Дасье ў карыкатурах: хто пойдзе супраць Трампа?

За акіянам пачалося самае грандыёзнае ў свеце шоу, якое называецца выбары прэзідэнта ЗША. Да лістапада 2020-га года, калі пройдзе галасаванне, мы будзем сведкамі лютай бойкі паміж кандыдатамі ад рэспубліканцаў і дэмакратаў.
Калі з прадстаўніком рэспубліканцаў усё зразумела — партыю будзе прадстаўляць дзеючы прэзідэнт Дональд Трамп, то дэмакраты яшчэ вызначаюцца з фігурай кандыдата. Важным этапам гэтага кастынгу сталі дэбаты паміж прэтэндэнтамі, якія прайшлі на мінулым тыдні ў Фларыдзе. Цікавасць аўдыторыі да мерапрыемства была настолькі велізарнай, што па колькасці праглядаў ледзь не быў пабіты рэкорд мегапапулярнага серыялу «Гульня тронаў».

Напярэдадні дэбатаў фаварытам праймерз лічыўся былы віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн, якому сімпатызуюць каля 38 працэнтаў сяброў Дэмпартыі. Аднак чым далей, тым Джо ўсё больш не падабаецца маладой прагрэсіўнай Амерыцы. Настрой маладых дэмакратаў ілюструе карыкатура выдання The Buffalo News, на якой выяўлена кафэ Джо Байдэна. У яго меню такія стравы як «Настальгія», «Падсалоджаны Трамп», «Спадчына Абамы» і г.д.

Нядзіўна, што на дэбатах маладыя дэмакраты атакавалі 77-ці гадовага аксакала, узгадаўшы яму ўсе былыя хібы — падтрымку расавай сегрэгацыі ў школах, невыразную пазіцыю па пытанні правоў на аборты, сексізм і г.д. Больш за ўсіх троліла Джо малады сенатар ЗША ад штата Каліфорнія афра-амерыканка Камала Харыс. У прэсе пішуць, што яе напад на Байдэна па расавай праблеме стаў самым яркім момантам дэбатаў, і, магчыма, будзе мець наступствы. Так, не выключана, што чарнаскуры выбаршчык адвернецца ад Байдэна. Што тычыца Камалы, то яна адразу стала кумірам часткі афра-амерыканцаў і феміністак, якія мараць пра чарнаскурую жанчыну-прэзідэнта. У карыкатурах, напрыклад на рэсурсе Political Cartoons, вельмі папулярна параўноўваць Камалу з супер-жанчынай — папулярнай гераіняй коміксаў.  

Праколам Байдэна не змог скарыстацца яго галоўны пераследавальнік Берні Сандэрс, які абяцае выбаршчыкам пабудаваць у Штатах «дэмакратычны сацыялізм». Каментатары лічаць, што на дэбатах ён сябе асабліва не праявіў. Затое атрымалася прыцягнуць да сябе ўвагу сенатару ад Масачусетса Элізабэт Уорэн, якая паводле апытанняў больш за ўсё спадабалася гледачам. Цікава, што праграма Уорэн (нарадзілася ў 1949 годзе) мала адрозніваецца ад прапаноў Сандэрса. Яна таксама за жорсткае рэгуляванне карпарацый, даступную адукацыю, інвестыцыі ў навуку і абарону навакольнага асяроддзя, павышэнне заработнай платы і г.д.

Не выключаюць, што Уорэн можа абыйсці Сандэрса і нават стаць кандыдатам. Зрэшты, для перамогі на выбарах гэтага мала. Тым больш у Элізабэт ёсць шкілет у шафе. Неяк пры паступленні на працу яна напісала ў анкеце, што сярод яе продкаў ёсць індзейцы. Пазней крытыкі абвінавацілі яе ў падробцы звестак аб наяўнасці продкаў з карэнных народаў ЗША, каб атрымаць перавагу на рынку працы. А кансерватыўная прэса высмеяла «індзейскія карані» сенатара ў карыкатурах. На адной з іх, змешчаных у газеце The Columbus Dispatch, індзеец носіць значок «у 2020-ым гатовы галасаваць за каго заўгодна, але не за Уорэн».


Затое сапраўдным героем тэледэбатаў стаў прэзідэнт Дональд Трамп. Яго імя неаднаразова згадвалі большасць кандыдатаў. Трампа крытыкавалі за яго пазіцыю па рэформе медыцынскага страхавання і міграцыі, за выхад з «ядзернай здзелкі» з Іранам. Прыгадалі сварку з еўрапейскімі саюзнікамі па НАТО, нахабнае стаўленне да прэсы і г.д. Пры гэтым кандыдаты не саромеліся ў выразах. Так, Сандэрс назваў Трампа «паталагічным ашуканцам і расістам». Узгадванне Трампа да месца і не да месца дазволіла многім, у тым ліку карыкатурыстам, лічыць як раз Дональда сапраўдным пераможцам дэбатаў. «Трамп перамог», — кажа герой карыкатуры мастака Шэана Дэлонаса на пытанне жонкі наконт пераможца дэбатаў.

З іншага боку, шанец у дэмакратаў яшчэ ёсць. Прынамсі паводле нядаўняга апытання тэлеканала Fox News, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся зараз, за Дональда Трампа аддалі галасы 38% рэспандэнтаў, у той час як 49% прагаласавалі б за Джо Байдэна. Праўда, для перамогі дэмакратам патрэбна адзінства. Між тым напярэдні выбараў 2020-га іх лагер выглядае як ніколі фрагментаваным. На пост кандыдата прэтэндуюць аж 24 челавекі, якія ў дадатак не маюць адзінага погляду на сітуацыю. Лагічна, што мастак Дэйв Гранлуд выявіў дэмакратаў як табун дзікіх аслоў (асёл — сімвал Дэмпартыі). Аднак віншаваць Трампа з перамогай яшчэ рана. Выбары толькі пачынгаюцца і нас чакае процьма ўсялякіх сюпрызаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: