Дасье ў карыкатурах: Беспрэцэдэнтны Вялікдзень-2020

Няма сумневаў, Вялікдзень-2020 увойдзе ў гісторыю. Сёлета каталікі, пратэстанты і праваслаўныя адзначалі яго на фоне эпідэміі, што значна паўплывала на атмасферу свята, фармат і нават рытуалы. Усё пералічанае знайшло адлюстраванне ў працах карыкатурыстаў свету.

Многім хрысціянам давялося сустракаць Вялікдзень ва ўмовах самаізаляцыі. З-за пандэміі ўлады рэкамендавалі не наведваць набажэнствы, а глядзець іх анлайн. Нават практыка падарункаў на Вялікдзень не вельмі заахвочваецца. Празмерныя меры бяспекі на Вялікдзень — тэма твора аўстрыйскага мастака Мар'яна Камінскі. Медыцынскі работнік на карыкатуры спрабуе дэзынфіцыраваць казачнага зайца з падарункамі — сімвал Вялікадня на Захадзе.


Па слядах панікі, якую эпідэмія выклікала ў прадуктовых крамах, адбылася пераацэнка прыярытэтаў велікодных падарункаў. Прынамсі, так лічаць на сайце Crteator.com. На карыкатуры выдання мужчына патрабуе ад велікоднага зайца забраць каляровыя яйкі і прынесці звычайную туалетную паперу.



Чакана, што многія мастакі спраецыравалі на нашу рэальнасць біблейскія матывы. У прыватнасці, патрабаванне трымаць дыстанцыю для прафілактыкі перадачы віруса. Ісус Хрыстос на малюнку іспанскага El Juves патрабуе ад рымскага легіянера не парушаць правілы наконт бяспечнай адлегласці.


На біблейскую тэматыку і малюнак з расійскага рэсурсу Пикабу. Яго стваральнік скарыстаўся фрагментам Бібліі пра знаходжанне Ісуса да ўваскрашэння ў пячоры, што нечым нагадвае рэжым самаізаляцыі. Калі б біблейская гісторыя адбывалася ў наш час, то паліцыя, напэўна, угледзела ў спробе Ісуса пакінуць пячору злоснае парушэнне каранціну.



Дасталася ў велікодных карыкатурах і палітыкам. Асабліва перапала Дональду Трампу, якога муха ўкусіла ляпнуць, што яшчэ да каталіцкага Вялікадня з эпідэміяй у Штатах будзе скончана. На малюнку казачны заяц, каментуючы абяцанне прэзідэнта, дзівіцца — як шмат людзей працягваюць верыць у казкі.


З іншага боку Вялікдзень-2020 давёў, што чалавецтва не губляе аптымізму нават у кепскіх умовах і насуперак усім выклікам адзначае любімае свята. Так, на малюнку амерыканскага рэсурсу Cagle суседзі здзяйсняюць рытуал разбівання велікодных яек, выконваючы неабходную паводле санітарных нормаў дыстанцыю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: