каронавiрус. Узнiкнуўшы недзе ў Кiтаi, новы вiрус даволi хутка ахапiў амаль увесь свет i паказаў, што сiстэма мiжнародных i мiжасабовых стасункаў, якую мы лiчылi такой выдатнай, спрыяльнай i камфортнай, насамрэч вельмi крохкая, а жыццёвы дабрабыт можа знiкнуць у адзiн момант. Нiчога не ведаючы пра новую хваробу, акрамя вiдавочных шляхоў распаўсюда, людзi сталi закрывацца ў дамах, урады ўводзiлi абавязковы каранцін, паступова дайшло нават да закрыцця межаў i адмены мiжнароднага спалучэння. Хвароба, выклiканая каронавiрусам, у шмат якiх выпадках аказалася смяротнай — да такога не была гатовая медычная сiстэма нават развiтых краiн, не кажучы ўжо пра астатнiя. Чым больш людзi баялiся заразiцца i памерцi, тым менш некуды хадзiлi ды ездзiлi, гэта моцна ўдарыла па ўсiх бiзнесах, акрамя заснаваных на выдаленай працы. I калi на пачатку пандэмii пад пагрозай было здароўе, у разгар яе людзi гублялi ўжо працу, грошы, магчымасць аплочваць такiя важныя рэчы, як жытло, ежу ды i ўвогуле iснаванне.
Карцiна транспарцiроўкi хворых стала звыклай сёлета

Карцiна транспарцiроўкi хворых стала звыклай сёлета


Гэта год, калi ў наш лексiкон увайшлi шматлiкiя парадаксальныя выразы, кшталту «Лепшы клопат пра блiзкiх цяпер — гэта быць ад iх падалей». А таксама жарты накшталт «Вось i прыйшла эпоха iнтравертаў». Год, калi мы пераасэнсавалi важнасць аховы здароўя i навуковых даследванняў. Для мiжасабовых стасункаў пандэмiя мела вельмi сумныя наступствы: адны пакутавалi без сваiх родных, асаблiва сталага веку, якiх было небяспечна наведваць. Iншыя, вымушаныя правесцi на самаiзаляцыi з сям’ёй у разы больш часу, не вытрымлiвалi i разводзiлiся. Здаецца, усё, што мы ўспрымалi як належнае, у адзiн момант перамянiлася. I ў новы год наш свет уваходзiць усё яшчэ з каронавiрусам, хоць ужо i шмат у чым вывучаным i даследванным.

Але цi вывучаны ўсе ўрокi, цi зробiм мы належныя высновы i захады для таго, каб супрацьстаяць новым i яшчэ не вядомым нам выклiкам?

Год i сапраўды нялёгкi. I ўсё ж нават у самых страшных яго падзеях людзi праяўлялi смеласць, упартасць i крэатыўнасць. Грамадзяне выходзiлi на масавыя акцыi ў абарону сваiх правоў. Медыкi i навукоўцы гераiчна давалi рады з хваробай. Больш забяспечаныя дапамагалi ўразлiвым, узнiкла шмат незвычайных iнiцыятыў, музеi i тэатры адкрывалi свае дзверы ў анлайн-фармаце...

Малюнак "Гераiня", прысвечаны самаадданасцi медыкаў у час пандэмii

Малюнак "Гераiня", прысвечаны самаадданасцi медыкаў у час пандэмii


Каронавiрус дапамог (калi толькi можна выкарыстаць такое слова) людзям асэнсаваць хiбы i праблемы сваiх краiн i намагацца iх вырашыць. Асаблiва заўважна гэта адбылося ў адной краiне, якая цалкам можа аспрэчыць высновы пра самы жахлiвы год — бо для яе, нягледзячы на страты i выпрабаваннi, ён быў зусiм не такiм. Але пра гэта мы паразважаем у iншым артыкуле.

Варыянт актуальнай навагодняй паштоўкi, facebook.com

Варыянт актуальнай навагодняй паштоўкi, facebook.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: