Дасье ў карыкатурах: Іспанія, якую мы не ведалі

У выніку датэрміновых парламенцкіх выбараў 28 красавіка партыйны ландшафт і палітычная культура Іспаніі цалкам змяніліся. На Пірэнеях пачынаецца новая эра, а самі выбары паўплываюць на травеньскія выбары ў Еўрапарламент, якія ўжо называюць паваротным пунктам у гісторыі ЕС.

Галоўны маркер глабальных пераменаў — разбурэнне дзвюхпартыйнай сістэмы, якая склалася ў Іспаніі пасля смерці Франка і аднаўлення дэмакратыі ў 1975-м. Як правіла, дамінуючай партыяй у Кабінеце міністраў былі ці кансерватары з Народнай партыі (РР) або сацыялісты. Па выніках галасавання РР як партыя-мастодонт выпарылася. Кансерватары пад кіраўніцтвам Пабла Касада атрымалі ўсяго 66 месцаў у парламенце, дзе засядаюць 350 дэпутатаў. Відавочна, што іспанцы не даравалі народнікам старых карупцыйных афераў. Бядотнае становішча РР графічна адлюстраваў мастак выдання El Juves, намаляваўшы Пабла Касада, які просіць на хлеб.


А трыумфатарам выбараў сталі сацыялісты на чале з Педра Санчэсам, якія маюць 123 дэпутацкія мандаты з 350, што на 39 месцаў больш, чым у палаце мінулага склікання. Сам па сабе поспех сацыялістаў — гэта нешта незвычайнае для цяперашняй Еўропы. Тым больш, што адміністрацыя Санчэса сапраўды не адступае ад ідэалагічных пастулатаў. Напрыклад, дапускае ў краіну імігрантаў, якіх адмаўляецца прымаць Італія. Павышае пенсіі і пашырае правы арандатараў жылля. І, нарэшце, самае адважнае рашэнне ўрада: з 1 студзеня 2019 года памер мінімальнай зарплаты (SMI) у Іспаніі вырас з 735,90 еўра да 900, або на 22,3% — рэкорднае павышэнне за ўсю гісторыю SMI. Безумоўна, такая паслядоўнасць зрабіла Санчэса кумірам электарату, што арыгінальна праілюстраваў у сваім калажы італьянсік часопіс Internazionale.


Нельга абыйсці яшчэ адзін момант. Па выніках выбараў Іспанія стала рэкардсменам па колькасці жанчын-парламентарыяў. У новым парламенце іх будзе 47,7 адсоткаў. Другое месца зараз утрымліваюць Фінляндыя і Швецыя. Пашырэнне жаночай квоты паўплывае на дзяржаўныя прыярытэты. У кантэксце таго, што адбываецца, мастак Дані Гоўв прапанаваў падкарэктаваць манументальны дызайн будынка іспанскага парламента. Уваход у будынак упрыгожвалі статуі двух львоў. Цяпер, як лічыць карыкатурыст, самы час замяніць аднаго з львоў на львіцу.


Зрэшты, назваць Іспанію прагрэсіўнай краінай нельга. Праблемамі кансерватараў скарысталіся правыя радыкалы, якія ўпершыню з канца 70-х прарваліся ў парламент. Партыя Vox, што лабіруе іх інтарэсы, атрымала 10,3% галасоў. Эксперты мяркуюць, што поспех ультраправых стаў рэакцыяй на крызіс РР і на спробу Каталоніі абвясціць незалежнасць. Партыя Vox выступае супраць фемінізму, неабмежаванай іміграцыі і, безумоўна, за рэабілітацыю спадчыны дыктатара Франка. Вяртанне фігуры Франка ў іспанскую палітыку — тэма карыкатуры нямецкага мастака Райнера Хафельда.


Левыя ў цяперашнім парламенце складаюць дэпутацкую меншасць. Такі расклад дае апанентам Санчэса шанец заблакаваць яго ініцыятывы і дамагчыся новых выбараў.

Аднак нечакана ў сітуацыю ўмяшаўся каталонскі фактар. Сярод абраных у парламент апынуліся таксама лідары каталонскіх нацыяналістаў з партыі левых рэспубліканцаў (ERC), якія сядзяць за кратамі за сепаратызм. Відавочна, што каталонцы за палітыкаў-вязняў галасавалі, каб паказаць дулю Мадрыду. Так ці інакш, адсутнасць каталонцаў у парламенце дазваляе Санчэсу і яго саюзнікам мець перавагу. А вось лідарам ERC не пазайздросціш. На думку экспертаў, іх чакае жорсткая расправа. Сітуацыю з іспанскай Фемідай выявіў мастак Reuters.


Што да Беларусі, то актуалізацыя іспанскай тэмы можа звярнуць увагу чыноўнікаў на тамтэйшую карыду. Як вядома, для карыды патрэбна рагатая жывёла. А гадаванцы айчыннага агракомплексу здольныя напалохаць тарэадораў не горш за славутых іспанскіх быкоў, што ілюструе малюнак «Новага Часу».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!