Данецк пасля Захарчанкі

Забойства лідара сепаратыстаў Аляксандра Захарчанкі разглядаюць як пачатак новага этапу ў супрацьстаянні на Данбасе. Чытачам «Новага Часу» данецкі прафсаюзны актывіст Іван Сурмін распавядае пра рэаліі Данбаса пасля заканчэння эпохі Захарчанкі.

Фота www.svoboda.org

— Часова выконваючы функцыі кіраўніка так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніс Пушылін 15 верасня заявіў, што забойства Захарчанкі арганізавалі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны. Пры гэтым, паводле яго словаў, СБУ дапамагалі заходнія спецслужбы. Што ў Данецку думаюць пра гэта, хто замовіў Захарчанку?

— Версія пра след СБУ гучала і раней. Аднак у Данецку сярод мясцовых дамінуе думка, што адказных за тэракт супраць Захарчанкі трэба шукаць у яго атачэнні або сярод сяброў мясцовай эліты. Не выключаюць, што да выбуху ў кавярні «Сепар» прыклаў руку данецкі алігарх Рынат Ахметаў, які ў 2014-м збег у Кіеў. На гэта, нібыта, паказвае тое, што пасля смерці «Захара» пачалося вяртанне нацыяналізаваных раней рынкаў у рукі ранейшых гаспадароў. Многія з іх уваходзяць у «клан Ахметава». Алігарху сёння таксама перадаюць ДМЗ — адзін з буйных мясцовых заводаў.

— Але ў свой час Захарчанка таксама лічыўся чалавекам Ахметава?

— Ён сапраўды пачынаў шлях у палітыку ў статусе чалавека Ахметава, але з часам паступова дрэйфаваў у бок большай аўтаноміі. Пачаў гуляць уласную гульню. Адначасова Захарчанку моцна раскручвалі ў Расіі, дзе яму быў створаны імідж нейкага данбаскага Чэ Гевары. У выніку ён быў, бадай, адзіным чалавекам у Данецку, хто мог амаль на роўных размаўляць з Крамлём. А ад Крамля ДНР залежыць крытычна. Цяпер такой фігуры няма.

Гэтым тлумачыцца тое, што многія з трывогай успрынялі навіну пра смерць «Захара». Людзі баяцца, што Данбасам будзе кіраваць нейкі ананімны кансорцыум з крамлёўскіх чыноўнікаў і менеджараў Ахметава. І такія асцярогі апраўдваюцца. Ліквідацыя «Мінабароны ДНР», якая цяпер адбываецца, — гэта зачыстка апошніх аўтаномных ад Масквы мілітарных фармаванняў.

Ёсць асцярогі, што каманда Пушыліна будзе імкнуцца забыцца пра сацыяльны складнік праекта «ДНР». У 2014-м на вуліцах многія выступалі не столькі за «руский мир», колькі супраць мясцовага алігархату. Пасля таго, як у жніўні ўвесь супраціў узялі пад кантроль маскоўскія эмісары, пра тыя лозунгі згадваюць ўсё радзей і радзей.

— На 11 лістапада прызначаны выбары ў Народны савет непрызнанай ДНР. Якія перадвыбарчыя расклады і прагнозы?

— Вынікі выбараў 11 лістапада фактычна вядомыя ўжо сёння. Перамогуць былыя рэгіяналы (сябры «Партыі рэгіёнаў» экс-кіраўніка Украіны Януковіча. — рэд.), якія складаюць абойму вертыкалі. Пры гэтым асабліва брудных фальсіфікацый, напэўна, нават не спатрэбіцца. У Народны савет трапяць тыя, каму трэба трапіць. Вядома, што для прыстойнасці камусьці даручаць імітаваць апазіцыю кіруючай партыі «Данецкая рэспубліка». На першых выбарах гэта было аб’яднанне «Вольны Данбас», якое падчас кампаніі падтрымлівала «Данецкую рэспубліку». Магчыма, гэтым разам ролю «апазіцыі» даручаць рэшткам структур Кампартыі. Не выключаю, што будзе актыўнічаць экс-народны губернатар Павел Губкін, які стварыў сваю арганізацыю.

— Якая сёння эканамічная сітуацыя ў «ДНР»?

— Эканамічна сітуацыя на Данбасе, па вялікім рахунку, — люстэрка сітуацыі ва Украіне. Гэта не дзіўна, паколькі Данбас нефармальна, нягледзячы на блакаду, застаецца часткай украінскага рынка. У Данецку такі ж узровень заробкаў, як у вялікіх гарадах украінскага Паўднёвага Усходу. Заробак балансуе дзесьці ў межах 10 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна 150 долараў).

— У Кіеве стартуе новы выбарчы цыкл — выбары прэзідэнта і парламента. Лічыцца, што па іх выніках можа кардынальна змяніцца фармат адносінаў Кіева з Данецкам. Што думаюць у Данецку пра працэсы на так званай «вялікай Украіне»?

— Палітычнымі працэсамі ва Украіне ніхто асабліва не цікавіцца. Усе мясцовыя заўзятыя ўкраінафілы адсюль паступова з’ехалі ці былі вымушаныя з’ехаць. Зрэшты, з’яўленне масавага праўкраінскага руху тармозяць не столькі спецслужбы, колькі пастаянны рост тарыфаў ва Украіне, які палохае шараговых грамадзян. Ёсць сегмент данчан, якія не супраць вярнуцца пад руку Кіева на правах аўтаноміі. Аднак кіеўскія ўлады, здаецца, не асабліва ў захапленні ад такога плану. Схема з аўтаноміяй запусціць федэралізацыю краіны. Не кажучы ўжо пра тое, што рэінтэграцыя Данбаса на парадак павялічыць электарат апанентаў цяперашняй кіеўскай улады.

Зрэшты, у варыянт увахо­джання «ДНР» у Расію таксама вераць усё менш. Зыходзячы з канстатацыі факту таго, што альтэрнатывы існуючаму статус-кво няма, паступова адбываецца нейкая нармалізацыя і нават інстытуялізацыя рэальнасці, у якой мы апынуліся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!