Дасье ў карыкатурах: інда-пакістанскі канфлікт. Апакаліпсіс пачынаецца?

Яшчэ ў часы халоднай вайны навукоўцы, што выступалі супраць атамнай зброі, прыдумалі гадзіннік Суднага дня, які алегарычна адлічвае час да канца свету. У лютым ён паказваў 23:58 — да апакаліпсісу застаецца ўсяго дзве хвіліны! Але хутка гэта дыстанцыя можа скараціцца праз цяперашнія інда-пакістанскія разборкі.

Усё пачалося праз Падзел Індыі (англ. Partition of India) — працэс падзелу ў 1947-м былой брытанскай індыйскай калоніі на новыя незалежныя дзяржавы: мусульманскі Пакістан і Індыю, дзе мелі жыць вернікі індуізму. Падзел прывёў да буйных кровапралітных сутыкненняў, у якіх, паводле афіцыйных дадзеных, загінула каля 1 млн чалавек (па неафіцыйных — да 4 мільёнаў).

Многія абвінавачваюць у тых падзеях Лондан, які ў сваіх мэтах прыдумаў і запусціў Падзел. На гэтую тэму карыкатура 1947-га, на якой брытанскі дыпламат, назіраючы за тым як фокуснікі індусы і мусульмане піляць Індыю, запэўнівае, што з ёй усё ў парадку.


З падзелам Індыі канфрантацыя працягнулася. З 1947-га краіны тройчы ваявалі, не лічачы лакальных сутычак. Каменем перапоны з'яўляецца Кашмір — тэрыторыя, дзе падчас Падзелу ва ўладзе быў махараджа-індуіст. Махараджа заявіў аб далучэнні Штата да Індыі, аднак 77% яго падданых былі мусульманамі, якія ў сваю чаргу бачылі Кашмір выключна ў складзе Пакістана. Неўзабаве на дапамогу кашмірскім фракцыям прыйшлі рэгулярныя воінскія часткі Пакістана і Індыі. Баявыя дзеянні фармальна скончыліся ў 1949-м, калі ААН правяла лінію размежавання, аднак мір там умоўны. Незайздросную ролю Кашміра ў інда-пакістанскіх адносінах адлюстраваў мастак Сабір Назар.

Між тым, міжнароднікі пішуць, што, магчыма, паміж Індыяй і Пакістанам пачалася чацвёртая па ліку вайна. 14 лютага ў выніку тэракту ў індыйскай частцы Кашміру загінулі 45 паліцэйскіх. У адказ Індыя нанесла авіяўдар па лагеры групоўкі, якая ўзяла на сябе адказнасць за тэракт. Паколькі лагер знаходзіцца на падкантрольнай Пакістану часткі Кашміра, Ісламабад палічыў гэта інтэрвенцыяй і падняў у паветра сваю баявую авіяцыю.

Пасля серыі паветраных баёў уздоўж мяжы пачаліся артдуэлі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што абедзве дзяржавы маюць ядзерную зброю, якую ў крытычным выпадку могуць прымяніць. Графічна дэлікатнасць супрацьстаяння ілюструе рэсурс Political Cartoons з дапамогай праекцыі канфлікту на паядынак гульцоў у рэстлінг, якія маюць у арсенале ядзерныя кнопкі.
  
Верагоднасць эскалацыі сітуацыі ўзмацняюць маючыя адбыцца ў красавіку-маі выбары ў індыйскі парламент, за якімі ўслед можа рушыць змена прэм'ера. Цяперашні ўрад Індыі ўзначальвае лідар нацыяналістычнай партыя BJP Нарэндра Модзі. Модзі баіцца страціць уладу і ў тым ліку робіць стаўку на патрыятычныя лозунгі. Таму сярод опцый на пульце пад назвай «Стратэгія на выбарах 2019» сайт Rebel Politic намаляваў кнопку «Вайна з Пакістанам».

Як ні смешна, аднак нармалізацыі сітуацыі можа спрыяць спорт, а дакладней такая экзатычная для нас гульня як крыкет. Крыкет як у Індыі, так і ў Пакістане — амаль рэлігія. Нездарма цяперашні пакістанскі прэм’ер — былая зорка па крыкеце. У выніку ўвага да матчу Пакістан-Індыя проста фантастычная (іх сустрэчу ў 2011-м глядзела 400 мільёнаў гледачоў). Хаця такія гульні спрыяюць росту агрэсіўнага нацыяналізма на трыбунах, усё ж матч лепш, чым адкрытае вайсковае супрацьстаянне. Дарэчы, карыкатурысты ўвогуле любяць выяўляць адносіны паміж Дэлі і Ісламабадам як крыкетны матч. Што пацвярджае малюнак выдання Ask ideas.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!