Дасье ў карыкатурах: Вайна за Месяц

Зараз модна прагназаваць, якім будзе свет пасля глабальнага каранціну? Мяркуючы па прэсе, акрамя ўсяго нас чакае падрыхтоўка да барацьбы за рэсурсы ў космасе. Усё праз красавіцкую заяву Дональда Трампа, паводле якой Амерыка больш не лічыць Месяц здабыткам усяго чалавецтва і фактычна збіраецца ператварыць яго ў сыравінны прыдатак гаспадаркі ЗША. Шмат дзяржаў палічылі пасажы Трампа выклікам.


Грошай на захоп Месяца амерыканцы вырашылі не шкадаваць. Толькі на праект высадкі амерыканскіх астранаўтаў на Месяц да 2024 года збіраюцца выкласці 1,6 млрд. долараў. Такія астранамічныя сумы выклікалі ў памяці шмат каго праграму «Стратэгічная абаронная ініцыятыва» (SDI), якую анансаваў у 1980-м Рональд Рэйган.

Асноўныя элементы той сістэмы прадугледжвалася размясціць у космасе. Прычым у рамках SDI збіраліся стварыць зброю, прынцыпы працы якой і праз 40 гадоў гучаць амаль як фантастыка. Напрыклад, лазерныя сістэмы з накачкай ад ядзерных выбухаў або велізарныя арбітальныя люстэркі, здольныя сфакусаваць атмасферныя прамяні і накіраваць іх на боегалоўкі ворага. Рэалізаваць задуманае не атрымалася, і наступныя прэзідэнты ЗША паступова згарнулі SDI.

Зрэшты, з самага пачатку многія лічылі праект блефам з мэтай уцягнуць СССР у затратную для бюджэту гонку ўзбраенняў. Таму шмат хто жартаваў з ідэй Рэйгана. Так, на карыкатуры пачатку 80-х прэзідэнт прадстаўляе аўдыторыі групу экспертаў SDI — персанажы папулярнай кінасагі «Зорныя войны».


Трампаўскі праект па маштабах не саступае рэйганаўскаму. У 2024-м ЗША разлічваюць высадзіць на спадарожніку Зямлі экіпаж астранаўтаў. Пастаянную прысутнасць на Месяцы амерыканцы хацелі б усталяваць да 2028 года. Прыродныя рэсурсы, здабытыя там, плануецца задзейнічаць перш за ўсё для забеспячэння жыццядзейнасці базы і касмічных пералётаў. У прыватнасці, палёту на Марс, дзе NASA плануе першую высадку астранаўтаў на сярэдзіну 2030-х гадоў. Дарэчы, Трамп асобна кажа аб абавязковым удзеле ў экспедыцыях жанчын. На гэта іранічна адрэагаваў мастак выдання Pharos Tribune. Ён лічыць, што прэзідэнт спадзяецца адправіць у космас групу жанчын-парламентарыяў ад дэмпартыі, якія жорстка крытыкуюць яго курс.



Найбольш эмацыйна на амерыканскія касмічныя апетыты адрэагавалі ў Маскве. У «Раскосмасе» намеры ЗША назвалі «агрэсіўнымі», у Крамлі — «непрымальнымі», а ў Савеце Федэрацыі — «захопніцкімі». У Расіі свае планы на Месяц. У сярэдзіне 2020-х гадоў туды будуць адпраўленыя часткі расійскага сегмента МКС, з якіх пабудуюць месяцовую арбітальную базу. У 2030-х гадах павінна пачацца будаўніцтва расійскай месяцовай базы, куды на новых касмічных караблях пасля 2030 года будуць рэгулярна лётаць касманаўты. Як бачым, задачы больш сціплыя, чым у Трампа. На думку многіх (напрыклад, мастака ўкраінскага выдання Politeka), развіццю касмічнага сектара перашкаджае нездаровае захапленне рэлігіяй расійскім кіраўніцтвам.


Куды больш моцную канкурэнцыю амерыканцам у барацьбе за Месяц можа скласці Кітай. Яшчэ ў 2013 -м стартавала кітайская праграма па запуску на спадарожнік Зямлі модуляў. Цяпер рыхтуецца экспедыцыя. Першы кітайскі пілатуемы палёт на Месяц запланаваны на 2036 год. Тады ж Кітай плануе пабудаваць і месяцовую базу. Калі ды гэтага часу там ужо будуць амерыканцы, праз адсутнасць прававых прынцыпаў падзелу зон уплываў на Месяцы не выключаны нейкі канфлікт. Сваю версію таго, як будзе выглядаць гэты паядынак, прапанавала выданне National (ЗША).


Штатам, Расіі і Кітаю патэнцыйна канкурэнцыю ў барацьбе за Месяц здольныя скласці таксама Індыя, Еўрасаюз і, магчыма, Японія. Зрэшты, магчыма, напалеонаўскія месяцовыя праекты Трампа — гэта піар. З палітычнага пункту гледжання момант для заявы пра Месяц быў абраны прэзідэнтам вельмі ўдала — Амерыка праходзіць складаны і страшны перыяд барацьбы з вірусам. Краіне тэрмінова патрэбныя новыя, добрыя і перспектыўныя навіны накшталт таго, што Месяц хутка стане амерыканскім. Але для праціўнікаў Трампа лепшай навіной напэўна б стала ягонае рашэнне самому адправіцца ў экспедыцыю на Месяц. Французскае выданне Charlee Hebdo лічыць, што гэта быў бы «такі маленькі крок для чалавека і такое велізарнае збавенне для ўсяго чалавецтва».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: