Дасье ў карыкатурах. Што рабіць з іншапланецянамі?

Амерыканскія ўлады перасталі хіхікаць наконт «лятучых талерак» і афіцыйна прызналі іх існаванне. Што будуць рабіць Штаты з пагрозай іншапланетнага ўварвання, залежыць ад зместу дакладу, які будзе агучаны да канца гэтага месяца ў Кангрэсе ЗША.

Доўгі час іншапланецяне ў Амерыцы былі героямі хіба фантастычных саг. Тых, хто ў іх верыў, лагічна запісвалі ў фантазёры. Як прызнаваліся самі амерыканскія вайскоўцы — сведкі дзіўных з'яў, яны баяліся дакладваць начальству пра такія выпадкі, каб не выглядаць ідыётамі. Па агульным меркаванні, іншапланецяне, калі б і з'явіліся на Зямлі, то адразу трапілі б у Галівуд. Так, на малюнку інтэрнэт-рэсурсу Dan cartoons прышэльцы просяць тубыльцаў адвесці іх да рэжысёра Спілберга.


Аднак летась адбыўся пералом. Пентагон афіцыйна прызнаў, што фіксаваў палёты невядомых аб'ектаў, якія можна аднесці да НЛА. Прызнанне ваенных выклікала масу спекуляцый наконт таго, што мы не адзіныя ў сусвеце і магчымым хуткім кантакце з жыхарамі іншых планет. На думку некаторых карыкатурыстаў, калі б у нядаўнім мінулым іншапланецяне даведаліся, што лідарам самай уплывовай на зямлі дзяржавы з'яўляецца такі своеасаблівы персанаж як Дональд Трамп, яны б страшна расчараваліся ў зямлянах. «Вы не маглі бы адвесці мяне да каго-небудзь іншага?» — пытаецца прышэлец у Трампа на малюнку мастака Cartoon Movement.

Не абышлося без жартаў пра тое, што ў радары амерыканскіх вайскоўцаў трапіў не іншапланетны карабель, а калядны экіпаж Санта Клаўса. На малюнку мастака Cagle Post казачны персанаж перабывае ў жаху ад навінаў з Пентагону.

Прызнанне Мінабароны ЗША па часе супалі з эпідэміяй і ўвядзеннем жорсткіх каранцінных мер, што спарадзіла новыя жарты. Карыкатурысты жартавалі, што некаторыя зямляне мараць пра тое, каб іншапланецяне павезлі іх на іншую планету далей ад суровых правілаў каранціну. Герой малюнка выдання Tuzla World дзякуе пілотам талеркі за тое, што яго выкралі з Зямлі.


Многіх палітыкаў трывожыць прызнанне вучоных аб тым, што аб'екты на радарах NATO лётаюць паводле нейкіх вельмі перадавых тэхналогій. Каб дасягнуць такога ўзроўню, амерыканцам, нібыта, спатрэбіцца не менш за сто гадоў. Над тэмай іранізуе мастак рэсурсу Dan Cartoons. На малюнку звышгукавы самалёт авіяцыі ЗША лёгка абганяе лятаючая талерка, на якой вучацца іншапланетныя пілоты-пачаткоўцы.


Тэхнічная перавага НЛА над амерыканскай авіяцыяй дазваляе некаторым падазраваць, што палёты «лятучых талерак» не што іншае, як нейкія іспыты новых прадуктаў расійскага або кітайскага ВПК. Не дарма мастак выявіў Пуціна ў выглядзе іншапланетнай пачвары з славутага фільма «Чужыя».

Зрэшты, не выключаюць, што інфармацыя пра існаванне іншапланецян — гэта хітрая выдумка чыноўнікаў Пентагона, якія мараць пра новыя бюджэты на вывучэнне феномена. Так, напрыклад, на папярэдняе даследаванне было выдаткавана 20 мільёнаў долараў. На малюнку Sputnik News гэтую тэму абмяркоўваюць іншапланецяне, абураючыся тым фактам, што яны не атрымалі з гэтай сумы ні цэнта.


Тым часам, напрыканцы чэрвеня мінае тэрмін, калі Пентагон павінен прадставіць рапарт наконт іншапланецян. Цяпер усе замерлі ў прадчуванні сенсацый. Ці сапраўды Пентагон мае сведчанні існавання «братоў па розуму»? Зрэшты, не выключана, што нас чакае чарговы дакумент без якой-небудзь канкрэтыкі.
Магчымасць таго, што дзесьці побач прысутнічаюць прадстаўнікі развітой іншапланетнай цывілізацыі, дазваляе дапусціць версію: а можа яны самі і напішуць тэкст дакладу? Калі на іншых планетах навукова-тэхнічны прагрэс зайшоў так далёка наперад, чаму іншапланецянам не зрабіць генералаў Пентагона інструментамі маніпуляцый? Над гэтай тэмай фантазіруе мастак Дэйв Грунланд.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: