Дасье ў карыкатурах: Олаф Шольц — будучы канцлер ФРГ?

За тры дні да выбараў у бундэстаг Германіі ў лідары выходзяць сацыял-дэмакраты, якія доўга лічыліся аўтсайдарамі. Хто такі іх кандыдат у канцлеры Олаф Шольц, які можа змяніць Ангелу Меркель? Разбіраемся з дапамогай карыкатурыстаў.



Малады Олаф Шольц далучыўся да эсдэкаў у 1975 годзе яшчэ падчас вучобы ў школе, стаўшы сябрам Jusos — моладзевай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (SPD). Пры гэтым у той час ён заклікаў пакончыць з капіталістычнай эканомікай, крытыкаваў «агрэсіўна-імперыялістычны блок NATO» і кааліцыі з удзелам правых партый. Зрэшты, трэба прыняць да ўвагі, што маладзёжка SPD заўсёды была вельмі левай і радыкальнай. Напрыклад, сённяшнія маладыя эсдэкі, заклікаючы легалізаваць марыхуану, нават прапануюць замяніць ружу — сімвал сацыял-дэмакратыі — на іншую расліну.
Па ходзе імклівай партыйнай кар'еры (у 2002-м Шольц заняў пасаду генсека SPD) Олаф стаў больш умераным палітыкам. Цяпер яго фішкай была адсутнасць эмацыйнасці. Падчас прамоў ён рабіў уражанне механічнай машыны. А на пытанні адказваў амаль выключна тэхнакратычнымі фармулёўкамі. Прычым пастаянна іх паўтараў. Не дарма ў прэсе яго жартам называлі Шольцаматам. А мастак газеты Welt параўноўваў Олафа з механічнай цацкай.


І тым не менш крок за крокам Шольц падымаўся па прыступках партыйнай кар'еры — бясшумна, але эфектыўна. Быў генсекам SPD, сенатарам па ўнутраных справах, а затым і бургамістрам Гамбурга. Потым пераехаў у Берлін, стаў спачатку міністрам працы ў цэнтральным урадзе, а цяпер займае пасаду кіраўніка Мінфіна і віцэ-канцлера. Паступова яго пачалі параўноўваць не з робатам, а з салідным крэйсерам, які цяжка патапіць. Малюнак швейцарскай NZZ.
9 мая 2021-га дэлегаты віртуальнага з'езда SPD афіцыйна зацвердзілі Шольца сваім кандыдатам у канцлеры. Намінацыя была нечаканай, паколькі Шольц належыць хутчэй кансерватыўнай фракцыі партыі, а яе цяперашнія сустаршыні Эскен і Вальтэр-Бор'янс трымаюцца левых поглядаў. Верагодна, высоўваючы Шольца, яны хацелі павесіць на яго правал на будучых выбарах. У поспех эсдэкаў тады сапраўды ніхто не верыў. Не выпадкова карыкатурысты выяўлялі партыю ў выглядзе машыны, якая надзейна захрасла ў сумёце.

Але падчас кампаніі адбылася сенсацыя. Эсдэкі, якія стартавалі з 14% падтрымкі, цяпер абыходзяць кансерватараў. У чым прычына такога поспеху? Лічыцца, што шмат у чым вінаваты пераемнік Меркель — Армін Лашэт. Палітык дапусціў іміджавую памылку ў ліпені падчас візіту ў раён катастрафічнай паводкі на захадзе краіны. Калі суправаджаючы яго прэзідэнт ФРГ выказваў спачуванні пацярпелым, Армін на заднім плане смяяўся. Яму давялося прасіць прабачэння, рэйтынг партыі неўзабаве пасля гэтага пачаў падаць. На малюнку Леапольда Маўера Лашэт цалкам не ідзе на дно выключна таму, што трымаецца на памылках канкурэнтаў. У дадзеным выпадку гэта дысертацыя кандыдата ад «Зялёных», якая праз наяўнасць плагіяту выклікала гучны скандал.

Зрэшты, інцыдэнт з Лашэтам наўрад ці быў адзінай прычынай прарыву кандыдата ад эсдэкаў. Акрамя таго, піяр-менеджары Шольца змаглі ператварыць негатыўны імідж Олафа як зануды і бюракрата ў яго фірмовы знак, пазіцыянуючы палітыка ў якасці больш дасведчанага, чым канкурэнты. Сігналы, якія Шольц пасылае выбаршчыкам: «так, я нудны, але надзейны і са мной не прападзеш». У сваім стылі, дарэчы, ён усё больш капіюе Ангелу Меркель. Дайшло да таго, што для вокладкі аднаго часопіса Шольц склаў далоні «домікам» — фірмовы жэст Меркель.


Некаторыя газеты ўжо пішуць, што пасля выбараў на змену «Mutti» (маме), як называюць Меркель, можа прыйсці «Vati» (тата) Шольц. І ў кантэксце апошніх рэйтынгаў гэта ўжо не ўспрымаецца як жарт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: