Дасье ў карыкатурах: Ці ёсць жыццё на Марсе?

Высадка на Марс апарата Perseverance, які запусціла NASA, міжволі прымусіла многіх мастакоў паглядзець на многія нашы паўсядзённыя праблемы ў касмічнай праекцыі.
Ззаду сем месяцаў палёту, амаль 471 млн кіламетраў і самае страшнае — сем хвілін пасадкі. Менавіта падчас пасадкі палова касмічных місій на Марс завяршалася катастрофай. На гэты раз усё скончылася добра. У пятніцу, 19 лютага, апарат Perseverance спусціўся і ўжо перадае на Зямлю выявы чырвонай планеты.

Безумоўна, усе мараць, што апарат знойдзе нейкія жывыя арганізмы і, магчыма, нават іншапланецян. Зрэшты, многія смяюцца, што іншапланецяне (калі яны ёсць на Марсе) акажуць Perseverance няласкавы прыём з-за пандэміі на Зямлі. На малюнку Дэйва Гранланда марсіяне заклікаюць апарат трымаць ад іх бяспечную сацыяльную дыстанцыю.

Пошук жывых арганізмаў на Марсе спарадзіў незвычайную філалагічную праблему. Справа ў тым, што іншапланецян у англійскай мове называюць «alliens» (бел: чужыя). Аднак такі тэрмін гучыць некарэктна ў кантэксце кампаніі супраць любых формаў ксенафобіі, якая вядзецца адміністрацыяй Джо Байдэна. У рэчышчы гэтага трэнду выданне Augusta Chronicle прапанавала называць іншапланецян «грамадзяне без дакументаў».

Палёт на Марс выклікаў цікавасць да тэмы каланізацыі чырвонай планеты. Да даведкі: нягледзячы на, здавалася б, сумнеўную прывабнасць ідэі назаўжды пакінуць Зямлю, больш за 200 тысяч чалавек з усяго свету ўжо падалі заяўкі на ўдзел у экспедыцыі, мэта якой — заснаваць на Марсе пастаянную калонію.

На думку амерыканскага мастака Рандала Эноса, ахвотных адправіцца на Марс у бліжэйшы час будзе яшчэ больш за кошт жыхароў штата Тэхас. Жудасныя маразы, якія абрынуліся на Тэхас, справакуюць масавае жаданне з'ехаць куды заўгодна, нават на далёкую планету.  

У прэсе адразу ўзнікла мода на фантазіі — як могуць выглядаць іншапланецяне? Некаторыя прапануюць самыя дзіўныя варыянты. Напрыклад, мастак з рэсурсу ToonsMag бачыць братоў па розуму наступным чынам.

А мастак з рэсурсу Trendsmap схіляецца да такой версіі.

Нарэшце, трэба адзначыць, што Perseverance не адзінотны. Люты 2021 года аказаўся багаты на марсіянскія місіі: адразу тры касмічных апарата амаль адначасова дасягнулі Марса, стартаваўшы з розных краін мінулым летам. Такое нашэсце на Марс выклікала ў некаторых трывогу за лёс чырвонай планеты. Як лічыць мастак Cartoon Stock, адзіным вынікам экспедыцый будзе тое, што на Марс трапіць COVID-19 і тут пачнецца свая марсіянская пандэмія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: