Дасье ў карыкатурах: Другая хваля каронарэвалюцый

У свеце пачынаецца другая хваля каронавірусу. Што яна прынясе, калі ўлічыць, што папярэдняя выклікала рэвалюцыі і пратэсты? Узгадаць працэсы нестабільнасці першай хвалі нам дапамогуць карыкатуры.


Апошняя з такога кшталту каронарэвалюцый мела месца як раз на гэтым тыдні. 5 кастрычніка ў сталіцы Кыргызстана ўспыхнулі масавыя пратэсты прыхільнікаў партый, якія прайгралі парламенцкія выбары. Пратэстоўцы захапілі будынак парламента і выпусцілі з ізалятара арыштаваных палітыкаў. ЦВК ужо абвясціў вынікі выбараў несапраўднымі. Пазней быў сфармаваны новы склад урада, які зараз спрабуе навесці парадак.

У экспертаў няма сумневаў, што рэвалюцыя стала магчымай перш за ўсё таму, што ўлада пад кіраўніцтвам прэзідэнта Сооронбая Жээнбекова фактычна бяздзейнічала падчас пандэміі. У краіне назіраўся дэфіцыт лекаў, між тым як улады не прадастаўлялі людзям ніякай адраснай дапамогі. Практычна ў кожнай другой сям'і Кыргызстана хто-небудзь з сваякоў, блізкіх, сяброў памёр ад віруса або перанёс хваробу. Эпідэмія стала апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу абурэння. Зрэшты сёй-той (напрыклад, карыкатурыст Сяргей Ёлкін) лічыць, што кыргызы зацікавіліся тэмай рэвалюцыі, дзякуючы беларусам, якія пачалі бунтаваць аж на пачатку жніўня


Дарэчы, беларускі майдан, на думку шмат каго, таксама абавязаны сваім маштабам памылковым крокамі ўлады ўвесну. Перш за ўсё гутарка пра вельмі дзіўныя рецэпты барацьбы з вірусам, якія АГЛ прапаноўваў грамадству. На фоне росту колькасці ахвяр гэта стварала рэжыму пратэсны рэсурс. Вось як выглядае комплекс сродкаў лекавання COVID-19 на падставе рэкамендацый Лукашэнкі.



Кавід стымуляваў пратэставыя настроі ў Штатах, дзе колькасць ахвяр вымяраецца дзясяткамі тысяч. Масавыя пратэсты супраць каранціну (stay-at-home order) успыхнулі ў красавіку. Мітынгі мелі месца ў Мічыгане, Агаё, Тэхасе, Мэрылэндзе, Кентукі, Вісконсіне і Каліфорніі. Як адзначаюць СМІ, сярод пратэстоўцаў быў прадстаўлены кансерватыўны электарат Дональда Трампа. Адзін з паказальных лозунгаў гучаў так: «Дайце мне права заразіцца каронавірусам, але не абмяжоўвайце маю свабоду». Пратэстоўцы таксама сцвярджалі, што каранцінныя мерапрыемствы здольныя падарваць эканоміку і пагоршыць матэрыяльнае становішча шэраговых амерыканцаў. Рух атрымаў масавую падтрымку, а яго сімвалам стала дэманстратыўная адмова ад масак. У сваю чаргу апаненты вінавацяць удзельнікаў руху ва ўспышцы захворвання. Малюнак мастака газеты The Minneapolis Star Tribune.


Найбольш парадаксальная сітуацыя склалася ў Бразіліі, дзе пратэсты на тле эпідэміі ўзначаліў ... прэзідэнт. Бразільскі гарант Жаір Болсонару адмаўляў існаванне віруса, асабіста вітаў пратэстоўцаў, якія патрабавалі ўсталяваць у краіне прэзідэнцкую дыктатуру, каб адмяніць рэжым каранціну і самаізаляцыі. Справа ў тым, што Бразілія - ​​федэральная краіна, у якой медыцынскую палітыку вызначаюць урады рэгіёнаў. У заявах Болсонару, які, дарэчы, пазней усё ж захварэў, карыкатурыст выдання Politico ўбачыў намер утаймаваць вірус як бразільскі футбаліст мяч.


Бліжэй да восені эпіцэнтрам пратэстаў стала Нямеччына. У жніўні ў Берліне прайшоў шэраг маштабных акцый супраць абмежавальных мер. Акцыі выклікалі велізарны рэзананс і не толькі таму, што маніфестанты спрабавалі штурмаваць Рэйхстаг. Аказалася, што гэта найбуйнейшыя акцыі ў горадзе за апошнія 15 гадоў. Папулярнасць пратэсту дазволіла казаць пра феномен карона-папулізму, які могуць выкарыстоўваць ворагі дэмакратыі. Зрэшты, па меркаванні выдання Koufogiorgos, шэрагі актывістаў руху не такія ўжо і моцныя. Дастаткова адзінага чыху, каб усе разбегліся ў страху захварэць.


Зрэшты пакуль карона-дысыдэнты на ўздыме. У верасні ў шэрагу еўрапейскіх краін прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту, удзельнікі якіх лічаць меры, уведзеныя ўладамі для барацьбы з пандэміяй, залішнімі. Геаграфія пратэстаў вялікая: Германія, Італія, Вялікабрытанія, Іспанія і г.д. Застаецца толькі здагадвацца — у якой краіне кіруючы рэжым стане наступнай ахвярай віруса.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: