Дасье ў карыкатурах: Brexit

Працэс Brexit, які фактычна паставіў Вялікабрытанію на мяжу палітычнага хаосу, здаецца, паўстаў абсалютна штучна. У 2015-м прэм'ер Дэвід Кэмеран адважыўся на рэферэндум аб выхадзе краіны з ЕС, каб падняць свой рэйтынг сярод еўраскептыкаў.
Карыкатура паўднёва-афрыканскага выдання ZANews

Карыкатура паўднёва-афрыканскага выдання ZANews

Пры гэтым Кэмеран і сябры ягонай кансерватыўнай партыі, а таксама большасць партый апазіцыі выказваліся за захаванне еўрапейскай прапіскі.

Супярэчлівую пазіцыю Лондана тады адлюстраваў мастак паўднёва-афрыканскага выдання ZANews. На малюнку брытанскі чыноўнік варожыць на рамонку — любіць ён Еўропу ці не.

На рэферэндуме 26 чэрвеня 2016-га перамогу атрымалі прыхільнікі выхаду краіны з ЕС. Ім удалося набраць 52% галасоў. Іх апаненты набралі 48 адсоткаў. Лічыцца, што за Brexit галасавалі дзеля пратэсту. Вынікі плебесцыта выклікалі сапраўдны шок. Партугальская карыкатурыстка Крысціна Сампайо (Cristina Sampaio) параўнала Brexit з трагедыяй 11 верасня 2001 года.

Збянтэжаны вынікамі рэферэндуму прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран прыняў рашэнне пакінуць пасаду кіраўніка Кабінета міністраў. Яго пераемнікам стала Тэрэза Мэй, якой давялося рыхтаваць дамову з Брусэлем аб умовах выхаду. Сярод самых цяжкіх тэмаў на перамовах з’яўляецца праблема мяжы з Паўночнай Ірландыяй і пазіцыя Шатландыі, якая хоча застацца ў ЕС. Палярныя імкненні шатландцаў і Лондана адлюстраваў канадцкі мастак Дэйл Куммінгс (Dale Cummings)
.
15 студзеня 2019 прэм'ер Тэрэза Мэй пацярпела поўную паразу ў парламенце, калі дэпутаты адкінулі яе пагадненне аб выхадзе Брытаніі з ЕС. Амерыканскае выданне Minneapolis Star-Tribune параўнала прэм'ера з Мэры Попінс, якая, праўда, не ляціць, а пралятае.   

Зрэшты, Мэй удалося не дапусціць вотуму недаверу яе ўраду і такім чынам вярнуцца да працэсу выхаду краіны з Еўрасаюза. Цяпер Англія рыхтуецца да плана «Б», які, нібыта ёсць у Даўнінг стрыт 10. Між тым, у Англіі пачынаецца лёгкая паніка. Нават узнік ажыятаж у аптэках і крамах. 

Затое па той бок Ла-Манша — каскад жартаў. Так, на постсавецкіх прасторах з'явіўся новы тэрмін «брэксіць» — развітацца і не сысці. Накшталт «Васіль Пятровіч у гасцях выпіў усю гарэлку, пабіўся з гаспадарамі, зламаў мэблю, а сыходзіць не хоча, то бок «займаецца брэксітам». На думку іншых, паводзіны брытанцаў цалкам адпаведныя менталітэту нацыі, якая любіць катоў і магчыма нават злёгку пераймае іхнія забабоны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!