Чатырыста гадоў Апакаліпсісу

Тры чалавекі былі скінутыя з вакна пражскага замка 23 мая 1618 года, 400 гадоў таму. Гэты ўчынак развязаў Трыццацігадовую вайну, якая, на думку некаторых, была для Еўропы больш разбуральнай, чым Другая сусветная.

Калі верыць гісторыкам, у траўні 1945-га пераемнік Гітлера адмірал Дзёніц, нягледзячы на катастрафічны стан на фронце, увогуле не збіраўся выкідаць белы сцяг. Яго апаненты ў кіраўніцтве Германіі пераканалі Дзёніца падпісаць Акт аб капітуляцыі ў тым ліку спасылкамі на наступствы Трыццацігадовай вайны. Калі вайна працягнецца, казалі яны адміралу, краіна апынецца ў тым жа стане, у якім была ў 1648 годзе, калі была падпісаная мірная дамова, што нарэшце падвяла фінальную рысу пад тым канфліктам.

Тое, што Дзёніц паддаўся на падобныя аргументы, — не дзіўна, калі паглядзець канчатковую статыстку Трыццацігадовай вайны. Па яе выніках кожны трэці жыхар Германіі быў забіты або памёр. У некаторых рэгіёнах захавалася толькі палова насельніцтва. Да нашага часу ў краіне знаходзяць масавыя пахаванні ахвяраў тых падзей. Напрыклад, у 2008-м у Магдэбургу знайшлі магілы 125 шведскіх салдатаў. Паколькі напярэдадні той вайны ў небе з’явілася жудасная гіганцкая камета, шмат хто з сучаснікаў успрымаў вайну як Апакаліпсіс. Яе наступствы немцы бачылі яшчэ вельмі доўга. Германія пасля 1648-га аказалася падзеленая на каталіцкія і пратэстанцкія дзяржавы, згубіла статус міжнароднага актора больш чым на 200 гадоў.

Увогуле, менавіта спрэчка на рэлігійнай глебе і стала фармальным дэтанатарам вайны. 23 мая 1618 года пратэстанцкія дваране скінулі намеснікаў імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі, якія праводзілі прымусовую каталізацыю, у роў з высокага вакна ў пражскім градзе. Дэфенестрацыя (пад такой назвай гэта падзея трапіла ў падручнікі) хутка перарасла ў глабальны канфлікт за гегемонію Свяшчэннай Рымскай Імперыі ў Еўропе. Вайна закранула ў той ці іншай ступені практычна ўсе еўрапейскія краіны.

Цяперашняя гістарыяграфія намагаецца адыходзіць ад аднабокіх ацэнак. На думку гісторыкаў, катастрофа пачатку XVII стагоддзя выклікала шмат працэсаў, у тым ліку, напэўна, пазітыўных. Дастаткова сказаць, што вайна была першым буйным канфліктам пасля таго, як еўрапейцы асвоілі друк. Натуральны інтарэс людзей да навінаў з франтоў дапамог паўстанню правобразу сучасных газет, рэдактары якіх таксама прыдумалі першую ў гісторыі сетку карэспандэнтаў і схемы дастаўкі інфармацыі.

Вестфальскі мір 1648 года, які завяршыў этап Трыццацігадовай вайны, як лічаць некаторыя гісторыкі права, сфармаваў сённяшняе міжнароднае права як права ўзаемаадносін паміж нацыямі. З тых часоў міжнароднае права ўдасканальвалася і дапаўнялася, але яго прынцыпы — нацыянальны суверэнітэт, непарушнасць межаў, раўнапраўе дзяржаў — паўсталі менавіта тады.

Нельга не згадаць пра фатальную ролю той вайны для феадальных парадкаў. Паколькі вайна вялася не атрадамі феадалаў, а прафесійнымі войскамі, спатрэбілася цэнтралізацыя дзяржаўнага апарату. Так фармаваўся абсалютызм, які абапіраўся на бюракратыю.

Сярод іншага, тагачасным бюракратам даводзілася думаць, дзе ўзяць срэбра, якім плацілі жаўнерам. У пошуках срэбра даводзілася актывізаваць знешнепалітычную і каланіяльную палітыку. Аднак гэта ў комплексе не выратоўвала сітуацыю. Манеты сталі вырабляць з меншай доляй срэбра, што прывяло да іх абясцэньвання. У выніку трэнду цалкам лагічным стала з'яўленне ў Еўропе папяровых грошай.

Наш рэгіён, дарэчы, тая вайна таксама не абышла. Па-першае, адсутнасць прадуктаў у разрабаванай Заходняй Еўропе прымушала дзяржавы — удзельніцы канфлікту больш актыўна гандляваць з перыферыяй. Такім чынам наш край станавіўся часткай адзінага глабальнага рынку. Па-другое, Расія вырашыла прыняць удзел у Трыццацігадовай вайне на баку пратэстантаў супраць каталікоў, каб адваяваць у каталіцкай Рэчы Паспалітай Смаленск. Але кампанія апынулася для расійцаў няўдалай. У 1633 годзе палякі атачылі рускую армію пад Смаленскам і прымусілі яе скласці зброю.

У цяперашняй расійскай прэ­се пішуць, што Смаленскі правал выклікаў у Маскве сапраўдную траўму. Адмоўны вопыт Расіі ў Трыццацігадовай вайне спрыяў усведамленню элітай вострай патрэбы ў сістэмных рэформах. Паўстаў кансенсус, што толькі за кошт імпарту еўрапейскай практыкі краіна можа на роўных спаборнічаць з суседнімі дзяржавамі. Пад уражаннем ганебных пара­заў 1633 года ў Расіі пачалася асцярожная вестэрнізацыя, кульмінацыя якой прыйшлася на часы Пятра Першага.

Што тычыцца заходніх гісторыкаў, то яны больш дэталёва заклікаюць вывучаць вайну 1618–1648 гадоў. Прынамсі, гісторыкі і палітолагі бачаць паралелі паміж той вайной і цяперашнім канфліктам у Сірыі. У абодвух выпадках мы назіраем, як мясцовае супрацьстаянне набывае глабальны характар. Спачатку лічылася, што паўстанне сірыйскіх сунітаў супраць дынастыі Башара аль-Асада — гэта нешта вельмі лакальнае. Цяпер гульцамі сірыйскага канфлікту з’яўляюцца Іран, Сірыя, Турцыя, Расія, ЗША, Францыя, Ізраіль, Вялікабрытанія — і, падаецца, гэта яшчэ не фінал. Застаецца толькі спадзявацца, што гэта толькі адзіная паралель паміж падзеямі ў цяперашнім свеце і жудаснай гуманітарнай катастрофай 400-гадовай даўніны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!