Дасье ў карыкатурах: Выбары прэзідэнта Украіны

Сёння першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Вядома, гэтая падзея не засталася па-за ўвагай тамтэйшых карыкатурыстаў. У сваіх малюнках яны высмеялі слабыя месцы прэтэндэнтаў, што, будзем спадзявацца, дапаможа ўкраінскім выбаршчыкам зрабіць правільны выбар.
Фаварытам нумар адзін лічыцца комік-шоўмен Уладзімір Зяленскі. Яго рэйтынг, паводле некаторых апытанняў, складае больш за 30 адсоткаў. Дзякуючы ў тым ліку моладзі, якую ён нечакана матываваў зацікавіцца палітыкай. На гэтую тэму паўстаў правакацыйны анекдот: «Зяленскі працягвае лідзіраваць у перадвыбарнай гонцы. А ён жа яшчэ нават не абяцаў легалізацыю марыхуаны ў выпадку перамогі».

Адначасова многія сумняюцца, што Зяленскі з'яўляецца самастойнай фігурай. Алігарх Ігар Каламойскі спансіраваў яго шоў і кампанію, і ў выпадку перамогі коміка можа стаць сапраўдным кіраўніком Украіны. На гэтую тэму малюнак мастака выдання «Экономика».


Услед за Зяленскім у топе кандыдатаў знаходзіцца цяперашні гарант Пётр Аляксеевіч Парашэнка (ПАП) —прыкладна з 15-17 адсоткамі. З улікам таго, што яшчэ паўгода таму ён задавольваўся 5-6% падтрымкі, рывок у ПАП вельмі сур'ёзны. На яго папулярнасць працуе адмінрэсурс, агрэсіўная рэклама, манапалізацыя патрыятычнага дыскурсу і, калі верыць яго праціўнікам, электаральныя махінацыі і подкуп выбаршчыкаў. 

Нягледзячы на «ліфт» папулярнасці Парашэнкі, многія сумняваюцца, што электарат даруе яму рост тарыфаў, працоўную міграцыю і перш за ўсё карупцыю, якая стала візітоўкай прэзідэнта. Карупцыйны светапогляд Пятра Аляксеівіча праілюстраваў мастак Рыгор Ключнік.

Ледзь не ў спіну Парашэнкі дыхае Юлія Цімашэнка. Гэта ўжо трэцяя і, хутчэй за ўсё, апошняя спроба ледзі Ю. атрымаць прэзідэнцкую булаву. Таму змагацца, як мінімум, за выхад у другі тур, яна будзе да апошняга. Некаторыя нават не выключаюць сцэнар Майдана. Адсюль абсалютна фантастычныя папулісцкія абяцанні ад Цімашэнка — дагнаць за 5 год па заробках Польшчу, зрабіць Украіну лідарам у новых тэхналогіях, удвая знізіць тарыфы на ЖКП. Намер Юлі прытарнавацца пад капрызы выбаршчыка мастак украінскай секцыі «Radio Liberty» параўнаў з акрабатычным нумарам.

Былы лагер рэгіёнаў прадстаўляе Юрый Бойка, якому сацыёлагі прагназуюць да 12 працэнтаў. Адным з парадоксаў кампаніі Бойкі з'яўляецца тое, што яе тварам у апошні час стаў Віктар Медвейчук. У часы Кучмы ён быў шэрым кардыналам украінскай палітыкі, а сёння, будучы кумам Пуціна, лічыцца нефармальным лідарам прамаскоўскай пятай калоны. Такі імідж, зрэшты, прыносіць Бойку нейкія электаральныя балы на Паўднёвым-Усходзе. З іншага боку нацыяналісты проста ў шаленстве ад з'яўлення ва ўкраінскім палітыкуме чалавека Крамля. Што ілюструе калаж выдання «Censor.net».


Літаральна на фінішы кампаніі ўгору раптам пайшоў рэйтынг Анатоля Грыценкі — былога міністра абароны, які крытыкуе ўладу за рэвізію каштоўнасцяў Еўрамайдана. Рэцэпт электаральнай віягры Грыцэнкі ў тым, што яму неяк атрымалася аб'яднаць вакол сваёй кандыдатуры партыі, праекты і групы праеўрапейскіх палітыкаў і актывістаў. Самае смешнае, што пры гэтым кандыдат лічыць, што Украіне ў дадзены час патрэбна дыктатура а-ля Піначэт. Нядзіўна, што карыкатурысты любяць адлюстроўваць Грыцэнку ў выглядзе страшнага дыктатара. Малюнак выдання «Газета 2000».


Гаворачы аб ўкраінскіх кандыдатах у прэзідэнты, нельга не згадаць палітыка, імя якога няма ў выбарчых бюлетэнях, аднак па сутнасці ён удзельнічае ў выбарах. Гаворка пра Уладзіміра Пуціна. Вынікі выбараў дакладна паўплываюць на паводзіны Крамля як на вонкавым, так і на ўнутраным кірунку. Відавочна, што цікавасць да Украіны не вычэрпваецца абыякавым сузіраннем. Расия будзе імкнуцца ўмешвацца ва ўкраінскі палітычны працэс, што ў свіам малюнку праілюстраваў мастак «Deutsche Welle».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!