Дасье ў карыкатурах: Каранавірус атакуе!

Новы каранавірус, які бушуе ў Кітаі, — не толькі адна з самых галоўных тэмаў у СМІ, але і падстава для шматлікіх карыкатур.

Першыя выпадкі хваробы з'явіліся ў паўднёва-цэнтральнай частцы Кітая ў правінцыі Хубэй напрыканцы мінулага года. Неўзабаве 11-мільённы горад Ухань узялі ў блакаду: зачынілі ўезды і выезды, прыпынілі рух грамадскага транспарту, адмянілі авіякантакты. Услед за Уханью зачынілі яшчэ некалькі гарадоў. Аднак загадкавы вірус распаўсюдзіўся за межы Хубэя і пайшоў гуляць па свеце. Колькасць захварэлых на пнеўманію, выкліканую каранавірусам, перавысіла дзве тысячы чалавек, 56 чалавек памерлі. Барацьба чалавецтва з новай эпідэміяй пачалася.

Тым часам, на прасторах кітайскага інтэрнэту распаўсюджваецца маса чутак наконт эпідэміі. Кітайцы ўспомнілі пра «нябесны мандат». У Паднябеснай на працягу многіх стагоддзяў існуе вераванне: калі кіруючай дынастыі прыходзіць канец, на краіну абвальваецца страшнае няшчасце. Няўжо невядомы каранавірус стане пралогам краху праўленню Камуністычнай партыі Кітая? Гэтай версіі прытрымліваецца мастак рэсурсу Political Cartoons. На яго малюнку камуністычныя зоркі на сцягу КНР замяняе выява віруса.

Як звычайна, не абышлося без канспіралагічных версій наконт выкарыстання біялагічнай зброі. Шматлікія кітайцы мяркуюць, што ніякага каранавіруса няма. Маўляў, на самай справе, іх краіна стала мішэнню біялагічнай атакі ЗША, якая, як вядома, вядзе з КНР гандлёвыя войны. Ёсць тэорыя, што ў Ухані мела месца ўцечка біяпрэпарату, які ўлады Кітая распрацоўвалі для падаўлення беспарадкаў у Ганконгу. У шэрагі прыхільнікаў гэтай тэорыі, падаецца, запісаўся і аўстрыйскі мастак Мар’ян Камінскі. Ён выявіў лідара КНР, які з дапамогай вірусаў спрабуе зламаць супраціў маніфестантаў з Ганконгу.


Нягледзячы на тое, што эпідэмія — увогуле не вельмі вясёлая справа, каранавірус стаў імпульсам для стварэння сапраўднай серыі жартаў і прыколаў. Напрыклад, пра тое, што слова «каранавірус» нагадвае назву папулярнай маркі піва «Карона». На малюнку канадскага выдання The Observer супрацоўнік, які ўжыў шмат «Кароны», адмаўляецца ісці на працу, паколькі, на яго думку, дакладна падхапіў вірус.



Мастакі таксама спрабуюць праз тэму эпідэміі нагадаць пра важныя грамадскія праблемы. Так, на малюнку амерыканскага мастака Боба Енгехарта дыктар навінаў з жахам распавядае пра тое, што ў Штатах ужо два чалавека падазраваныя на заражэнне вірусам. А пасля дзяжурна зачытвае зводку пра чарговую порцыю забойстваў на глебе злоўжывання зброяй, якую ў ЗША можна набываць вольна.



Што тычыцца перспектыў вайны чалавецтва з новым вірусам, то тут кансэнсусу сярод мастакоў няма. Адныя, як Джордж Горрэл, слаба вераць у тое, што паліцэйскія меры кітайскіх уладаў дапамогуць стрымаць хваробу. Паводле яго малюнку, планета хутка ператворыцца ў пацыента.



Затое нямецкі карыкатурыст Харм Бэнген больш аптымістычны па гэтаму пытанню. Ён упэўнены, што кітайцы здольныя ўтрымаць распаўсюд смяротнага віруса. Хаця б таму што ў іх ёсць славутая кітайская сцяна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: