Дасье ў карыкатурах: Ці вернецца Тайвань у родную гавань?

Усплёск антыкітайскіх настрояў у ЗША прывёў да таго, што ў колах амерыканскай эліты стала абмяркоўвацца ідэя аб прызнанні Злучанымі Штатамі незалежнасці Тайваня, які Кітайская Народная Рэспубліка лічыць неад'емнай часткай сваёй тэрыторыі. У святле гэтага ўзнікае рэальная пагроза адкрытай канфрантацыі Вашынгтона і Пекіна.


КНР і Кітайская Рэспубліка, як вядома, падзяліліся ў 1949 годзе, калі камуністычныя сілы пад кіраўніцтвам Мао Цзэдуна захапілі кантынентальную частку краіны, выгнаўшы нацыяналістычны рэжым партыі Гаміньдан на востраў Тайвань. Пасля гэтага абедзве краіны жылі сваім жыццём, пры гэтым разглядаючы сябе сапраўднымі спадкаемцамі ўсёй тэрыторыі дарэвалюцыйнага Кітая. Паралельна Пекін працягваў вяртаць сабе рэгіёны, якія страціў у часы каланіялізму. У часы Мао Кітай прыяднаў Тыбет. У 90-я Дэн Сяопін здолеў вярнуць Ганконг і Макао. Пекіну засталося толькі вырашыць тайваньскае пытанне. У выніку тэма магчымай кітайскай экспансіі на Тайвань практычна заўжды прысутнічала ў медыя. У тым ліку, і ў карыкатурах. Як прыклад, малюнак з рэсурсу Princhett cartoons.



Страхі, што Тайвань можа стаць кітайскім, узмацніліся пасля апошніх паведамленняў з Ганконга, які мае статус аўтаноміі. Ці, лепш сказаць, калісьці меў. У адказ на маніфестацыі сепаратыстаў КНР распрацавала для Ганконга законапраект аб нацбяспецы. Закон, у прыватнасці, прадугледжвае забарону на падрыўную і сепаратысцкую дзейнасць. Пад яе трапляюць любыя віды актыўнасці, накіраваныя на звяржэнне цэнтральнага кітайскага ўрада. Новы закон дазволіў кітайскім спецслужбам пачаць арышты мясцовых дысідэнтаў. Падаўленне дэмакратыі ў Гангонгу — сюжэт карыкатуры нідэрландскай газеты De Volkskrant.



На гэтым фоне ў Тайвані зноў пачалі гучаць заклікі адмовіцца ад канцэпцый Гаміньдана пра прыналежнасць Тайваня да адзінага Кітая. Гэта, маўляў, дае Пекіну падставу для экспансіі на востраў. Прапануецца абвясціць тайванцаў асобнай нацыяй і будаваць асобную дзяржаву, бяспеку якой можа гарантаваць вайсковы блок з той жа Амерыкай. Гэтай лініі, дарэчы, трымаецца і цяперашні тайваньскі прэзідэнт Цай Інвэнь, якая 11 студзеня была пераабраная на другі тэрмін. Яе пазіцыя раздражняе Пекін: за першыя чатыры гады свайго кіравання палітык пахавала многія яго надзеі, якія з'явіліся пры яе папярэдніку з партыі Гаміньдан. У адрозненні ад гаміньданаўцаў, Цай Інвэнь, як выяўлена на малюнку з часопісу Foreign Policy, запускае свайго паветранага змея з надпісам «сувярэнная нацыя».


Відавочна, што прызнанне Тайваня з боку ЗША незалежнай дзяржавай будзе спрыяць рэалізацыі планаў Цай Івэнь. Зрэшты, Дональд Трамп і так шмат чаго зрабіў для рэвізіі «Закону аб адносінах з Тайванем» ад 1979 года Дадзены закон быў прыняты пасля таго, як Штаты зрабілі выбар на карысць стасункаў з КНР і разарвалі дыпламатычныя адносіны з Тайванем. Увесь свой прэзідэнцкі тэрмін Дональд Трамп прыкладаў мэтанакіраваныя юрыдычныя намаганні па павышэнню палітычнай суб'ектнасці Тайваня. У прыватнасці, прыняты законы «Аб паездках на Тайвань» і «Аб гарантыях Тайваня 2019 года». Сур'ёзныя крокі былі зроблены і ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з востравам. Гаворка ідзе пра пастаўкі самалётаў, танкаў і зброі на мільярды долараў. Відавочна, Пекін не ў захапленні ад такіх закупаў. Тэматычная карыкатура New York Times.


У гэтым трэндзе варыянт прызнання незалежнасці Тайваня з боку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа можна разглядаць як вельмі верагодны. Якім будзе адказ Пекіна, які неаднаразова на самым высокім узроўні заяўляў, што ў падобным выпадку ён будзе адстойваць свой суверэнітэт з дапамогай ваеннай сілы? Нягледзячы на ​​гэта, ёсць падставы меркаваць, што Кітай усё ж не пойдзе на ўзброены канфлікт. Хоць бы таму, што ваенны варыянт паставіць пытанне ўтрымання кантролю над тэрыторыяй Тайваня з насельніцтвам 23,59 мільёна чалавек. Але галоўным фактарам стрымлівання для КНР з'яўляецца патэнцыйная пагроза доступу на рынкі краін Захаду, у першую чаргу — на рынак ЗША.

З іншага боку, прызнанне Тайваня таксама не дазволіць ЗША вырашыць сваю галоўную праблему — затармазіць развіццё КНР. І тут амерыканцам трэба спяшацца. Яшчэ дзесяць гадоў умацавання ваеннага і эканамічнага патэнцыялу Кітая, і перамога над ім стане практычна немагчымай. Адным словам, Тайвань — гэта толькі пралог сапраўднай дуэлі. На думку карыкатурыста рэсурсу Pinterest, па напалу яна не саступіць разборкам у стылі вестэрн.  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: