Дасье ў карыкатурах: Брытанскія кансерватары ў пошуках лідара

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй 7 чэрвеня пакінула пасаду кіраўніка Кансерватыўнай партыі. Новы лідар партыі, які стане прэм'ерам, будзе абраны на працягу тыдня. Гэтым падзеям і прысвечаны чарговы выпуск «Дасье ў карыкатурах».


Яшчэ ніколі ў кіраўніцтве партыі не збіраліся такія арыгіналы. Не дарма карыкатурыст Петэр Брокерс параўнаў цяперашняе кіраўніцтва торы з сямейкай Адамсаў.

Безумоўна, фаварытам партыйных выбараў выступае 54-гадовы Барыс Джонсан — вельмі экстравагантная постаць, якога нават сур'ёзная прэса адкрыта называе «вар’ятам» і «сацыяпатам». Сапраўды Барыс мае за плячыма салідны багаж скандалаў. Напрыклад, ён параўноўваў ЕС і Трэці Рэйх, жанчын у паранджы з паштовымі скрынямі і г.д. Акрамя таго, ён вельмі канфліктны палітык. Але нельга забываць, што Барыс быў паспяховым мэрам Лондана, узначальваў МЗС і мае такую ​​рысу характару як упартасць. Маніякальнае жаданне Джонсана прапісацца на Даўнінг стрыт 10 — тэма карыкатуры выдання Financial Times.


Лічыцца, што пацягацца з Барысам здольны Майкл Гоўв (Michael Gove). Гэта крыху дзіўна, паколькі моцнай барысаўскай харызмы ў Гоўва няма. Акрамя таго, яго ненавідзяць усе брытанскія педагогі. Калі Майкл займаў пасаду міністра адукацыі ён спрабаваў рэфармаваць сферу, не звяртаючы ўвагі на думкі настаўнікаў. Адсюль малюнак мастака Брыяна Спенсера, на якім Гоўв мяркуе, што добрыя школы маюць быць такімі, як былі 30 год назад, калі ён скончыў школу. Аднак ёсць у Гоўва і плюсы. Ён больш схільны да кампрамісаў, а значыць кансерватары могуць захаваць адзінства. Таксама ў выпадку прэм’ерства Гоўва Брытанія будзе сыходзіць з Еўрасаюзу, апіраючыся на дамоўленасці.


Самы незвычайны кандыдат у лідары торы і Вялікабрытаніі Саід Джаід (Sajid Javid) — цяперашні дырэктар брытанскага МУС. Справа ў тым, што кансерватары лічацца ахоўнікамі брытанскіх традыцый. Між тым Саід — сын пакістанскага кіроўцы аўтобуса. Спачатку ён стаў паспяховым банкірам, а потым зрабіў палітычную кар'еру. Усё гэта не можа не выклікаць павагі, аднак для многіх перспектыва прэм’ерства Джаіда па-ранейшаму выглядае нонсэнсам. Нездарма адданасць Саіда ангельскім каштоўнасцям высмейвае прэса. Сярод іх карыкатурыст выдання The Guardian.

Актуальнае пытанне — які з пералічаных кандыдатаў найбольш карысны для Беларусі. Думаецца, гэта Барыс Джонсан: як і наш кормчы ён мае схільнасць да эпатажных заяў. На гэтай глебе Лондан і Мінск могуць зблізіцца, а Барыс нават нешта пазычыць з практыкі беларускай адміністрацыі, што і адлюстроўвае карыкатура ад «Новага Часу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!