Дасье ў карыкатурах: NATO на парозе расколу?

Праз стварэнне абароннага саюза AUKUS паміж саюзнікамі ў NATO прабегла чорная котка. Дэталі канфлікту — у малюнках карыкатурыстаў.
Трыгерам для канфлікту паслужыла рашэнне Канберы разарваць кантракт коштам у 56 млрд еўра з французскім канцэрнам Naval Group на пастаўку 12 дызель-электрычных падводных лодак. Замест гэтага Аўстралія плануе пабудаваць атамныя субмарыны з дапамогай ЗША і Вялікабрытаніі. Такі арсенал патрэбны для супрацьстаяння ваеннай моцы Кітая, якая расце. Новую расстаноўку сіл у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне адлюстраваў мастак выдання Explore, спраектаваўшы яе на гульні хлопчыкаў.



Увогуле такое рашэнне аўстралійскія ўлады прынялі ў рамках заснавання трохбаковага абароннага саюза AUKUS, куды акрамя Канберы ўвайшлі Вашынгтон і Лондан. Карыкатурысты тут жа прыдумалі сімвал новага альянсу, візуальна сінтэзаваўшы фрагменты льва (знак Брытаніі), арла (знак Амерыкі) і кенгуру (знак Аўстраліі). Атрымалася весела.


Пры гэтым, спрабуючы абараніць свае інтарэсы, у Вашынгтоне і Канберы недаацанілі палітычныя і псіхалагічныя наступствы рашэння для Парыжа. Там усе ў шоку, паколькі англасаксонская «тройка» прымала рашэнні без кансультацый з Францыяй: больш за тое — дэталі былі ўзгодненыя лідарамі ЗША, Аўстраліі і Вялікабрытаніі за спінай Эмануэля Макрона ў чэрвені, падчас саміту «вялікай сямёркі». Тэма таго, што Макрон аказаўся за бартом субмарыны, вельмі спадабалася карыкатурыстам. Напрыклад, мастак Daily Telegraph раскрыў яе дзякуючы пародыі на знакаміты мультфільм «Жоўтая падводная лодка».


На думку Парыжа, з Францыяй паступілі як з другараднай рэгіянальнай краінай, а не як з вялікай ядзернай дзяржавай, якая грае адну з вядучых роляў у ЕС і NATO. І хоць Канбера сцвярджае, што Парыж ведаў пра яе намеры, французы гэта адмаўляюць і патрабуюць сатысфакцыі. Больш за ўсё пацярпеў ад гэтай гісторыі Макрон, якому праз сем месяцаў ісці на выбары. Карыкатурыст The Times дапусціў, што Эмануэль у гневе нават можа атакаваць падлодкі AUKUS.


У гісторыю аніміравання старога агла-французскага суперніцтва таксама ўключыліся і мастакі-графікі. У Францыі і ў Брытаніі яны ахвотна «падколваюць» суседзяў па той бок Ла-Манша. «У мяне няма натхнення маляваць падводныя лодкі», — скардзіцца французскі мастак на карыкатуры Financial Times.


Абурэнне французаў настолькі моцнае, што шэраг палітыкаў і экспертаў заклікалі паўтарыць дэмарш дэ Голя і вывесці Францыю з ваенных структур NATO. У Елісейскім палацы таксама зноў загаварылі аб «стратэгічнай аўтаноміі», якая прадугледжвае пабудову незалежнай ад Злучаных Штатаў еўрапейскай структуры абароны. Момант абуджэння Еўропы ад ілюзій пра тое, што Штаты — яе раўнапраўны партнёр, — тэма карыкатуры выдання Global Times. Ці будзе Еўропа сапраўды ствараць структуры, альтэрнатыўныя NATO? Выключаць гэтага нельга, але пакуль да рэалізацыі «стратэгічнай аўтаноміі» Еўропы яшчэ вельмі далёка. Яшчэ доўгі час у галіне абароны еўрапейскія краіны будуць вымушаныя прыслухоўвацца да думкі Вашынгтона.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: