Дасье ў карыкатурах. Незалежнасць недзе побач

Супраць прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі ўзбунтавалася судовая ўлада цэлага рэгіёну — Шатландыі. Шатландскі суд прызнаў «нікчэмным» рашэнне прэм'ер-міністра Брытаніі, што справакавала плёткі пра хуткі новы рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна.

Першы рэферэндум на гэтую тэму, як вядома, прайшоў 18 верасня 2014 года. Тады асобам з шатландскай прапіскай было прапанавана адказаць на пытанне: «Ці павінна Шатландыя стаць незалежнай краінай?» У выніку 55,3% прагаласаваўшых выступілі супраць незалежнасці. Вынік шакаваў лідараў Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP), якая ініцыявала апытанне і ўвогуле ішла да гэтага мерапрыемства аж з 2007 года, калі прыйшла да ўлады ў рэгіёне. Выданне The Times параўнала канфуз нацыяналістаў з пасткай, у якую трапіў Мікі Маўс (на яго вонкава быў падобны тагачасны лідар SNP Алекс Салмонд). На малюнку мыш у шоку енчыць: «Дзе мы зараз?»



Тады здавалася, што ідэя незалежнай Шатландыі надоўга здымаецца з палітычнай павесткі. Аднак нечакана на дапамогу прыйшлі самыя заўзятыя праціўнікі шатландскага суверэнітэту. Гутарка пра брытанскіх кансерватараў, якімі на той час кіраваў Дэвід Камерон. Камерон абвясціў выбары ў парламент на май 2015 года. Пры гэтым фішкай выбарчай праграмы торы было абяцанне правесці плебісцыт аб выхадзе Брытаніі са складу ЕС. Паколькі шатландцы, як правіла, сімпатызуюць ЕС, яны дружна прагаласавалі за тую самую SNP, якая зарэкамендавала сябе самой праеўрапейскай палітычнай палітсілай. У выніку нацыяналісты атрымалі 56 з 59 мандатаў ад шатландскай дэпутацкай квоты. Такі трыўмф маральна дазволіў ім зноў павярнуцца да тэмы абвяшчэння незалежнасці. Шок кансерватараў ад выбару шатландцаў стаў тэмай брутальнай, аднак лаканічнай карыкатуры мастака Дарыла Кагла (Daryl Cagle).



Рэферэндум 2016 года аб выхадзе з ЕС, на якім перамаглі еўрафобы, дазволіў SNP адкінуць усе комплексы і ўсё больш гучней гаварыць аб магчымасці новага плебісцыту ў выпадку Brexit. Нарэшце, пасля чарговага крызісу брытанскага кабінета міністраў з-за Brexit 29 мая 2019 года, урад Шатландыі апублікаваў законапраект аб правядзенні другога рэферэндуму аб незалежнасці. Згодна з гэтым дакументам, другі рэферэндум аб выхадзе Шатландыі са складу Вялікабрытаніі можа прайсці да 2021-га. Нядаўняя пастанова шатландскага суду ад 11 верасня аб незаконным рашэнне прэм'ер-міністра Брытаніі Барыса Джонсана аб прыпыненні працы брытанскага парламента яшчэ адзін крок у гэтым кірунку. Варта дадаць, што незалежніцкія аспірацыі шатландцаў гатовыя падтрымаць у ЕС. Мастак, які публікуецца пад мянушкай Sheriff, паспрабаваў выявіць геапалітычны расклад вакол Шатландыі з дапамогай забаўнай картаграфіі.



Паступова ўсё больш людзей у Англіі дапускаюць, што Шатландыю ўсё ж давядзецца адпусціць. А вось прагнозы наконт таго, як будзе выглядаць новая незалежная дзяржава, супярэчлівыя. Адны лічаць, што за кошт уласных марскіх нафтавых запасаў краіна можа стаць досыць эканамічна паспяховай. Іншыя звяртаюць увагу на тое, што рэгіён быў заўсёды датацыйным. Акрамя таго, SNP - вельмі левая партыя, якая нават дапускае адмову ад інстытута арміі. У гэтым плане нават прагназуюць, што незалежную Шатландыю пры прэм'еры Ніколе Стэрджэн (цяперашні лідар SNP) чакае лёс Грэцыі, якая доўгі час перабывае ў стане крызісу. На малюнку выдання The Тelegraph флаг Шатландыі за спяной Ніколы трансфармуецца ў грэцкі сцяг.



Зрэшты, шатландцам трэба той самы суверэнітэт спачатку атрымаць, а гэта будзе не проста. Перш за ўсё таму, што ўсё залежыць ад таго, як скончыцца Brexit, які ператвараецца ў сапраўдную санта-барбару. Цяперашні прэм'ер Барыс Джонсан кажа, што гатовы ды таго, каб 31 кастрычніка сысці з ЕС увогуле без аніякага пагаднення, аднак гэта ўтопія. Выхад без дамовы ўдарыць па Вялікабрытаніі куды мацней, аж да, як мяркуюць эксперты, дэфіцыту прадуктаў. Таму ўсё зацягнецца на незразумелы тэрмін. У гэтым плане развод Шатландыі і Англіі рызыкуе стаць падобным да адносінаў сужэнцаў, якія то жадаюць разбегчыся, то не супраць захаваць статус-кво. Менавіта так уяўляе цяперашнюю сітуацыю вакол Шатландыі рэсурс Cartoonstock.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!