Дасье ў карыкатурах: Свет выходзіць з каранціну

Пасля амаль двух месяцаў каранціну, які быў уведзены ў сувязі з глабальнай пандэміяй, усё больш краін паступова пачынаюць адмяняць абмежаванні. Аднак, падобна, свет яшчэ доўга не будзе такім як у сакавіку 2020-га, калі яны пачаліся ўводзіцца. На карысць гэтага тэзісу таксама сведчыць змест сучасных карыкатур.


Падчас каранціну жыхарам Еўропы прыходзілася адмовіцца ад шмат які звыклых рэчаў. Адной з самых вялікіх праблем была немагчымасць наведаць цырульні. Пасля аслаблення каранціну сюды і пабег народ, справакаваўшы сапраўдны ажыятаж. Уладальнік капенгагенскай цырульні распавёў службе ВВС, што праца ўсіх яго супрацоўнікаў цалкам распісана на бліжэйшыя тры тыдні. Адначасова кліентам і цырульнікам даводзіцца прывыкаць да новых правілах — чаканне ў чарзе на вуліцы, пастаянная дэзынфекцыя, праветрыванне. А мастак выдання Hamilton Spectator не выключае нават з'яўлення новых інструментаў для стрыжкі.


Таксама ў Еўропе асцярожна адкрываюць пляжны сезон. Піянерамі тут сталі Францыя, Італія і Грэцыя. Аднак жадаючых трапіць на мора аказалася так шмат, што людзі вымушаныя былі гадзінамі чакаць у чэргах. Дзе-нідзе наведвальнасць абмежаваная 40 чалавекамі на 1000 квадратных метраў. Але гэта не ўсе патрабаванні. На пляжы ад людзей патрабуюць захавання нормаў сацыяльнага дыстанцыявання — пляжныя парасоны павінны размяшчацца не бліжэй чым у чатырох метрах адзін ад аднаго, а лежакі — не бліжэй метра. Пры гэтым улады папярэджваюць, што паліцыя будзе разганяць адпачываючых, калі тыя стануць ствараць натоўпы. Каментуючы інавацыі мастак Tampa Bay Times (ЗША) баіцца, што хутка месца на пляжах прыйдзецца браніраваць як месца ў гатэлі.


Дазволілі працу і пунктам харчавання. Аднак і тут хапае новых жорсткіх правілаў. Так, у Нью-Ёрку меры бяспекі загадваюць уладальнікам кавярняў і рэстаранаў забяспечыць дыстанцыю ў два метры паміж наведвальнікамі, забяспечыць афіцыянтаў маскамі і пальчаткамі, а запоўненасць памяшкання не павінна перавышаць 25%. На думку многіх, адкрывацца на такіх умовах няма сэнсу — кавярні будуць працаваць без прыбытку. Магчыма кампенсаваць страты ўдасца за кошт продажу ў кафэ новых тавараў? На карыкатуры нямецкага Spiegel афіцыянт прапануе наведвальнікам рэстарана антысептык.



Літаральна на гэтым тыдні з'явіліся паведамленні, што ў Еўропе збіраюцца аднавіць адразу некалькі нацыянальных спартыўных чэмпіянатаў. Але пасля каранціну вялікі спорт вы таксама не пазнаеце. У многіх спартыўных лігах зараз разглядаюць нават варыянт зладзіць адмысловыя закрытыя лагеры. Туды хочуць завесці ўсе клубы, каб тыя змагаліся натуральна без прысутнасці гледачоў. Крытыкі ідэі, у сваю чаргу, кажуць, што спорт без гледачоў — гэта прафанацыя. Мастак рэсурсу Political cartoons прапанаваў кампрамісны варыянт — пускаць гледачоў на трыбуны па чарзе, на некалькі хвілін.



Усё гэта дае падставы не ўпадаць у залішнюю эйфарыю з-за хуткай адмены ўведзеных у сакавіку абмежаванняў. Адаптацыя да новых рэалій будзе вельмі балючай ва ўсіх сэнсах. Нельга выключаць з вельмі высокай верагоднасцю, што каранцін будзе ўведзены зноў. А потым зноў адменены — і зноў уведзены. Таму іспанскі мастак Рамсес Морасалес параўноўвае тых, хто кажа пра блізкі канец каранціну, з сектантамі-вар’ятамі. Апошнія, як вядома, любяць сцвярджаць пра блізкі канец свету.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: