Дасье ў карыкатурах: Венгрыю гоняць з ЕС?

У кіраўніцтве ЕС не на жарт задумаліся пра выключэнне Венгрыі з складу саюза.


На самай справе, Брусэль даўно быў не ў захапленні ад «выбрыкаў» венгерскага прэм'ера Віктара Орбана: ён манапалізаваў рынак прэсы, абмежаваў незалежнасць судовай улады, ціснуў на няўрадавы сектар. Апошняй кропляй сталі правы ЛГБТ. 15 чэрвеня быў прыняты закон (ён уступіў у сілу 8 ліпеня) аб забароне ЛГБТ-прапаганды. Закон, у прыватнасці, забараняе распаўсюд матэрыялаў пра гомасексуалізм сярод асобаў маладзей за 18 год. Таксама вызначаюцца арганізацыі, прадстаўнікоў якіх дапускаюць на ўрокі сексуальнай асветы.

Матываваныя папраўкі былі тым, што розныя фонды навязваюць дзецям штучную гендарную ідэнтычнасць, што выяўлена на карыкатуры аднаго ўрадавага СМІ. Цікава, што палітыку тых фондаў мастак параўноўвае з савецкім таталітарызмам.
У сілу экзатычнасці для беларускай палітыкі тэмы ЛГБТ, многае ў гэтай гісторыі незразумела. Напрыклад, ці можна лічыць Орбана гамафобам? Ён не замахваецца на рэгістрацыю партнёрства для прадстаўнікоў ЛГБТ (гэтая практыка дзейнічае ў краіне з 2007 года). Можна меркаваць, што ў сілу нейкіх прычын праблема правоў геяў цяпер з'яўляецца прынцыповай для Орбана і яго апанентаў. Таму апошнія заявілі, што новы закон вядзе да дыскрымінацыі сексуальных меншасцяў. А мастакі апазіцыйных СМІ нават дапускаюць стварэнне ў краіне паліцыі па барацьбе з вясёлкай (вясёлка — сімвал руху ЛГБТ). Малюнак на гэту тэму нідэрландскага мастака Мартэна Валента.

Першымі супраць палітыкі Орбана паўсталі футбалісты. На турніры Еўра-2020 колерамі вясёлкі асвятлялі стадыёны, а футбалісты шэрагу краін насілі на поле адпаведныя павязкі. Орбан, у сваю чаргу, адмовіўся наведаць матч венгерскай зборнай. Некаторыя карыкатурысты лічылі, што прэм'ер пойдзе яшчэ далей і загадае трансляваць матчы з Еўра ў чорна-белым колеры, каб глядач не пабачыў палітру вясёлкі. Пра гэта кажуць фанаты на малюнку мастака нямецкага выдання Der Welt.

Неўзабаве да кампаніі супраць Орбана падключыліся і еўраструктуры. У Брусэлі згаданы закон называюць «ганьбай» і пагражаюць падаць пазовы ў Суд ЕС. «Венгерская праблема» на саміце ЕС 24-25 чэрвеня засланіла сабой нават абмеркаванне пытання аб мэтазгоднасці правядзення сустрэчы еўрапейскіх лідараў з Пуціным. Далей за ўсіх пайшоў кіраўнік МЗС Люксембурга Жан Асельборн, які даў зразумець: прыйшоў час задумацца аб выгнанні Венгрыі з еўрапейскай сям'і. Аўстрыйскі мастак Мар'ян Камінскі адлюстраваў як Орбана вышпурляюць з Еўропы.

Словамі еўрапейскія чыноўнікі не абмежаваліся. Брусэль прыпыніў разгляд заяўкі Венгрыі на атрыманне грантаў ад ЕС на суму € 7,2 млрд. Гэтыя сродкі павінны былі пайсці на аднаўленне краіны пасля пандэміі COVID-19. Венгерская апазіцыя вітала гэтае рашэнне, бо сітуацыя ў нечым была парадаксальнай. Орбан хоча атрымаць грошы з фондаў ЕС, адначасова лаючы яго. На малюнку рэсурсу Hungarian Spectrum прэм'ер нясе мех еўрапейскіх грантаў, заяўляючы, што не любіць ЕС.


У адказ Будапешт зрабіў свой ход у барацьбе з Еўракамісіяй. На днях прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан абвясціў, што правядзе рэферэндум па пытаннях, што тычацца абароны дзяцей і традыцыйных каштоўнасцяў. Пакуль няма сумневаў наконт яго вынікаў. Праведзенае ў мінулым годзе апытанне сведчыць, што супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў настроены 58% вугорцаў, за — 35%. Пры гэтым рэферэндум безумоўна дазволіць мабілізаваць электарат Орбана напярэдадні важных парламенцкіх выбараў 2022 года.

Але сапраўдная інтрыга ў іншым. За канфліктам Брусэль-Будапешт уважліва назіраюць у Варшаве, якую таксама крытыкуюць за дыскрымінацыю ЛГБТ. Таму не выключаюць, што санкцыі супраць Венгрыі і Польшчы прымусяць краіны сфарміраваць нейкі альтэрнатыўны праект Еўрапейскага Саюза. На малюнку выдання Politico (Бельгія) кіраўнікі Венгрыі і Польшчы ляцяць ад ЕС, пазбаўляючыся ад яго каштоўнасцяў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: