Дасье ў карыкатурах: Еўропа пасля Brexit — канец пашырэння ЕС, бум сепаратызму, хаос

Пад слёзы адных брытанцаў і радасныя воклічы іншых у ноч на 1 лютага 2020 года ў Еўропе пачалася новая эра. Вялікабрытанія выйшла з Еўрапейскага Саюза. Але яшчэ не ​​паспелі спусціць сцягі ЕС з усіх афіцыйных устаноў Вялікабрытаніі, як шмат хто стаў задавацца пытаннем: што гэта ўвогуле было?

У тым ліку няма адказу на адно з самых інтрыгуючых пытанняў: навошта брытанская эліта ўвогуле кінулася імплементаваць вынікі рэферэндуму 2016-га аб выхадзе з ЕС, які пры вялікім жаданні можна было разглядаць як кансультацыйны? Зрэшты, куды больш туману адносна будучыні туманнага Альбіёна і яго суседзяў, якія таксама сталі закладнікамі Brexit.

Галоўны выклік для Лондану пасля эвакуацыі з ЕС гэта, безумоўна, незалежніцкія амбіцыі Шатландыі. Тут у ноч на 1 лютага таксама мітынгавалі, аднак выключна за новы плебісцыт наконт незалежнасці. Мясцовы парламент, дзе дамінуе праеўрапейская Партыя нацыяналістаў, абяцае абвясціць дату ўсенароднага апытання ў самы бліжэйшы час. Між тым, метраполія вуснамі прэм’ера Барыса Джонсана завочна адмовіла шатландцам у праве галасаваць на гэты конт.

Джонсана можна зразумець. Зыход Шатландыі стане страшным і далёка не сімвалічным ударам па прэстыжу Вялікабрытаніі. Нават калі каралева Лізавета Другая застанецца кіраўніком незалежнай Шатландыі, як у той ж Аўстраліі, усё роўна аддзяленне Поўначы падвядзе канчатковую рысу пад эпохай вялікай Брытаніі. Здрада шатландцаў брытанскай ідэі — тэма правакацыйнага малюнка аўстрыйскага мастака Мар’яна Камінскага.


Цяжка прагназаваць і будучы статус Паўночнай Ірландыі. Тут усё ўпіраецца ў пытанне мяжы Ірландыі (краіна-член ЕС) і Паўночнай Ірландыі. За наступны год, пакуль будзе цягнуцца пераходны перыяд, Брытанія павінна дамовіцца з ЕС па гандлю. І калі яны не дамовяцца, гэта стане моцным раздражняльнікам для насельніцтва Паўночнай Ірландыі. Прычым у такім выпадку пазіцыі Брытаніі ў рэгіёне будуць вельмі слабымі. Большая частка насельніцтва Паўночнай Ірландыі настроена супраць цэнтра. У апошні час ад Лондана адварочваюцца нават пратэстанты-юніоністы, якія традыцыйна былі мясцовай апорай цэнтральнай улады.

З іншага боку, захаванне цяперашняга памежнага рэжыму з Ірландыяй фактычна надае Белфасту эканамічную аўтаномію ад Лондану. Няма сумневаў, што пытанне кардону будзе вялікім выклікам для кабінета Джонсана. Развязаць яго спрабавала і папярэдніца цяперашняга прэм'ера Тэрэза Мэй. Вынік тых спробаў выявіў карыкатурыст выдання The Guardian.


Адначасова з святкаваннямі з прычыны выхаду з ЕС у дадатак да шатландскага і ірландскага пытанняў у Лондана з’явіўся новы гемарой. Як паведаміў 1 лютага брытанскі Observer, ЕС падтрымае Іспанію ў сувязі з яе тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да Гібралтара на наступнай фазе перамоваў па Brexit.

Нагадаем, што Гібралтар — былая зямля іспанскай кароны, якая знаходзіцца ў складзе Вялікабрытаніі з 1713 года. Іспанія даўно патрабуе павярнуць Скалу (так часта называюць Гібралтар у прэсе) і, падобна, нейкі шанс з’явіўся. У 2016 годзе звыш 95% насельніцтва Скалы прагаласавала супраць Brexit. Тую ж пазіцыю заняў урад тэрыторыі. Пазней прэм'ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс прыгразіў накласці вета на дамову пра Brexit, калі не будуць праведзены перамовы аб статусе Гібралтара, аднак пад ціскам Бруселя змякчыў пазіцыю.

Цяпер жа ЕС, калі верыць крыніцам Observer, гатовы патрабаваць ад Даўнінг-Стрыт фактычна перадачы іспанцам часткі кантролю над Гібралтарам. Ці пагадзіцца з гэтым Джонсан, у стылі якога як той бык атакаваць апанентаў? На думку карыкатурыста брытанскага выдання Telegraph, сітуацыя вакол Скалы чымсьці нагадвае іспанскую карыду.



Гэтым спіс праблемаў, якія мае вырашаць Барыс Джонсан пасля 1 лютага, не канчаецца. Акрамя таго, кабміну трэба неяк стабілізаваць гаспадарку, мадэль якой пакуль не зразумелая. Джонсан выступае за ператварэнне Вялікабрытаніі ў глабальную гандлёвую дзяржаву, якая ў тым ліку мае шырокую зону гандлю з Штатамі і ЕС.

Аднак дасягнуць гармоніі будзе не проста. Экстрэмальны сцэнар прадугледжвае, што Вялікабрытанія не зможа заключыць якія-небудзь значныя пагадненні аб свабодным гандлі з ЕС або ЗША, не кажучы ўжо пра Кітай і Індыю. Брытанцы могуць быць уцягнутымі ў гандлёвыя войны з ЕС і ЗША. А такія пытанні, як правы грамадзян, рыбалоўства або доступа Кітая да брытанскай інфраструктуры, ускладняюць і без таго складаныя перамовы.

Прычым на ўсё пра ўсё ў Джонсана часу вельмі мала. У яго толькі адзін год для заключэння пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю з ЕС, ЗША і, магчыма, некаторымі краінамі Брытанскай садружнасці. У адваротным выпадку брытанскаму бізнесу няма чым будзе кампенсаваць страту доступу на еўрарынак, і хаос непазбежны. Праўда, шмат хто лічыць, што хаос ужо пачынаецца. Выданне Acting man параўнала брытанскую гаспадарку з канём на скачках, стаўкі на поспех якой прымаюцца ў памеры 1 да 150.



Не менш інтрыгуючае пытанне — як адаб'ецца выхад Брытаніі на лёсе ЕС. Мануэль Макрон заявіў аб неабходнасці зрабіць урокі з Brexit і пацвердзіў намер «змагацца за суверэнную і дэмакратычную Еўропу». Аднак ёсць і больш скептычныя каментары. У Еўрасаюзе заканчваецца распрацоўка бюджэту на 2021-2027 гады. У сувязі з выхадам Брытаніі, якая была найбуйнейшым донарам бюджэту Еўрасаюза (узнос складаў каля 7 млрд еўра), скарачаюцца датацыйныя выплаты для шэрагу краін Усходняй Еўропы (краін Балтыі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, часткова Польшчы). Для некаторых краін гэта крытычна. Таму яны могуць больш актыўна канфліктаваць з чыноўнікамі ЕС аж да пагрозаў пайсці шляхам Брытаніі.

Такі трэнд, маўляў, таксама астудзіць у старой Еўропе ідэі пашырэння на Усход. Між тым, некаторыя ўкраінскія эксперты наадварот кажуць, што Brexit — гэта гістарычны шанец для Усходняй Еўропы. Разгубленасць Бруселя можна выкарыстаць, каб паспрабаваць прасоўваць свае інтарэсы. Так ці інакш, пасля таго як з ЕС выцягнулі фрагмент — Брытанію, агульная канструкцыя выглядае вельмі нестабільна. Малюнак выдання Politico.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: