Дасье ў карыкатурах: Вынікі Алімпіяды

8 жніўня ў Токіа заканчваюцца Алімпійскія летнія гульні. Іх самыя яркія моманты адлюстравалі ў сваіх малюнках карыкатурысты.
Безумоўна, гэтая Алімпіяда ўвойдзе ў гісторыю як першае буйнае спартовае мерапрыемства, якое праводзілася на фоне пандэміі. Велізарная колькасць карыкатур была прысвечана гэтаму аспекту яшчэ задоўга да адкрыцця Гульняў. Для прыкладу малюнак інтэрнэт-рэсурсу Caglecartoons.

Вірус касіў не толькі людзей па-за стадыёнамі, але таксама і спартсменаў-удзельнікаў спаборніцтваў. Таму мастак Інгрыд Райс прапанавала пасля Гульняў выдаваць спартсменам майкі з надпісам «Я выжыў на Алімпіядзе 2020».

Героем шматлікіх карыкатур стаў новазеландскі цяжкаатлет Лорэл Хаббард. Некалькі гадоў таму ён вырашыў, што ён жанчына. А паколькі на двары эпоха талерантнасці, спартовец дамогся, каб яго запісалі ў жаночую зборную. Напярэдадні Гульняў усе лічылі Лорэла фаварытам, аднак нечакана спартсмен-трансгендэр праваліўся. Навіна выклікала радасць у кансерватыўнай прэсе, чытачы якой выступаюць супраць гендарных эксперыментаў. На малюнку выдання Counterpoint суддзі даюць нуль балаў Хаббарду, які кажа, што ідэнтыфікуе сябе залатым медалістам.


А вось скандал з алжырскім дзюдаістам у нас не так вядомы. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у паядынку з ізраільскім спартсменам у знак салідарнасці з Палесцінай. На малюнку аднаго з арабскіх СМІ маленькі палесцінец узнагароджвае алжырца залатым медалём.

Нядрэнныя вынікі прадэманстравала зборная Расіі, нягледзячы на санкцыі з-за выкарыстання яе спартсменамі допінгу. Адзін з расійскіх карыкатурыстаў растлумачыў гэта тым, што спартсмены перайшлі з мельдонія на ікру.


Як толькі скончылася цырымонія закрыцця такійскай Алімпіяды, увага многіх аматараў спорту пераключылася на наступныя Гульні, якія пройдуць у 2024-м у Парыжы. Між тым, некаторыя мастакі ўжо зараз малююць іх пераможцаў. На думку мастака выдання Planert Geography, у Парыжы трыўмфатарамі будуць фармакалагічныя кампаніі, якія нажывуцца на барацьбе з вірусам. Плюс на п'едэстале апынуцца рознага роду карпарацыі, для якіх алімпіяда — цудоўная нагода разрэкламаваць свой прадукт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: