Дасье ў карыкатурах: Другі тур выбараў прэзідэнта Украіны

Сёння ва Украіне праходзіць другі тур выбараў, якому папярэднічалі тры тыдні шалёнай барацьбы кандыдатаў. Артыст Уладзімір Зяленскі і дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка любымі сродкамі спрабавалі прыцягнуць на свой бок выбаршчыка. Узгадваем знакавыя моманты кампаніі напярэдадні другога тура.
Тэму з выказваннем прэзідэнта няўдала падхапіў адзін з яго прыхільнікаў прэзідэнта.

Тэму з выказваннем прэзідэнта няўдала падхапіў адзін з яго прыхільнікаў прэзідэнта.

Першапачаткова ў камандзе прэзідэнта стаўку рабілі на дэбаты, мяркуючы, што дасведчаны прамоўца Парашэнка зможа лёгка выставіць Зяленскага як некампетэнтнага выскачку. Але 4 красавіка Зяленскі раптам сам звярнуўся да Парашэнкі з патрабаваннем правесці дэбаты на стадыёне. Гарант пагадзіўся на прапанаваны фармат, дадаўшы фразу: «Стадыён дык стадыён». Тэму няўдала падхапіў адзін з прыхільнікаў прэзідэнта. Ён выклаў у Сеціва калаж, на якім Парашэнка намаляваны ў форме Піначэта (як вядома, Піначэт зладзіў на стадыёне канцлагер для апазіцыі). Шмат хто зразумеў гэтую фотажабу як доказ аўтарытарных замашак кіраўніка краіны.

Кампанія "не сцы" супраць Зяленскага

Кампанія "не сцы" супраць Зяленскага

У сваім звароце акрамя дэбатаў на стадыёне Зяленскі запатрабаваў ад Парашэнкі разам прайсці медыцынскую экспертызу, якая мела даказаць народу краіны, што сярод кандыдатаў «няма ні алкаголікаў, ні наркаманаў». У выніку аналізы абодва кандыдаты здалі. Пры гэтым Зяленскі зрабіў гэта ў прыватнай клініцы, якая належыць яго сябру. За гэты момант тут жа ўхапіліся піяршчыкі Пятра Аляксеевіча. Абвінавачваючы канкурэнта ў боязі здаваць аналізы, яны запусцілі кампанію пад умоўнай назвай «не сцы». Вось адзін з узораў іх прадукцыі.

Твар у твар з Пуціным: аматары фотажаб весяліліся як маглі.

Твар у твар з Пуціным: аматары фотажаб весяліліся як маглі.

Прыкметным фрагментам другога тура стала гісторыя з білбордамі, на якіх Парашэнка быў намаляваны твар у твар з Пуціным. Білборды з'явіліся 9 красавіка і нарабілі шмат шуму. Справа ў тым, што літаральна напярэдадні Парашэнка паабяцаў адмовіцца ад рыторыкі нянавісці і не запісваць усіх сваіх апанентаў у прыхільнікі Пуціна. Далучыліся да крытыкаў піяр-тэхналогій штабу гаранта і нацыяналісты, якія абвінавацілі прэзідэнта ў папулярызацыі ворага. Затое аматары фотажаб весяліліся як маглі. У выніку ад падобнай рэкламы ў Парашэнкі вырашылі адмовіцца, хоць асадак натуральна застаўся.

Вынікі праўлення Парашэнкі па версіі мастака Кірыла

Вынікі праўлення Парашэнкі па версіі мастака Кірыла

У прынцыпе кампанія прайшла пад знакам беспрэцэдэнтнага выкарыстання чорнага піяру. Асабліва праявілі сябе піяршчыкі Парашэнкі, якія малявалі Зяленскага ў выглядзе наркамана, дэзерціра, малароса, махляра, марыянеткі алігарха Каламойскага. Зрэшты, размыць электарат праціўніка ў іх усё роўна не атрымалася, паколькі шоўмэн яшчэ нічога не паспеў нарабіць. А вось не самыя фантастычныя вынікі праўлення Парашэнкі можа ўбачыць кожны. Абсурд парашэнкаўскай прапаганды высмеяў мастак Кірыл Руднік.

Зрэшты, 17 красавіка лёс зрабіў падарунак камандзе гаранта. Адзін з судоў адмяніў пастанову Парашэнкі пра нацыяналізацыю банку «Прыват» — самай буйной банкаўскай канторы ў краіне, якая да 2015-га належала алігарху Каламоўскаму. Гутарка пра таго самага Каламойскага, якога лічаць мецэнатам Зяленскага.Чуткі пра магчымыя праблемы «Прывата» дазволілі піяршчыкам Парашэнкі папужаць наступствамі перамогі кандыдата-артыста.

Да дня галасавання краіна падышла палітычна палярызаванай,

Да дня галасавання краіна падышла палітычна палярызаванай,

Нарэшце, 19 красавіка адбылося шоу стагоддзя — дэбаты Парашэнкі і Зяленскага. Кожны бок ацэньвае іх вынікі па-рознаму, але большасць прызнае, што шоўмэн трымаўся годна. Гэту выснову пацвярджаюць букмекеры, якія адразу панізілі шанцы дзеючага прэзідэнта на перавыбранне. Зрэшты, палітычныя баталіі прыхільнікаў кандыдатаў гэта не супакоіла. Да дня галасавання краіна падышла палітычна палярызаванай, і наступнаму прэзідэнту, кім бы ён не быў, прыйдзецца думаць як разрадзіць гэты псіхоз. Палітычныя эмоцыі, якія сёння зашкальваюць ва ўкраінскіх сем'ях, сталі тэмай невядомага мастака.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!