Дасье ў карыкатурах: Першая мабільная вайна

Колькі існуе капіталізм, столькі існуюць гандлёвыя войны. Але цяперашні канфлікт паміж ЗША і Кітаем не мае прэцэдэнтаў. У тым ліку праз сітуацыю вакол кампаніі Huawei — вядомага вытворцы мабільных тэлефонаў.

На момант прыходу Дональда Трампа ў Белы дом адмоўны гандлёвы баланс ЗША з Кітаем складаў 335,4 млрд долараў. Вырашаць праблему Трамп вырашыў за кошт больш высокіх тарыфаў на кітайскі імпарт. Першыя «ваенныя» дзеянні ЗША распачалі ў сакавіку 2018 года, калі ўвялі 10-25% пошліны на сталь і алюміній. Адказ з боку Кітая — новыя 10-15% пошліны на 128 амерыканскіх найменняў тавараў. І пайшло паехала ... У цэнтры супрацьстаяння таксама апынулася кітайская кампанія Huawei — канкурэнт амерыканскай Apple. Хутка адміністрацыі ЗША і КНР пачалі абараняць свае мабілы, што арыгінальна адлюстраваў нідэрландскі мастак Йеп Бертрамс.


Пры гэтым бакі хутка забыліся пра нейкую дыпламатычную этыку. Амерыканцы ўцягнулі ў канфлікт Канаду, якая ў снежні 2018-га арыштавала топ-менеджара кітайскай карпарацыі Huawei Мэн Ваньчжоу — яна быццам супрацоўнічала з іранскімі спецслужбамі. Пекін у адказ таксама не цырымоніўся: пачаў пачкамі арыштоўваць канадскіх бізнесменаў і турыстаў, ігнаруючы пратэсты. Пікантная сітуацыя, у якой у выніку апынулася Атава, — тэма карыкатурыста канадскага часопіса Hamilton Spectator.



І вось новы паварот. 15 мая прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча для абароны амерыканскай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. Як следства кампанія Google пазбавіла Huawei доступу да розных сэрвісаў. Не будзе мець Huawei доступу да абнаўленняў аперацыйнай сістэмы Android. Таксама кампанію пазбавяць тэхнічнай падтрымкі, а ўсім амерыканскім кампаніям забаранілі супрацоўнічаць з фірмай без дазволу ўрада. На малюнку Aljaded Newspaper Дональд Трамп дасылае атакаваць Huawei зялёнага чалавечка — сімвал сістэмы Android.


А што кітайцы? Яны не здаюцца. Прадстаўнікі Huawei паведамілі, што амаль стварылі ўласную аперацыйную сістэму. Адначасова ў КНР стартавала кампанія ў падтрымку Huawei. Карыстальнікаў заклікаюць падтрымаць мясцовага вытворцу і адмовіцца ад дэвайсаў Apple. Далучыліся да кампаніі і лаяльныя карыкатурысты. На адным з малюнкаў кітайскі лідар адбівае атакі Трампа з дапамогай мясцовых адзінаборстваў.


Нарэшце ў кітайцаў ёсць суперзброя — у іх руках амаль 20% амерыканскага дзярждоўгу. І калі кітайскія ўлады вырашаць прадаць буйную долю амерыканскіх аблігацый, гэта можа абрынуць амерыканскую эканоміку. Рынкам іншых краін таксама мала не падасца. Праўда, думаецца, усё абыйдзецца. Справа ў тым, што ў кітайскіх камуністаў ёсць адна рэч, якая вельмі падабаецца Трампу. Гутарка пра афіцыйную прэсу КНР, якая ў адрозненні ад амерыканскай паважае ўладу. На думку мастака New York Times, Трамп аддасць усё, каб атрымаць такіх «чэсных» журналістаў.  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!