Дасье ў карыкатурах: Як катуюць у турмах

Сучасная карыкатура заўжды аператыўна рэагуе на інфармацыю пра выпадкі катаванняў у турмах.

Тэма катаванняў палітычных апанентаў стала сюжэтам карыкатур вельмі даўно. Яшчэ больш за сто год таму брытанская прэса заклікала не галасаваць за партыі, якія фармуюць Кабмін. Справа ў тым, што тагачасны ўрад дазваляў катаванні прыхільнікаў ідэі ўдзелу жанчын у выбарах. Прымусовае кармленне актывісткі, якая абвясціла галадоўку, стала адным з сюжэтаў карыкатуры.


Напэўна, самыя незвычайныя малюнкі на дадзеную тэму былі апублікаваныя ў амерыканскім часопісе «The Atlantic». Іх аўтар — чалавек, які асабіста прайшоў праз турмы Паўночнай Карэі і сам быў ахвярай катаванняў. Свой досвед ён выявіў пасля таго, як нейкім чынам уцёк ад рэжыму Чучхе.


Стала з’яўляюцца ў прэсе і карыкатуры, якія звяртаюць увагу на практыку катаванняў на амерыканкай базе Гуантанама. Тую базу часткова ператварылі ў турму, дзе без якіх-небудзь прававых працэдур утрымліваюць асоб, якіх ЦРУ лічыць пагрозай для Штатаў. На малюнку «The New York Times» выяўлена катаванне вязняў праз апусканне галавы на доўгі час у ваду. Пры гэтым амерыканскі вайсковец, каб апраўдацца перад юрыстам-інспектарам кажа, што проста вырашыў даць вязню трошкі папіць.


Яшчэ адна пляма на маральным абліччы Штатаў — катаванні ў іракскіх турмах. У прыватнасці, у турме Абу Граіб амерыканскія салдаты гвалцілі вязняў, ездзілі на іх верхам, прымушалі вылоўліваць ежу з унітазаў у прыбіральнях, хадзіць на кукішках, гаўкаць і г. д. Скончылася ўсё дзікім скандалам і працэсам над жаўнерамі-катамі. Адна з іх, Сабрына Харман, якая любіла рабіць фота на фоне закатаваных вязняў, стала гераіняй шматлікіх карыкатур. Так, на малюнку выдання «Clarion» яна пытае ў вязня, ці адчувае ён веліч дэмакратыі.


Дастаткова экзатычны спосаб катаванняў прыдумалі ў тэакратычных дыктатурах Блізкага Усходу. Тут вязняў, якія захварэлі на цяжкія хваробы, проста адмаўляюцца лячыць. Разлік, відавочна, робіцца на тое, што хворы, каб атрымаць медыцынскую дапамогу, пагодзіцца на супрацоўніцтва. Тэматычная карыкатура мясцовага мастака.


Праславіўся сваімі турмамі і пануючымі там парадкамі таксама Іран. Калі верыць апазіцыйным СМІ, палітвязні, як правіла, утрымліваюцца ў памяшканняў без ложкаў і без доступу да элементарных сродкаў гігіены. Вада і харчаванне выдаюцца турэмнымі службоўцамі нерэгулярна. Затое рэгулярна можна стаць ахвярай згвалтавання з вялікай рызыкай падхапіць СНІД. Зрэшты, у арсенале мясцовых турэмшчыкаў ёсць і іншыя сродкі катаванняў. Іх выявіла брытанскае выданне «Daily Mail».


Дастаецца ад карыкатурыстаў і палітыкам, якія спрабуюць змагацца з практыкай турэмных катаванняў рознымі заявамі, рапартамі і іншай бюракратыяй. На малюнку з рэсурса «Claytonz» кат-турэмшчык прапануе вязням узняць рукі, каб прагаласаваць за пратэст супраць зместу справаздачы пра катаванні ў турмах.


Застаецца дадаць, што за апошні год карыкатурысты звярнулі ўвагу і на Сінявокую. Мастак выдання «Cartoon Movement» інтэрпрэтаваў «інтэрв'ю» Рамана Пратасевіча як наступства ціску на вязня. І нешта падказвае, што падобны малюнак не будзе апошнім.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: