Дасье ў карыкатурах: Афганістан. Вяртанне ў 1990-ы год?

У 21-е стагоддзе Афганістан уступіў ахоплены агнём грамадзянскай вайной, якая да таго часу доўжылася ўжо 20 гадоў. Усё перавярнулі трагічныя падзеі 11 верасня 2001 года Адказнасць за выбухі была ўскладзена амерыканскай адміністрацыяй на Усаму бен Ладэна, якога прытуліў рэжым талібаў.


У сувязі з гэтым амерыканскае кіраўніцтва прыняло рашэнне правесці буйнамаштабную інтэрвенцыю ў Афганістан, матывуючы гэты крок неабходнасцю барацьбы з сусветным тэрарызмам. Разагрэтае патрыятычным псіхозам грамадства было толькі «за». Пры гэтым мала хто ўспамінаў, што Афганістан – краіна, дзе абламалі зубы такія геапалітычныя монстры як СССР і Брытанская імперыя. Сярод тых, хто памятаў гісторыю, карыкатурыст выдання дацкага Інстытуту дэмакратыі.



7 кастрычніка 2001-га ЗША і Вялікабрытанія нанеслі бомбавыя ўдары па аб'ектах талібаў на афганскай тэрыторыі, што паслужыла пачаткам ваеннай аперацыі пад назвай «Нязломная свабода». Затым быў праведзены шэраг наземных аперацый. На працягу кароткага часу ад улады талібаў былі вызваленыя ўсе буйныя гарады краіны, уключаючы сталіцу. Прыход саюзнікаў разглядаўся не толькі як прыход дэмакратыі, але і канец прыгнёту кабетаў. Карыкатурысты ў 2001-м ахвотна выяўлялі скачок афганак з сярэднявечча ў дэмакратычную эпоху. Малюнак Washington Post.


Аднак паступова энтузіязм наконт «Нязломнай свабоды» змяніўся расчараваннем. На самай справе талібы не былі цалкам разгромленыя і захавалі свой ваенны патэнцыял, стварыўшы базы ў горных і памежных раёнах Пакістана. У выніку становішча ў краіне як і раней засталося напружаным. Пры гэтым час граў на радыкалаў, паколькі сама прысутнасць замежных войскаў выклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Не кажучы ўжо пра гібель тубыльцаў у выніку ракетна-бомбавых удараў па населеным пунктам, ператрусы дамоў, хапуны і да т.п.

Пры гэтым рэалізацыя сацыяльна-эканамічных праектаў была фактычна згорнутая, а выбары фальсіфікаваліся кланам Хаміда Карзая, якога Захад першапачаткова прызначыў кіраўніком пераходнай адміністрацыі. Не дзіўна, што мастак Тэдзі Рол адлюстраваў Афганістан як даўгабуд.


Не цешыла афганская авантура і амерыканцаў, якія ўсё больш і больш плацілі за вайну. З 2010 па 2012 год, калі ЗША трымалі ў краіне больш за 100 тысяч вайскоўцаў, кошт вайны складаў амаль 100 млрд долараў у год. Інтэрвенцыя спрыяла росту наркагандлю. Паводле афіцыйных і неафіцыйных даных, узровень вытворчасці і незаконнага абароту наркотыкаў у Афганістане павялічыўся больш чым у 100 разоў у параўнанні з 2001 годам. Прычым іх асноўная частка вырабляецца ў правінцыях, дзе размешчана вялікая колькасць вайскоўцаў, якія «крышуюць» сектар. На малюнку з рэсурсу Caglecartoons Хамід Карзай дзякуе Буша-юніёра за інтэрвенцыю ў Афганістан букетам з сцёблаў опіўмнага маку.


Не дзіўна, што забабоны амерыканцаў па афганскаму пытанні літаральна за дэкаду змяніліся з ваяўнічых на пацыфісцкія. Шмат у чым гэты дрэйф забяспечыў перамогу Барака Абамы на выбарах 2008-га, які абяцаў вывад фармаванняў з Афгану. Аднак у выніку Барак на выхад так і не адважыўся, абмежаваўшыся скарачэннем корпусу. Сітуацыя з вывадам войскаў у выніку зайшла ў стан цугцвангу, калі ўсе палітыкі ахвотна казалі пра мір, але баяліся нейкіх учынкаў. Нерашучасць палітыкума стала тэмай шматлікіх карыкатур. Для прыкладу, малюнак выдання Business insider.


А вось Дональд Трамп, якому трэба напярэдадні выбараў дэманстраваць поспехі, вырашыўся. Такім чынам, 29 лютага прадстаўнік ЗША і прадстаўнік талібаў падпісалі пагадненне, паводле якога ваенныя Штатаў і іх саюзнікаў на працягу 14 месяцаў павінны пакінуць тэрыторыю Афганістана. Пры гэтым не абышлося без здаровай долі ўласцівага Трампу цынізму. На пытанне, што ж рабіць мясцовым уладам пасля сыходу амерыканцаў, Трамп адзначыў, што «не ведае». Праўда, ён, «спадзяецца, што «яны (афганскія ўлады) змогуць сябе абараніць». Чымсьці гэта нагадвае фокус Рычарда Ніксана, які ў 1975-м эвакуіраваў амерыканскіх жаўнераў з В’етнаму, пакінуўшы праамерыканскую адміністрацыю на расправу камуністам. Карыкатура 75-га году.


Але, калі ў В'етнаме ў 75-м было ўсё больш-менш прадказальна, то перспектыва Афганістану пасля сыходу амерыканцаў, вельмі туманная. Не выпадкова шмат хто кажа пра вяртанне краіны ў 90-ы год. Тады Афган пакінулі савецкія войскі і краіна пагрузілася ў пекла грамадзянскай вайны. Такой невясёлай думкі прытрымліваецца мастак Danzig. На яго малюнку адзін з талібаў лічыць, што пасля вываду амерыканцаў, трэба ўсіх забіць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: