Данбас без украінскай мовы?

Кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) вырашыла пазбавіць украінскую мову статусу афіцыйнай. Пра моўную палітыку ў рэгіёне і ва Украіне, сітуацыю на Данбасе «Новаму Часу» распавядае данецкі прафсаюзны актывіст Іван Сурмін.

Фота www.rubaltic.ru

— Кіраўнік ДНР Дзяніс Пушылін 2 снежня прапанаваў змяніць артыкул 10 Канстытуцыі ДНР ад 2014 года, згодна з якім у рэспубліцы дзве дзяржаўныя мовы — руская і ўкраінская. Пушылін лічыць, што руская павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай у ДНР. Ці мелі гэтыя ідэі практычны вынік?

— Пакуль усё на ўзроўні заяваў. Ніякіх прыкметаў забароны ўкраінскай мовы няма. Яе, як і раней, вывучаюць у школах і на філфаку. У гэтым плане хутчэй варта казаць пра нейкі сітуатыўны шантаж Кіева, які вельмі балюча ўспрымае пытанне русіфікацыі Данбасу. Калі б пачаўся пераслед мовы, то, думаю, перш за ўсё змянілі б назву адной з мясцовых бібліятэк, якая дасюль носіць імя Васіля Стуса, украінскага паэта — антысавецкага дысідэнта, які вельмі дэманізаваны ў прарасійскіх колах.

— Ці можна сустрэць у Данецку людзей, якія размаўляюць на ўкраінскай мове? Наколькі гэта небяспечна?

— Колькасць, як іх у нас называюць, «балакаючых», безумоўна, скарацілася. Аднак яны сустракаюцца. Асаблівай увагі з боку спецслужбаў да іх няма, паколькі шмат мясцовых украінамоўных раней былі ўпісаныя ў сістэму, якую пабудавала «Партыя рэгіёнаў». Яна актыўна стварала падпарадкаваныя сабе філіі ўкраінскіх нацыяналістычных партый для фальсіфікацыі выбараў. Будучы сябрамі камісій, назіральнікамі на выбарах, сябры такіх партый заплюшчвалі вочы на ўкідванне бюлетэняў. Лідары тых філіяў фактычна былі часткай мясцовага клану. Таму стаўленне да іх сёння абыякавае. На вуліцы можна нават сустрэць экс-кіраўніка секцыі «Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў» — партыі, якая паўстала на базе адной з фракцый «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў».

Праўда, гаворка ідзе пра людзей старога і сярэдняга веку. У горадзе ёсць таксама нейкае ўкраінскае падполле, якое фарміруецца з больш маладых непублічных людзей. Нядаўна яны нагадалі пра сябе ўлёткамі, якія вытрыманыя ў стылістыцы батальёну «Азоў».

— Як ідзе працэс украінізацыі насельніцтва падкантрольнай Кіеву часткі Данбасу?

— З гэтага года ўсю школьную адукацыю там перавялі на ўкраінскую мову. Наколькі я ведаю, асаблівага супраціву ўкраінізацыі няма, паколькі пакуль усё гэта выглядае вельмі фокусна. Акрамя таго, праблема мовы на Данбасе саступае па актуальнасці праблемам выжывання. Вайна моцна ўдарыла па дабрабыце людзей. У Данецку сярэдні заробак — каля ста долараў. Па той бок фронту заробкі большыя, аднак камуналка расце такімі тэмпамі, што некаторыя з тых, хто збег у 2014-м з Данецку, вырашылі вярнуцца.

— Вялікі розгалас набыў факт смерці ў Бахмуце (Арцёмаўску), які кантралюецца жаўнерамі ВСУ, маладога ўкраінамоўнага актывіста Арцёма Мірашнічэнкі. Сцвярджаюць, што нейкія мясцовыя непаўналетнія збілі яго да стану комы, з якой ён не выйшаў, за тое, што размаўляў па-ўкраінску…

— Арцёмаўск — прыфрантавы горад, дзе на руках украінскіх нацыяналістаў ёсць зброя. Калі адбылося забойства на глебе такой тэмы, як мова, тых хлопцаў маглі забіць проста на месцы. А пасля спісаць усё на законы ваеннага часу. Я ўсё ж схіляюся да версіі пра побытавае злачынства.

— Днямі ў Кіеве зацвердзілі план стварэння спецыяльнага каналу тэлебачання, які будзе працаваць на непадпарадкаваную частку Данбаса. Наколькі перспектыўным падаецца падобны праект? Ці цікавяцца ў Данецку ўвогуле ўкраінскімі медыя?

— У прынцыпе, у Данецку хапае людзей, незадаволеных рэжымам праз няздольнасць вырашыць сацыяльна-эканамічныя пытанні. А мясцовыя СМІ, якія цалкам кантралююцца адміністрацыяй Пушыліна, пра гэта, натуральна, не кажуць. Адпаведна, нейкае незалежнае, крытычнае на адрас улады СМІ магло б знайсці сваю нішу, стварыць сетку карэспандэнтаў і гэтак далей. Аднак усе разумеюць, што памер карупцыі ва Украіне не дазволіць рэалізаваць ідэю такога маштабу. Што тычыцца інтарэсу тутэйшых да ўкраінскіх медыя, то, напэўна, нейкую аўдыторыю яны маюць, аднак пра памер іх уплыву цяжка казаць.

— Зараз шмат спекуляцый наконт таго, што ўвосень наступнага года ў ДНР усё ж адбудуцца выбары пад кантролем АБСЕ. Відавочна, што там мясцовая ўлада паспрабуе стварыць ілюзію дэмакратыі і шматпартыйнасці. Ці можна ў такім разе чакаць з’яўлення ў ДНР праўкраінскай партыі?

— Лёгка. Заўжды можна мабілізаваць былы актыў «Просвіты» (украінскі аналаг ТБМ. — Аўт.) і нацыяналістычных партый. Не кажучы пра тое, што напрацоўкі «Партыі рэгіёнаў» па фальсіфікацыі выбараў яшчэ не забытыя. Аднак, гледзячы з Данбасу, пакуль у такія выбары слаба верыцца. Узаемны недавер паміж Кіевам і Данецкам усё яшчэ вельмі моцны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: