Чэшская рулетка: Земан супраць Драгаша

Адна з галоўных міжнародных падзеяў тыдня — другі раўнд прэзідэнцкіх выбараў у Чэхіі. У фінал трапілі цяперашні гарант Мілаш Земан і незалежны кандыдат, акадэмік Іржы Драгаш . Чаму надаюць такую ўвагу дуэлі Земан — Драгаш у інтэрв’ю «Новаму часу» тлумачыць беларускі палітэмігрант у Чэхіі Юрый Стэфанішын.


— Ажыятаж вакол выбараў прэзідэнта Чэхіі 26-27 студзеня вельмі дзіўны, калі ўгадаць, што Чэхія — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Якая розніца, хто ў выніку будзе гаспадаром Пражскага града, рэзідэнцыі чэшскіх прэзідэнтаў?

— На самай справе паўнамоцтвы чэшскага прэзідэнта апошнім часам былі пашыраныя. Аднак у нашым выпадку галоўная стаўка выбараў — прэстыж краіны. Шматлікім чэхам не падабаецца, што іх краіну ў свеце прадстаўляе чалавек, які нападпітку, удзельнічае у афіцыйных мерапрыемствах, прапаноўвае Украіне прадаць Крым, крытыкуе іслам як рэлігію і гэтак далей.  Людзі задаюць пытанне: ці не пагражае Чэхіі лёс Расіі пры познім Ельцыне, які дазваляў сабе падобныя фокусы?

— Хіба такі вобраз не блізкі да архетыпу чэшскага абывацеля? Можна, напрыклад, узгадаць славутага Швейка…

— Твор Гашака — гэта сатыра. Хаця сапраўды, супрацьстаянне Земана і Драгаша — гэта таксама барацьба двух чэшскіх светапоглядаў. Пра тое добра сведчыць электаральная геаграфія. У Празе Земана падтрымала толькі 10 працэнтаў выбаршчыкаў. Яго электаральная база — родная Маравія плюс дэпрэсіўная Поўнач, куды пасля дэпартацыі судэцкіх немцаў масава сялілі маргіналаў. Такая каланізацыя стварыла і адпаведную палітычную культуру. Натуральна, мясцовым блізкая фігура «алкаголіка» Земана. У сваю чаргу сярод аматараў Драгаша папулярная постаць Вацлава Гавэла: выхадца з сярэдняга класу, адказнага палітыка з еўрапейскімі поглядамі.

— Земан, па сутнасці, ідзе на выбары у негалоснай кааліцыі з прэм’ерам-папулістам, алігархам Андрэем Бабічам, чыя партыя перамагла на парламенцкіх выбарах. Ці не гарантуе падобны блок цяперашняму прэзідэнту пераабранне?

— Для Бабіча важная падтрымка Земана. Менавіта дзякуючы Земану яго партыя, не маючы большасці у парламенце, можа кіраваць краінай. Заставацца пры ўладзе для Бабіча вельмі важна, паколькі апазіцыя патрабуе судзіць яго за карупцыю. Цяжка сказаць, наколькі фактар Бабіча дапаможа Земану. Хіба што за кандыдатуру цяперашняга прэзідэнта будуць галасаваць усе чыноўнікі. У Чэхіі пасада чыноўніка — гэта сінекура, таму прадстаўнікі гэтай групы грамадства не зацікаўленыя ў пераменах, якія непазбежныя ў выпадку правалу Земана. Прагназуюць, што перамога Іржы Драгаша, хутчэй за ўсё, справакуе роспуск цяперашняга парламента і новыя выбары.

— Паводле розных індыкатараў эканоміка Чэхіі выглядае як ніколі добра. Беспрацоўе на рэкордна нізкім узроўні (3,8 працэнта). Сярэдні заробак перайшоў планку ў 1300 еўра. Ці ёсць сэнс чэхам «расхістваць лодку»?

— Расповяды пра эканамічна квітнеючую Чэхію трошкі перабольшаныя. Звычайна больш за тысячу еўра сярэдняму чэху зарабіць вельмі цяжка. Акрамя таго, апошнім часам ідзе фіскальны наступ на малы бізнес. Чэхія на вачах губляе свой імідж краіны, дзе кожны мог практычна з нуля пачаць сваю справу. Перспектыва таго, што ўрад  будзе кантраляваць алігарх, які, натуральна, зацікаўлены ў пашырэнні сваёй бізнес-імперыі, пужае прадпрымальнікаў.

— Ці прысутнічае ў выбарчых баталіях тэма постсавецкіх краінаў?

— Практычна не. Нават пытанне ўкраінскай працоўнай міграцыі нікога не  турбуе. Хіба што час ад часу ўсплывае тэма расійскага ўплыву на выбары. Некаторыя аналітыкі лічаць, што расійцы актыўна набываюць і падкупляюць медыя, каб на іх старонках рэкламаваць Земана.

— Хаця Драгаш і выглядае больш ліберальна, яго цяжка назваць стопрацэнтным праеўрапейскім палітыкам. Ён асцярожна, аднак крытыкаваў міграцыйную палітыку ЕС, выказваў сімпатыі на адрас каталонскіх сепаратыстаў. Ці няма пагрозы, што ў выпадку перамогі Драгаш трансфармуецца ў больш папулісцкага палітыка?

— Магчыма, нешта падобнае Драгаш і казаў, аднак гэта нешта ўскоснае і перыферыйнае. Яго асноўная пазіцыя — паслядоўная інтэграцыя Чэхіі з Еўропай. Пра антыпапулізм незалежнага кандыдата сведчыць і нежаданне ствараць пад сябе асабістую палітычную партыю. Хутчэй, Іржы Драгаш арыентуецца на тое, каб стаць другім Гавэлам.

— Як будзе галасаваць беларуская грамада ў Чэхіі?

— Пра агульную думку беларускіх чэхаў казаць цяжка. Шмат хто з іх, будучы палітычнымі ўцекачамі, не мае права галасаваць. Аднак увогуле абсалютная большасць выказваецца ў падтрымку Драгаша. Супраць Земана вельмі жорстка выступае Партыя Піратаў, дзе актыўна працуе беларускі імігрант Андрэй Рамашэўскі. Аднак, натуральна, усё будуць вырашаць самі чэхі. І, на жаль, дасюль няма дакладнага адказу на пытанне, ці прыйдзе электарат Драгаша на выбары. Так ці інакш, пакуль расклад — 50 на 50.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВСК "Ваўкалак"
  • 2018-01-26 10:54:55
Земан - это проект Путина. Агент Кремля

Больш цікавага на «Новым Часе»: