Да якой партыі належыць Санта-Клаус?

Магчыма, гучыць смешна, аднак за акіянам даўно вядзецца спрэчка наконт партыйнай прыналежнасці Санта-Клауса.
Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама прыйшоў у дзіцячую лякарню ў джынсах і шапцы Санта-Клауса, каб павіншаваць дзяцей з Калядамі

Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама прыйшоў у дзіцячую лякарню ў джынсах і шапцы Санта-Клауса, каб павіншаваць дзяцей з Калядамі

Як вядома, Санта жыве на Паўночным полюсе ў сваёй рэзідэнцыі, дзе, акрамя яго, мноства эльфаў, якія дапамагаюць збіраць падарункі для дзяцей. Тут жа на працягу года Санта робіць запісы ў кнізе, дзе фіксуюцца ўчынкі дзяцей з усяго свету. Ён занатоўвае, хто з іх быў паслухмяным, а хто сваволіў. Напярэдадні Калядаў чараўнік садзіцца ў сані, запрэжаныя аленямі, і ляціць па небе ў розныя краіны. Калі Санта дасягае пункту прызначэння, ён спускаецца ў кожны дом праз комін і пакідае сюрпрызы пад ёлкай.

Так у двух словах выглядае расповед пра Санта-Клауса. Хаця тут няма ніводнага слова пра палітыку, сярод амерыканцаў хапае тых, хто лічыць, што паводзіны Санты ўласцівыя паводзінам партыйнага актывіста. Хаця пра тое, якой партыі сімпатызуе чароўны герой, канчатковай думкі няма.

Дэмакраты лічаць, што Санта-Клаус — адназначна іх. Аргументы наступныя: «Санта, безумоўна, дэмакрат, паколькі, замест таго, каб прадаваць падарункі або раздаваць іх выключна дзецям эліты, ён, наадварот, узнагароджвае ўсіх. І, натуральна, ён, як кожны чалавек левых поглядаў, супраць зменаў клімату. Урэшце, Рудольф (адзін з аленяў Санты) можа лётаць, але ён не ўмее плаваць».

Трэба дадаць, што не ўсе левыя актывісты — аматары тэзісу, што Санта-Клаус іх аднадумца. Так, з ініцыятывы папулярнага амерыканскага часопіса «Jacobin» у апошнія гады стала модным аналізаваць прыроду класавых адносін паміж эльфамі, Санта-Клаусам і яго каляднымі аленямі. Паводле гэтага аналізу Санта з’яўляецца эксплуататарам эльфійскай працы і жывёльнага свету. Выснова такіх разважанняў зразумелая — Санту трэба зрынуць, а раздачу падарункаў перадаць кааператыву эльфаў і аленяў.

Кансерватары з Рэспубліканскай партыі ў любым выпадку не згодныя з тым, што Санта належыць да лагеру іх апанентаў. На іх думку, Санта-Клаусу характэрныя правыя погляды. Напрыклад, ён носіць чырвонае футра (чырвоны — партыйны колер рэспубліканцаў). Не менш цікавыя і іншыя аргументы. Чаму, напрыклад, Санта абраў у якасці месца рэзідэнцыі далёкую Поўнач? Адказ — паколькі ніводны ўрад не кантралюе гэты рэгіён. Як вынік, дзядуля не павінен плаціць падаткі са сваёй эканамічнай дзейнасці.

Акрамя таго, Санта любіць печыва, якое часта дарыць у якасці падарункаў. Гэта, маўляў, дакладна сведчыць пра тое, што ён не ўхваляе экс-прэзідэнта ад дэмакратаў Барака Абаму. Яго жонка Мішэль у свой час запусціла рэзанансную кампанію супраць дзіцячага атлусцення.

Рэспубліканцы таксама заклікаюць не забываць пра тое, як Санта наладзіў працоўны працэс на сваім прадпрыемстве. Гледзячы па ўсім, эльфы не маюць прафсаюзу. Гэта характарызуе Санту як прадпрымальніка праваліберальных поглядаў. Плюс — Санта прыносіць падарункі дзецям, які паводзяць сябе згодна з правілалі хрысціянскай этыкі. Нарэшце, ён супрацоўнічае з «Coca Cola» — эталонам капіталістычнай карпарацыі.

Нягледзячы на камічнасць гэтых спрэчак і доказаў, за акіянам ставяцца да іх сур’ёзна. Магчыма таму, што прэзідэнцкія кампаніі стартуюць узімку. Напярэдадні праймерыз кандыдату вельмі важна выглядаць трошкі падобным да чараўніка, накшталт Санты.

Так ці інакш, цяпер 28 працэнтаў амерыканцаў бачаць у Санце дэмакрата, а 22 працэнты — рэспубліканца. Зрэшты, апошнім часам, як сведчаць сацыёлагі, усе больш амерыканцаў (сёння каля 50 працэнтаў) не маюць канкрэтнай думкі наконт партыйнай прыналежнасці Санта-Клауса. Праўда, магчыма, гэта сведчыць не пра апалітычнасць казачнага дзядулі, а, хутчэй, пра тое, што расце недавер простых амерыканцаў да традыцыйных партый.

Між тым, дыскусія вакол партыйнай прыналежнасці Санта-Клауса паступова перакінулася на наш кантынент. Аднак сярод еўрапейцаў яна пакуль не такая вострая: большасць, падаецца, бачыць у Санта-Клаусе сябра левай або экалагічнай партый. У Вялікабрытаніі да такой пазіцыі схіляюцца каля 27 працэнтаў апытаных. Толькі 17 працэнтаў рэспандэнтаў адносяць яго да аматара кансерватыўных ідэяў. Хаця барацьба за ідэнтычнасць Санты ў Еўропе працягваецца. У прыватнасці, пару гадоў таму аўстрыйскія правыя папулісты з мясцовай «Партыі Свабоды» пачалі агітаваць за тое, што святы Мікалай (ён жа Санта-Клаус) увасабляе еўрапейскасць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!