Чым скончыцца «водны бунт» у Іране?

Антыўрадавыя пратэсты і беспарадкі ў Іране — дастаткова частая з’ява. Аднак цяперашні бунт не падобны да папярэдніх. Па-першае, патрабаванні пратэстоўцаў — вельмі апалітычныя. Людзі патрабуюць не сістэмных палітычных рэформ, а рашэння самых прымітыўных побытавых праблем — даць ваду і святло.

Так здарылася, што з прычыны моцнай засухі і змены клімату гэты год выдаўся ў Іране самым засушлівым за апошнія 50 гадоў. Траціна з 304 гарадоў у Іране адчувае востры недахоп пітной вады. Аб’ём вады на плацінах Ірана таксама знізіўся амаль на 28%. Гэта выклікала дэфіцыт электраэнергіі. Ад пачатку лета ў Іране электраэнергія падаецца з перапынкамі, па некалькі гадзін на дзень. Да таго ж, варта згадаць, што краіна і так перажывае беспрэцэдэнтны эканамічны крызіс, які пагоршыўся праз пандэмію каронавіруса.

Па-другое, цэнтр паўстання знаходзіцца не ў традыцыйна вельмі палітызаванай метраполіі, а на перыферыі. Хваляваннямі ахоплена паўднёва-заходняя правінцыя Хузістан, жыхары якой асабліва ў палітыку не лезлі праз адносную заможнасць. Хузістан — цэнтр развітой сельскай гаспадаркі і нафтавай індустрыі. Крытыка на адрас Тэгерана не выходзіла, як правіла, за межы характэрных для амаль усіх правінцыялаў «наездаў» на цэнтр, які, маўляў, смокча з перыферыі ўсе сокі.

Напэўна, таму рэакцыя ўлад на «вадзяны бунт» адносна мяккая. Замест таго, каб у звыклым для сябе стылі стыгматызаваць маніфестантаў як «пятую калону ЗША» ці «агентаў Ізраіля», улады выкарыстоўваюць не занадта агрэсіўныя маўленчыя абароты.

Напрыклад, прэзідэнт Ірана Хасан Рухані ў сваёй заяве падкрэсліў неабходнасць паважаць права людзей пратэставаць супраць суровых умоў жыцця, выкліканых «скразнякамі і моцнай спякотай». Гарант таксама запэўніў «добрых, цярплівых і жыццярадасных жыхароў правінцыі» ў тым, што яго ўрад чуе іх голас — і робіць усё магчымае, каб у самыя хуткія тэрміны вырашыць праблему недахопу вады.

Між тым, нягледзячы на ўсе спробы супакоіць Хузістан, з 15 ліпеня напружанне ў правінцыі расло, як гаворыцца, па экспаненце. Многія СМІ пісалі, што сілы бяспекі вялі агонь па пратэстоўцах. Падчас сутыкненняў загінулі дзевяць чалавек, многія маніфестанты былі параненыя. Вядома і пра сур’ёзныя раненні паліцэйскіх.

Відавочна, што падача інфармацыі ў незалежных і афіцыйных медыя істотна адрозніваецца. Ва ўрадавых СМІ Ірана паведамляюць як мінімум пра трох загінулых цывільных жыхароў і аднаго паліцэйскага. Але пры гэтым афіцыёз акцэнтуе ўвагу, што ў гібелі грамадзян вінаватыя тэрарысты, а не паліцыя, якая, як сцвярджаецца, наадварот, вельмі памяркоўна ставілася да дэманстрантаў.

Прапануецца і свая версія прычын смерці цывільных асоб. Згодна са справаздачай паліцыі, у горадзе Шадэган 30-гадовы мужчына загінуў праз тое, што нейкія кепскія людзі схаваліся ў натоўпе і адкрылі агонь па сілах бяспекі. У выніку сілавікам давялося таксама ўжыць зброю. Пры гэтым куля выпадкова трапіла ў згаданага небараку. «Стральбу адкрылі правакатары, яны затрыманыя і будуць прыцягнутыя да адказнасці», — паведамляе іранская паліцыя.

У прыватнасці, сярод вінаватых у гібелі людзей называюць «Арабскі рух барацьбы за вызваленне Ахваза». Гэтая сепаратысцкая групоўка шмат гадоў выступае за аддзяленне Хузістана ад Ірана на падставе таго, што ў правінцыі пражывае досыць вялікая група этнічных арабаў. Менавіта Хузістан стаў адной з прычын васьмігадовай вайны паміж Іранам і Іракам у 1980-я гады.

Сінхронна з прамыўкай мазгоў у Хузістан высунуўся «Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі» — самая эфектыўная і адданая рэжыму структура ў краіне. У правінцыю ўжо прыбылі дзве першыя аўтакалоны вадавозаў, адпраўленых «Корпусам» з іншых раёнаў. Чакаецца, што дапамогу жыхарам акажуць і рэгіянальныя штабы па забеспячэнні маламаёмасных.

Зрэшты, мала хто ў Іране разлічвае на здольнасць дзеючай адміністрацыі Хасана Рухані выправіць сітуацыю, паколькі яму засталося займаць пасаду прэзідэнта нядоўга. 5 жніўня адбудзецца інаўгурацыя новага прэзідэнта краіны Ібрахіма Раісі.

Напэўна, самае непрыемнае для ўлад — тое, што дэфіцыт вады простыя іранцы часта звязваюць з наступствамі знешнеэканамічных санкцый. Ірану не хапае рэсурсаў для наладжвання інфраструктуры пастаўкі вады ў той жа Хузістан праз рэжым эмбарга.

Такі стан рэчаў лагічна падштурхоўвае Тэгеран быць больш падатлівым на перамовах у рамках так званай «Ядзернай здзелкі» — паслаблення санкцыйнага ціску ў абмен на адмову ад ядзернай праграмы. Але саступкі Захаду ў народзе могуць расцаніць як дэманстрацыю слабасці рэжыму, не кажучы ўжо пра тое, што гэта ўдарыць па прэстыжы Ібрахіма Раісі, які мае імідж архікансерватара.

Таму можна пагадзіцца з тымі экспертамі, якія кажуць, што Тэгеран трапіў у вельмі няпростую сітуацыю. Асабліва калі прыгадаць эвалюцыю лозунгаў папярэдніх буйных пратэстаў у 2019–2020 гадах. Усё пачыналася з-за незадаволенасці павышэннем цэн на бензін, а скончылася патрабаваннямі змены палітычнага рэжыму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: