Дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе ўступіла ў сілу

На працягу гэтага года старшынстваваць у новым саюзе будзе Беларусь. 



Дамова аб стварэнні ЕАЭС была падпісаная 29 мая 2014 года ў Астане прэзідэнтамі Беларусі, Казахстана і Расіі. 10 кастрычніка ў Мінску дамову аб далучэнні да ЕАЭС падпісала Арменія, а 23 снежня ў Маскве — Кыргызстан. 
 
 
Тэкст дагавора складаецца з 28 раздзелаў, 118 артыкулаў і 32 дадаткаў — усяго прыкладна 700 старонак. 
 
 
У аснову дакумента пакладзена дагаворна-прававая база Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, дзейныя нормы якіх былі аптымізаваныя і прыведзеныя ў адпаведнасць з правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. 
 
 
Дамова аб ЕАЭС складаецца з двух частак. У першай — інстытуцыйнай — выкладзеныя стратэгічныя мэты і задачы еўразійскай інтэграцыі, вызначаецца прававы статус саюза як поўнафарматнай міжнароднай арганізацыі. Сфармуляваныя асноўныя прынцыпы яго дзейнасці — супрацоўніцтва на ўзаемавыгаднай аснове для збліжэння эканомік краін-удзельніц , іх гарманічнага развіцця і ўмацавання канкурэнтаздольнасці. 
 
 
Вызначана сістэма органаў саюза: Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (узровень кіраўнікоў дзяржаў), Еўразійскі міжурадавы савет (узровень кіраўнікоў урадаў), Еўразійская эканамічная камісія і Суд ЕАЭС. Абгаворваецца кампетэнцыя, парадак фарміравання і працы кожнага са згаданых органаў. 
 
 
Другая частка дагавора — функцыянальная. Тут рэгламентуюцца механізмы эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама зафіксаваныя пэўныя абавязацельствы па галіновых кірунках інтэграцыі. Сярод іх — адзіная палітыка ў галіне тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, транспарту і прамысловасці, каардынацыя сельскагаспадарчай палітыкі (у тым ліку ўніфікацыя патрабаванняў, звязаных з развіццём экспарту прадуктаў аграпрама). 
 
 
Зафіксаваныя асноўныя прынцыпы і правілы канкурэнтнай і антыманапольнай палітыкі. Вызначаюцца захады па стварэнні агульнага фінансавага рынку і біржавой прасторы, забеспячэнні гарантаванай і эфектыўнай абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў фінансавых паслуг. 
 
 
Асобным блокам замацаваныя палажэнні аб паэтапнай інтэграцыі энергетычных рынкаў і каардынацыі дзейнасці ў галіне электраэнергетыкі, газу, нафты і нафтапрадуктаў. 
 
 
На саміце кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС у Маскве 23 снежня 2014 года быў падпісаны пакет дакументаў, скіраваны на развіццё інтэграцыйных сувязяў і ўдасканаленне дзейнасці органаў новага саюза. 
 
 
Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, гэтыя дакументы вызначаюць пералік паслуг, па якіх 1 студзеня 2015 года пачне дзейнічаць адзіны рынак у межах ЕАЭС. У іх ліку — паслугі рознічнага і аптовага гандлю, гасцінічныя, рэстаранныя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя і некаторыя іншыя. 
 
 
Двума іншымі прынятымі дакументамі вызначаецца, што адзіны фармацэўтычны рынак і рынак медыцынскіх вырабаў у ЕАЭС пачне працаваць 1 студзеня 2016 года. У 2019 годзе павінен пачаць працаваць агульны рынак электраэнергіі, у 2025-м — адзіны рынак нафты і газу, а таксама агульны фінансавы рынак. 
 
 
"Пачатак функцыянавання Еўразійскага саюза азначае пераход на больш прагрэсіўны этап інтэграцыі, — заявіў 23 снежня на прэс-канферэнцыі па выніках саміту ў Маскве прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. — Перакананы, гэта надасць дадатковы імпульс развіццю эканомік нашых дзяржаў. Саюз стане магутным цэнтрам росту ўсяго рэгіёну: павялічацца гандлёвыя і інвестыцыйныя патокі, будуць умацоўвацца дзелавыя сувязі і павысіцца дабрабыт нашых грамадзян". 
 
 
Тым часам прадстаўнікі беларускай апазіцыі расцэньваюць удзел Беларусі ў ЕАЭС як пагрозу незалежнасці і перашкоду на шляху дэмакратызацыі краіны. 
 
 
Некаторыя аналітыкі таксама мяркуюць, што ЕАЭС можа паўтарыць лёс Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якая фактычна не функцыянуе, але пры гэтым мае вялікі бюракратычны апарат. Падставай для такіх меркаванняў стаў чарговы харчовы канфлікт, звязаны з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расію, які разгарэўся ў канцы 2014 года. Аляксандр Лукашэнка публічна абвінаваціў Расію ў тым, што яна "павяла сябе непрыстойна", а беларускі Савет бяспекі ацаніў дзеянні Масквы як падрыў харчовай бяспекі. 
 
 
Зрэшты, на прэс-канферэнцыі ў Маскве 23 снежня Лукашэнка заявіў, што абмежаванне Расіяй транзіту тавараў з Беларусі было ўведзенае без узгаднення з Уладзімірам Пуціным і без ведама Еўразійскай эканамічнай камісіі. 
 
 
Лукашэнка таксама крытычна выказаўся адносна бягучага стану еўразійскай інтэграцыі. "Плюсы нашага саюза відавочныя — на іх я спыняцца не буду. Што датычыць нявырашаных пытанняў, то свабоднага руху тавараў у нас у поўным аб`ёме пакуль як не было, так і няма, і ўтойваць гэта нам няма чаго", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
 
 
Паводле БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: