Дасье ў карыкатурах: Найджэл Фарадж — чалавек, які знішчыць Еўрасаюз

На наступным тыдні можа вырашыцца лёс ЕС. Калі па выніках выбараў у Еўрапарламент туды пройдзе крытычная маса дэпутатаў ад еўрафобскіх партый, аб’яднанню пагражае параліч. У прыватнасці, разбурыць Саюз знутры абяцае Найджэл Фарадж — лідар брытанскіх еўраскептыкаў, які зрабіў на радзіме сапраўдную палітычную рэвалюцыю.
Найджэл Фарадж (нарадзіўся ў 1964 годзе) з'яўляецца адным з заснавальнікаў Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства (UKIP), якую ён стварыў пасля спынення сяброўства ў Кансерватыўнай партыі ў 1992 годзе з-за падпісання Лонданам Маастрыхцкай дамовы. З часам Фарадж здолеў ператварыць UKIP з маргінальнай арганізацыі ў трэцюю найбуйнейшую партыю ў брытанскай палітыцы і пераканаць большасць брытанцаў прагаласаваць за выхад з Еўрапейскага саюза ў 2016-м. Перамога еўраскептыка стала ўдарам для Еўрасаюзу, што графічна выявіў мастак аўстрыйскага выдання Kleine Zeitung.    


Рэалізаваўшы мару свайго жыцця, Фарадж раптам падаў у адстаўку з пасады лідара UKIP, заявіўшы, што дасягнуў палітычнай мэты партыі і хоча «вярнуцца да жыцця». Пару гадоў яго імя не з'яўлялася на газетных палосах. Аднак у лютым гэтага года нечакана адбыўся comeback. Палітык заявіў, што не можа бяздзейнічаць, калі падрываецца працэс выхаду Вялікабрытаніі з складу ЕС. Каб давесці гэты працэс да канца ён анансаваў стварэнне партструктуры пад назвай Brexit party. Першапачаткова навіна пра вяртанне Фараджа выклікала іронію. Як прыклад, ілюстрацыя выдання Financial Times, на якой палітык з'яўляецца з смеццевага кантэйнера.

Аднак тыя, хто смяяўся з Фараджа, хутка пачалі плакаць. Літаральна за пару месяцаў рэйтынг Brexit party ўзляцеў да амаль 30 працэнтаў. Паводле апошніх апытанняў, Brexit party значна апярэджвае па папулярнасці дзве традыцыйна вядучыя партыі краіны – кансерватараў, якія знаходзяцца ва ўладзе, і апазіцыйных лейбарыстаў. Прычым рэйтынг кансерватараў наогул самы нізкі ў гісторыі. Аднак Фараджу гэтага мала і ён адкрыта заяўляе, што збіраецца выцесніць торы з палітычнага поля. Брытанская The Guardian, ілюструючы трэнды, выявіла Фараджа з трафеямі — галовамі лідараў кансерватыўнай і лейбарысцкай партый.

Між тым, услед за Англіяй, падаецца, прыйшла чарга Еўрасаюзу. Фарадж пагражае выклікаць хаос і анархію ў Еўрапарламенце, калі будзе туды абраны. Наконт гэтага ніякіх сумневаў няма. Brexit party карыстаецца найбольшай падтрымкай у краіне. Дык у чым сакрэт Фараджа? Безумоўна, галоўны фактар ​​— гэта расчараванне ў старых партыях. Але ёсць яшчэ адзін момант. У вялікай ступені поспех Фараджа стаў вынікам яго вобразу простага хлопца. Не выпадкова ён стала трапляе ў кадр фотажурналістаў з пінтай піва або цыгарэтай у руцэ (а то і з тым і з тым адразу). Імідж «свайго хлопца з паба па суседстве», а таксама пагарда да нормаў паліткарэктнасці сталі своеасаблівай фішкай палітыка. Малююць Фараджа з півам і карыкатурысты. На малюнку выдання Spectator правадыр Brexit party трымае шклянку, у якой тоне лідар кансерватараў Тэрэза Мэй.

Думаецца, што эфектыўнасць палітычнага стылю Фаража рана ці позна зацікавіць і нашых палітычных тэхнолагаў. У такім разе папулярныя бары будуць проста перапоўнены кандыдатамі. Самыя лепшыя месцы, зразумела, заграбуць пад сябе кандыдаты ад праўладных структураў, што адлюстравана на малюнку «Новага Часу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!