Дасье ў карыкатурах: Стагоддзе Кампартыі Кітая — пад сцягам Мао і Віні-Пыха

На самым высокім узроўні ў Кітаі святкуюць стагоддзе мясцовай кампартыі. З якім багажом падышла арганізацыя, у якой больш за 90 мільёнаў сяброў, да юбілея — дапаможа зразумець падборка карыкатур.

Гэтым летам Кітай ад малога да вялікага знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі да стагоддзя Камуністычнай партыі — КПК была створана купкай левых інтэлігентаў 1 ліпеня 2020-га. Конкурсы сачыненняў на гістарычныя тэмы ў школах, дзясяткі патрыятычных фільмаў у кінатэатрах, кідкія банеры з усхваленнямі мудрага партыйнага кіраўніцтва на вуліцах гарадоў і вёсак, ганаровыя медалі для мільёнаў камуністаў, якія знаходзяцца ў кіруючай партыі больш за паўстагоддзя. Не прайшлі міма трэнду і кітайскія графікі. Напярэдадні юбілею на экраны выйшаў мультфільм пра адважных трусікаў-камуністаў.


Няма сумневаў, што за апошнія сто гадоў Кітай прайшоў фантастычны шлях ад практычна каланіяльнай краіны да перадавой сусветнай дзяржавы і другой эканомікі свету. Прычым, гэты шлях кітайскі народ прайшоў разам з Камуністычнай партыяй. Трэба сказаць, што прарыў Кітая да гэтага часу для многіх цуд. Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя камуністычны рэжым у Кітаі разглядаўся ў якасці аграрнай крывавай дыктатуры. Так, на адной з карыкатур 60-х Мао выконвае абяцанне надзяліць усіх сялян зямлёй, прапаноўваючы ім класціся ў магілы.

Адным з галоўных падарункаў да юбілею стала перамога над каронавірусам — тут эпідэмію хутка і эфектыўна ўзялі пад кантроль. За тры месяцы Ухань — эпіцэнтр сусветнай пандэміі — атрымалася вярнуць да звычайнага жыцця. Акрамя таго, эканоміка краіны аднавілася і адзіная ў свеце паказала рост у пандэмічны год — на 2% ВУП. Але крытыкі звяртаюць увагу, што вірус з'явіўся менавіта ў Кітаі, і ва ўсіх ахвяраў заразы вінавацяць камуністаў. Малюнак карыкатурыста Rebel Pеpper.

Наогул, у заходняй прэсе папулярная тэма, што адным з галоўных падарункаў да юбілею хутчэй з'яўляецца разгром дэмакратычнага руху ў Ганконгу. Пратэсты 2019-2020 гадоў у Ганконгу, справакаваныя законам аб экстрадыцыі падазраваных у Кітай, выклікалі шырокі рух у падтрымку дэмакратычных рэформаў. У адказ Пекін прыняў закон. Згодна з ім, любая крытыка, пратэст, ліст, банер, публікацыя, арганізацыя, песня або запіс у сацыяльных сетках могуць лічыцца злачынствам, за якое прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення. Зачыстку Ганконга кітайскімі камуністамі арыгінальна выявіў адзін з мясцовых графікаў.
Не праходзяць крытыкі і міма культу асобы Сі Цзіньпіна — цяперашняга кіраўніка КПК. Гэта выяўляецца ў розных формах — не толькі ў афіцыйнай прэсе, але і, напрыклад, у мультыплікацыйных фільмах, дзе распавядаецца аб асабістых якасцях кіраўніка. На гэты час таксама прынятыя змены ў Канстытуцыю КНР, якія прадугледжваюць замацаванне за Сі Цзіньпінам ролі фактычна аднаасобнага пажыццёвага кіраўніка краіны. Некаторым апяванне новага лідара нагадвае пра часы Мао Цзэдуна. Хоць, вядома, стаць рэінкарнацыяй Мао для Сі будзе не так проста. У тым ліку таму, што вонкава ён падобны на папулярнага літаратурнага персанажа Віні-Пыха. Кітайскія цэнзары спрабуюць змагацца з гэтай крамолай аж да забароны твораў пра прыгоды мядзведзіка. А вось на Захадзе карыкатурысты актыўна выкарыстоўваюць тэму. Малюнак выдання Cartoon Movement.



Але галоўнае, што здзіўляе некаторых у гэтым юбілеі, — гэта далёка зусім не камуністычная прырода кітайскай мадэлі. У краіне ёсць шырокія сацыяльныя праграмы і дзяржаўныя прадпрыемствы, абвешчаныя галоўнай рухаючай сілай эканомікі. Але асноўную долю ВУП і большасць працоўных месцаў у краіне стварае прыватны бізнес. Супярэчнасці паміж прапагандай і рэальнасцю — тэма карыкатуры New York Times. На малюнку Сі Цзіньпін адкрывае з'езд КПК, называючы яго дэлегатаў не таварышамі, а акцыянерамі.


Праз апісаныя супярэчнасці ёсць меркаванне, што так ці інакш Пекін будзе рабіць стаўку на нацыяналізм. Адной з галоўных будучых ахвяр такой стратэгіі разглядаюць Тайвань. Нагадаем, Тайвань фактычна аддзяліўся ад камуністычнага Кітая ў 1949 годзе і лічыць сябе пераемнікам старой Кітайскай Рэспублікі. Пекін разглядае востраў сваёй правінцыяй, не прызнаючы «сепаратыстаў», якіх, у сваю чаргу, падтрымлівае Вашынгтон. Па ходу ўзмацнення крызісу ў адносінах паміж КНР і Штатамі напружанне вакол «тайваньскага пытання» імкліва нарастае. Глабальнай вайной за Тайвань заходнія СМІ палохаюць ужо на рэгулярнай аснове, фактычна пераконваючы публіку ў яе непазбежнасці. Свой унёсак зрабіла і выданне Japan Times, мастак якога намаляваў Кітай у выглядзе страшнага дракона.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: