Далёкаўсходняя настальгія

Мітынгі ў Хабараўску, дзе людзі пратэстуюць супраць арышту губернатара, аднавілі цікавасць да спадчыны Далёкаўсходняй Рэспублікі (ДВР), і нават да перспектывы яе адраджэння.

Сцяг Далёкаўсходняй Рэспублікі на мітынгу камуністаў. Хабараўск, 2013 год. Фота: gorod.tomsk.ru

Вяртанне ў актуальны палітычны дыскурс тэмы ДВР, безумоўна, успрымаецца як рэнесанс ідэй далёкаўсходняга сепаратызму. Аднак тут ёсць важны нюанс. Напаўлегендарнае дзяржаўнае фарміраванне ДВР (1920–1922 гады) было народжанае Масквой для сваіх тактычных манеўраў, і той жа Масквой затым ліквідаванае. ДВР спатрэбілася бальшавікам выключна як буфер для прадухілення прамога ваеннага канфлікту з Японіяй і вываду замежных войскаў з тэрыторыі Далёкаўсходняга краю. Гэта значыць, ідэя незалежнасці ці шырокай аўтаноміі рэгіёну менш за ўсё рухала аўтарамі праекту ДВР, які сёння ўспрымаецца выключна як сепаратысцкі.

Як міф пра тое, што ДВР была ледзь не асобнай дзяржавай, прапісаўся ў калектыўнай свядомасці жыхароў Далёкага Усходу? Збольшага, гэтаму, безумоўна, спрыяў савецкі маскульт. У папулярным фільме «Сэрца Бонівура» або кнізе Юліяна Сямёнава «Пароль не патрэбны» пра прыгоды маладога Штырліца, Далёкі Усход на мяжы 1920-х гадоў выглядае вельмі не падобным на іншую — як бальшавіцкую, так і «белую» — Расію. Асабліва ў кантэксце таго, што тут існуе вольны друк і праходзяць шматпартыйныя выбары.

У тым ліку на гэтай глебе паўстаў феномен, калі многія жыхары Прымор’я і Хабараўскага краю, што адчуваюць сябе пакрыўджанымі цэнтрам, успамінаюць пра буферную рэспубліку пачатку 1920-х гадоў.

Як вынік, клуб аматараў рэстаўрацыі ДВР вельмі прадстаўнічы і стракаты. Сюды, напрыклад, у нулявыя гады ўваходзілі праціўнікі павышэння мытных збораў на імпартныя (як правіла, японскія) машыны. Паколькі ў перапродаж патрыманых аўтамабіляў была ўцягнутая значная частка насельніцтва, мноства людзей тады выйшлі на вуліцы. Жорсткі разгон АМАПам адной з акцый пратэстаў у 2010-м стварыў цэнтру вельмі дрэннае паблісіці. У нейкі момант, паводле апытанняў, большасць рэзідэнтаў абласцей Далёкага Усходу выступалі за аддзяленне ад Расіі, і нават (калі верыць прэсе) за аб’яднанне з Японіяй!

Настальгія па ДВР характэрная і для ўсіх мясцовых апазіцыйных груповак — ад лібералаў да камуністаў, і нават расійскіх нацыяналістаў. Так, на базе хабараўскай антыпуцінскай групоўкі «Далёкаўсходняя альтэрнатыва» быў распрацаваны «Маніфест далёкаўсходніка», у якім прапаноўвалася арганізаваць рэферэндумы для ўзбуйнення суб’ектаў федэрацыі шляхам стварэння Далёкаўсходняй Рэспублікі (ДВР) у складзе Расіі.

А вось украінскія СМІ, якія манітораць апазіцыйныя плыні ў Расіі, у якасці важнага чынніка сепаратызму на Далёкім Усходзе разглядаюць мясцовы крымінал. Калі ім верыць, мясцовыя «браткі», што сядзяць на кантрабандзе з Кітая, гатовыя для абароны бізнесу нават фінансаваць палітычны рух за аўтаномію. Дарэчы, наяўнасць на Далёкім Усходзе вялікай этнічнай групоўкі ўкраінцаў — так званы «Зялёны клін», — часам дае падставы кіеўскім палітыкам марыць пра жоўта-блакітны сцяг над Уладзівастокам.

Наступная асобная катэгорыя аматараў ДВР — рэгіянальныя чыноўнікі, якія патрабуюць ад Крамля большай ступені эканамічнай аўтаноміі ад цэнтра для прыходу замежнага інвестара з Кітая ці Японіі. Іх канцэпт у тым, каб Далёкі Усход стаў своеасаблівай «буфернай зонай» паміж цэнтральнай Расіяй і азіяцка-ціхаакіянскімі цывілізацыямі. Адзін з мясцовых кіраўнікоў, Аляксандр Галушка, у 2014 годзе адкрытым тэкстам заклікаў да аднаўлення ў якасці «эканамічнага тамбура» Далёкаўсходняй Рэспублікі. «Памятаеце, у 20-я гады мінулага стагоддзя тут была Далёкаўсходняя Рэспубліка... Што перашкодзіць Расіі стварыць гэты буфер тут зноў?» — пытаўся чыноўнік.

Найбольш незвычайнымі фанатамі ДВР з’яўляліся так званыя «Прыморскія партызаны» — групоўка, якая, абвясціўшы сябе барацьбітамі з карупцыяй, пачала ўлетку 2010-га вяршыць справядлівасць па сваіх паняццях ажно да забойства міліцыянтаў і сапраўднай лясной партызанкі. Палітычная падаплёка дзеянняў злачынцаў была вельмі каламутнай. Усю віну за «тэрор на нашай зямлі» пракламацыі лясных браткоў ускладалі на «сусветнае закуліссе», якое, нібыта, дзейнічае рукамі міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў. Так ці інакш, у маніфесце прысутнічаў пункт аб неабходнасці адрадзіць ДВР.

Характэрна, што на мясцовых інтэрнэт-форумах чальцоў банды ўзвялі ў ранг пакутнікаў, што вельмі непакоіла ўлады. Велізарную колькасць лайкаў збіралі гісторыі пра тое як «народныя мсціўцы» перад тым, як падацца ў падполле, моцна пацярпелі ад рук міліцыі.

Як бачым, гарызонт прыхільнікаў адраджэння ДВР настолькі бязмежны, што цяжка казаць нават пра нейкія агульныя контуры праекту. Да таго ж Масква наўрад ці захоча добраахвотна развітацца з такой велізарнай, багатай і перспектыўнай тэрыторыяй. Так што праекту ДВР-2 пакуль наканавана застаецца фантомам. З іншага боку, можна смела спрачацца, ці хопіць у цэнтральнай улады сіл утрымаць рэгіён у цяперашнім выглядзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: