Дасье ў карыкатурах: Брусель супраць Будапешта

Еўропа пачала сур'ёзную атаку на Будапешт. Партыя Віктара Орбана выключаная з Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). Раней еўрадэпутаты прагаласавалі за пакет санкцый супраць лідара Венгрыі.

Лічыцца, што іншага выбару ў Бруселя проста не заставалася. Орбан перайшоў рысу — па ўсёй Венгрыі размешчаны білборды пра змову кіраўніцтва еўраінстытутаў супраць Будапешта. Увогуле дзіўна, што рукі да Орбана дайшлі толькі цяпер. Апошні даўно ігнараваў нормы ЕС, што знайшло адлюстраванне ў карыкатуры нямецкага выдання Handelsblatt. На малюнку Орбан выкарыстоўвае ў якасці туалетнай паперы статутныя палажэнні ЕС.

Парадаксальна, але Орбан пачынаў палітычны шлях як ліберал і, дарэчы, зрабіў сабе імя, запатрабаваўшы яшчэ ў 1989-м правядзення свабодных выбараў і вываду савецкіх войскаў з венгерскай тэрыторыі. Аднак паступова яго партыя трансфармавалася ў кансерватыўны праект. Сам Орбан здолеў дамагчыся беспрэцэдэнтнай кансалідацыі ўлады. Лічыцца, што стабільнасць яго рэжыму забяспечвае нацыяналістычная рыторыка і электаральныя маніпуляцыі, напрыклад, рэферэндумы. Прыроду венгерскіх плебісцытаў жорстка адлюстраваў аўстрыйскі мастак Мар'ян Камінскі.

Прыкладна да 2014-га Орбан лічыўся мясцовым арыгіналам-самадурам. Аднак дзякуючы міграцыйнаму крызісу яго пачалі лічыць галоўным антаганістам Бруселя. Будапешт катэгарычна адмовіўся падпарадкоўвацца міграцыйнай палітыцы ЕС, якую Орбан называе «пагрозай хрысціянскай ідэнтычнасці». А ў 2015 годзе Венгрыя ўвогуле пабудавала 155-кіламетровы плот па мяжы з Сербіяй супраць патокаў імігрантаў. Ксенафобія Віктара Орбана даўно стала тэмай жартаў. На карыкатуры мастака рэсурсу Cartoonstock Віктар патрабуе пабудаваць сцяну ад пакемонаў, якія нелегальна праз інтэрнет пранікаюць у яго краіну.

Стаўка цяперашняй кампаніі Еўрасаюзу супраць Орбана вельмі вялікая. У Орбана з'явілася шмат прыхільнікаў па ўсёй Еўропе. І перш за ўсё ён стаў нефармальным лідарам папулістаў Усходняй Еўропы. Акрамя Будапешта — Варшава, Прага, Браціслава, дзе ва ўладзе знаходзяцца еўраскептыкі, сабатуюць інтэграцыйныя еўрапраекты і нават задумваюцца пра альтэрнатыву ЕС. Гэты трэнд праілюстраваў мастак выдання Financial Times. На карыкатуры цень Орбана падае на ўсю карту Усходняй Еўропы.

Зрэшты, калі Будапешт выкінуць з Еўрасаюза, краіна можа далучыцца да Саюзнай дзяржавы РБ і РФ. Праўда, у такім выпадку Орбану трэба рыхтавацца да нязручных размоваў, што ілюструе карыкатура ад «Новага Часу».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!