«Даказаў, што адплата немінучая»

Сто гадоў таму ў Берліне Сагамон Тэйліран застрэліў арганізатара генацыду армян.

Калі пачынаеш чытаць біяграфію Сагамона Тэйлірана, на першых старонках ніяк не падумаеш, што ён з часам абярэ прафесію забойцы-тэрарыста. Сагамон нарадзіўся 2 красавіка 1896 года на ўсходзе Турцыі, атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовай пратэстанцкай школе, а затым адправіўся ў Канстанцінопаль, дзе працягнуў навучанне ў ліцэі.

Яго жыццё радыкальна змяніла кампанія турак супраць армянскага грамадзянскага насельніцтва, ахвярай якой аказалася сям’я Тэйлірана. Сагамон стаў сведкам згвалтавання дзвюх сясцёр і забойства маці ды брата. Выжыць яму ўдалося выпадкова: турэцкія салдаты чамусьці не дабілі яго, а пакінулі юнака паміраць на кучы параненых і мёртвых цел. У выніку Тэйліран вырашыў жыць — у імя сваёй помсты. Неўзабаве ён адправіўся ў Канстанцінопаль, дзе наладзіў кантакты з армянскай рэвалюцыйнай партыяй «Дашнакцуцюн».

Менавіта «Дашнакцуцюн» распрацаваў карную аперацыю пад назвай «Немезіс» — старанна прапрацаваны план помсты ўсім, хто вінаваты ў генацыдзе армянскага народа. Першапачаткова спіс патэнцыйных ворагаў утрымліваў больш за 600 імёнаў, але, улічваючы абмежаваныя магчымасці, іх колькасць скарацілі да 41. У спіс увайшлі самыя ненавісныя асобы, найбольш блізкія да кіраўніцтва Асманскай імперыі.
У спісе фігураваў і вялікі візір Мехмет Талаат-паша — міністр унутраных спраў Асманскай імперыі, дзяржаўны дзеяч, які лічыцца галоўным арганізатарам і куратарам генацыду і дэпартацыі армян. Менавіта Талаат-паша ў шыфраванай тэлеграме ад 15 красавіка 1915 года даў адмашку на масавыя забойствы армян. Ён таксама лічыцца суаўтарам дырэктывы, у якой выкладаліся канкрэтныя меры па «канчатковай ліквідацыі» армянскага народа.
Дарэчы, у сваіх мемуарах (апублікаваных у 1946 годзе) Талаат-паша прызнаваў факт гвалтоўнай дэпартацыі і знішчэння армян, але матываваў гэта выключна абаронай «нацыянальных інтарэсаў» туркаў і імкненнем перашкодзіць «стварэнню армянскай дзяржавы ў памежных з Расіяй рэгіёнах».
Таксама варта ўзгадаць, што ў 1919 годзе ў Канстанцінопалі пад ціскам краін Антанты, якія дыктавалі туркам умовы пасля Першай сусветнай вайны, Талаат-паша і іншыя каты армян былі завочна асуджаныя да смяротнага пакарання. Праўда, гэта быў хутчэй сімвалічны жэст. Усім асуджаным дазволілі сакрэтна збегчы з краіны. Так зрабіў і Талаат-паша, які пераехаў у Германію, дзе жыў пад іншым прозвішчам.
У Германіі, а менавіта ў Берліне, яго і знайшоў Сагамон Тэйліран, якому даручылі акт адплаты. 15 сакавіка Сагамон высачыў ахвяру на вуліцы. Ён паклікаў Талаат-пашу і прылюдна застрэліў яго са свайго пісталета. Пасля гэтага малады армянін без лішняга шуму здаўся паліцыі, пакорліва прымаючы свой далейшы лёс.
Суд над забойцам стаў гучнай падзеяй. Адвакаты абралі цікавую тактыку: яны дамагліся, каб аб’ектам разгляду суда стала не толькі забойства, але і папярэднія дзеянні самога Талаат-пашы як арганізатара зверскіх масавых забойстваў мірнага насельніцтва.
У выніку на суд выклікалі шмат сведак, якія распавядалі падрабязнасці катаванняў і жорсткасці младатуркаў. Многае з расказанага шакавала грамадскасць, якая стала на бок абвінавачанага. У выніку ў чэрвені 1921 года германскі суд апраўдаў Сагамона Тэйлірана, спаслаўшыся на тое, што злачынства было здзейсненае пад уплывам глыбокай эмацыянальнай траўмы.
Сагамон Тэйліран потым пражыў амаль трыццаць гадоў у Сербіі, потым у ЗША, дзе і памёр у 1960 годзе. Яго ўчынак у Арменіі заўжды разглядалі як подзвіг. «Ён даказаў, што адплата немінучая — і справядлівы суд нагоніць забойцаў у любым месцы і ў любы час. З тых часоў ніхто з асманскіх забойцаў, нават калі і памёр сваёй смерцю, не ведаў спакою ані хвіліны», — піша армянская прэса з нагоды юбілею.
Ёсць і дыяметральна супрацьлеглыя думкі, паводле якіх Тэйліран быў банальным злачынцам. Напрыклад, такую пазіцыю адстойвае шэраг гісторыкаў Азербайджана. Некаторыя лідары гэтай краіны ў свой час таксама сталі ахвярамі «Дашнакцуцюн». Крытыкі Тэйлірана спрабуюць выявіць яго ментальна хворым чалавекам, хлусам і нават баязліўцам. Напрыклад, у віну армяніну ставяць тое, што ён страляў са спіны, пабаяўшыся паглядзець ахвяры ў вочы.
Напэўна, кампраміснай будзе фармулёўка аднаго французскага гісторыка. Ён лічыць апісаныя вышэй падзеі «рэдкім выпадкам, калі злачынным шляхам спрабавалі аднавіць справядлівасць і адпомсціць за знішчэнне народа».
Напрыканцы застаецца нагадаць яшчэ адну іронію гісторыі. У 1943 годзе парэшткі Талаат-пашы былі перавезеныя з Берліна ў Стамбул і пахаваныя на мемарыяльных могілках пад назвай Манумент Свабоды. Аказваецца, да таго, як пачаць пераследаваць армян, у 1909-м нябожчык удзельнічаў у падаўленні выступлення кансерватараў-путчыстаў, што спрабавалі спыніць працу асманскага парламента. Менавіта ў гонар жаўнераў, якія абаранялі парламент, і быў пабудаваны помнік. Больш за тое, комплекс, у якім пахаваны далёкі ад дэмакратычных каштоўнасцtq Талаат-паша, лічыцца сімвалам турэцкай дэмакратыі і адданасці краіны свецкім прынцыпам.
Дарэчы, да ўсёй гэтай гісторыі аказалася датычная і Беларусь. Менавіта ў Беларусі, а дакладней, пад Ваўкавыскам, у 1900 годзе нарадзіўся будучы вядомы польскі адвакат Рафаэль Лемкін. Ён уважліва назіраў за дэталямі працэсу над Сагамонам Тэйліранам. Гэты працэс натхніў Лемкіна сфармуляваць азначэнне паняцця «генацыд» і прапанаваць сусветнай грамадскасці прыняць адпаведную міжнародную канвенцыю супраць злачынстваў такога кшталту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: