Дасье ў карыкатурах. Вяртанне Эвіты

Сёння ў Аргенціне праходзяць прэзідэнцкія выбары, якія шмат хто называе аднымі з самых важных у гісторыі краіны і нават усяго кантыненту. Жыхарам далёкай паўднёваамерыканскай краіны прыйдзецца вырашыць — ці жадаюць яны вярнуцца да часоў левага рэжыму пераністаў або жыць па цяперашніх неаліберальных рэцэптах?
Крысціна Кіршнер. Фота: marieclaire.ru


Крысціна Кіршнер. Фота: marieclaire.ru


Хоць на пасаду прэзідэнта балатуюцца шэсць чалавек, рэальных прэтэндэнтаў на перамогу ўсяго двое. Перш за ўсё гэта дзеючы кіраўнік дзяржавы правацэнтрыст Маурысіё Макры ад кааліцыі «Разам за перамены». Ён сын магната, выпускнік амерыканскіх універсітэтаў, паспяховы бізнесмен, мэр сталіцы і г.д. Праўда, такая бліскучая біяграфія ледзь не каштавала яму жыцця. У 1991 годзе Макры выкралі і на працягу двух тыдняў трымалі ў закладніках, пакуль сваякі не заплацілі 6 мільёнаў долараў. Як прызнаўся пасля Макры, менавіта гэтая падзея перавярнула яго ўспрыманне жыцця і падштурхнула заняцца палітыкай.

Прыход Макры ў палітыку супаў з нарастаючым ростам недаверу да левага ўраду пераністаў і запытам на правую альтэрнатыву. На гэтай хвалі Макры выйграў у 2015-м выбары прэзідэнта. Звязвалі з ім надзеі і некаторыя карыкатурысты. На малюнку Райнера Хахфельда (Rainer Hachfeld) Макры збірае рэшткі Аргенціны — вынік праўлення перанісцкай адміністрацыі Крысціны Кіршнер.



Макры на сённяшніх выбарах супрацьстаіць апазіцыйны кандыдат Альберта Фернандэс (1959 г.н.) ад левай кааліцыі «Фронт для ўсіх». Яго біяграфія больш сціплая. Фернандэс — сын юрыста і да таго як заняўся палітыкай, выкладаў права ва ўніверсітэце.

Але менавіта ён на бягучы момант выглядае фаварытам выбарчай гонкі. Раней у жніўні ён выйграў праймерыз — папярэднія выбары, на якіх вызначаюцца кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Фернандэс набраў 47 працэнтаў галасоў. За дзеючага кіраўніка дзяржавы Макры прагаласавала толькі траціна выбаршчыкаў.

Калі Фернандэс пераможа, то ў гэтым будзе і заслуга карыкатурыстаў. Фішка выбарчай кампаніі Альберта — папулярная серыя коміксаў, героем якой з'яўляецца Капітан Бето. Па сюжэце капітан Бето, які вонкава нагадвае Фернандэса, вяртае аргенцінцам іх канстытуцыйныя правы — права на бясплатную адукацыю, права на бясплатную медыцыну, права на індывідуальную рэалізацыю і г.д.

Выбар вектару развіцця на сённяшніх выбарах жыццёва важны для Аргенціны, паколькі апошнія некалькі гадоў дзяржава знаходзіцца ў перманентным крызісе. Зараз доля людзей, якія жывуць за мяжой беднасці, складае каля 35 працэнтаў. Справы ў простых жыхароў ідуць зусім не весела, што і адлюстроўваецца на іх палітычных забабонах.

Самае парадаксальнае, што ў час прэзідэнцтва Макры Аргенціна атрымала ад МВФ гіганцкую суму ў 58 мільярдаў долараў, у тым ліку і на стабілізацыю курса песа (раней той штогод слабеў адносна бакса прыкладна на 30 адсоткаў). Але замест стабілізацыі аргенцінцаў чакаў новы дысбаланс фінансавай сістэмы — улетку курс мясцовага «зайчыка» ўпаў на 50 адсоткаў. У МВФ гэты парадокс тлумачаць тым, што краіна сутыкнулася з праявамі сусветнай кан'юнктуры, да якіх не была гатовая. Між тым тубыльцы лічаць адказным Макры, а мясцовыя мастакі параўноўваюць яго з дрэнным гарманістам. Малюнак Сіманча (Simancha)

Галоўная пікантнасць цяперашніх выбараў заключаецца ў вяртанні ва ўладу Крысціны Кіршнер, якая была кіраўніком дзяржавы на працягу двух тэрмінаў у 2007—2015 гадах. Лічыцца, што яна і будзе кіраваць краінай.
Праўда, у гэты раз яна ідзе ва ўладу не як «першая асоба», а ў якасці віцэ-прэзідэнта ў камандзе Фернандэса і паводле канстытуцыі краіны, адначасова будзе старшынёй сената. Для «Рыжай», як тут панібрацкі называюць былога прэзідэнта за колер валосаў, перамога Фернандэса стане яшчэ адным шанцам пазбегнуць крымінальнага пераследу за карупцыю.

Гэтая харызматычная жанчына-палітык для многіх аргенцінцаў з'яўляецца рэінкарнацыяй славутай Эвіты Перон. У свой час выданне Medios y Opinión, высмейваючы падобныя міфы, нават выявіла Эвіту і Крысціну ў выглядзе палюбоўніц, выклікаўшы гучны скандал.


Так ці інакш, чаканная сёння перамога левых не будзе значыць аўтаматычнага рашэння ўсіх праблем. Цяжка ўявіць, што аргенцінскі доўг будзе змяншацца з улікам таго, што бум попыту на сыравіну, пладамі якога доўгі час карыстаўся ўрад Кіршнер, застаўся ў мінулым. Усё ідзе да таго, што краіну чакаюць разборкі з крэдыторамі. Пакуль, нажаль, Аргенціна выглядае як на малюнку часопіса The Economist. На малюнку сонца – сімвал краіны, просіць міласціну ў мінакоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!