Дасье ў карыкатурах. З Днём народзінаў, жоўтыя камізэлькі!

Роўна год таму — 17 лістапада 2018-га, пачаўся рух жоўтых камізэлек (фр. Mouvement des Gilets jaunes) — спантаны пратэставы рух у Францыі. За год яго ўдзельнікі правялі больш за 50 дэманстрацый, якія ахапілі ўсю краіну і спарадзілі амаль сістэмны палітычны крызіс.
Фота rfi.fr

Фота rfi.fr


Першапачаткова прычынай маніфестацый паслужыла павышэнне коштаў на паліва, што вельмі абурыла адну звычайную мадам. Увесну 2018 года яна выклала анлайн-петыцыю з заклікам знізіць цэны на паліва. Пасля публікацыі яе прызыву 12 кастрычніка ў газеце «Parisien» колькасць падпісантаў перавысіла мільён. Адначасова сталі гучаць больш радыкальныя заклікі. Нейкі кіроўца з-пад Парыжу заклікаў блакаваць трасы.

Ідэя пайшла ў народ, і 17 лістапада па ўсёй краіне пачаліся блакады. Іх маштаб пабіў усе прагнозы — у акцыях прыняло ўдзел прыкладна 280 тысяч чалавек. Па выніках 17 лістапада ў краіне склалася новая палітычная сітуацыя. Мастак выдання Charlie Hebdo параўнаў сітуацыю Макрона з аўтамабілістам, які спрабуе выехаць са скрыжавання, усе выхады якога блакуюць «камізэлькі».


З гэтага моманту «жоўтыя камізэлькі» будуць збірацца на пратэст кожную суботу. У працэсе пашырэння пратэстаў, якія на піку падтрымлівалі амаль 80 адсоткаў французаў, уніформа актывістаў стала ўспрымацца як такая ж частка французскай нацыянальнай культуры як сімвалы Французскай рэвалюцыі. Стала модным праводзіць паралелі паміж 1792-м і 2018-м гадамі. Адзін з прыкладаў трэнду — малюнак з газеты Le Monde. На ім прэзідэнта Макрона караюць на гільяціне як караля Людовіка XVI. Праўда, з папраўкай на нашу тэхналагічную рэальнасць гэтая сцэна выглядае досыць пацешна.


Паступова патрабаванні ўдзельнікаў пашырыліся да адстаўкі дзеючага прэзідэнта і патрабаванняў шырокіх сацыяльных рэформаў. Каб аслабіць напал Макрон заявіў аб павышэнні мінімальнай зарплаты. Адначасова «камізэлькам» было прапанавана пачаць перамовы. Аднак іх правадыры адмовіліся ад кансультацый і заклікалі аднадумцаў зноў выходзіць на вуліцу. Такім чынам манеўр з мэтай расколу пратэстовага руху не атрымаўся. На карыкатуры газеты Humanite прэм'ер-міністр Эдуард Філіпп спрабуе прымусіць сваю служанку апрануць жоўтую камізэльку, каб імітаваць дыялог з вуліцай.


Відавочна, урад рабіў стаўку на тое, што пратэсты выдыхнуцца самі сабой. Тым больш, што па календары павінны былі вось-вось пачацца Каляды, У гэты час усё палітычнае жыццё ў краіне практычна сціхае. Аднак насуперак традыцыі французы на гэта раз працягнулі бунтаваць. Як следства, Каляды і Новы год прайшлі пад знакам выступленняў, што адбілася і на змесце навагодніх карыкатур. На адной з іх «жоўтыя камізэлькі», якія ўзялі за практыку падпальваць машыны, па інерцыі таксама падпальваюць абоз Санта-Клаўса. Малюнак выдання Express.


Маніфестацыі працягнуліся і пасля Новага года і не спыніліся нават пасля пажару ў саборы Парыжскай Божай Маці, які стаў для французаў нацыянальнай трагедыяй. Больш за тое, выступы паступова набылі больш жорсткі характар. Традыцыйныя суботнія акцыі пратэсту сталі суправаджацца беспарадкамі і сутыкненнямі дэманстрантаў з паліцыяй. Толькі па выніках сямі месяцаў з лістапада 2018-га па чэрвень 2019 года ўдзельнікам руху вынесена больш за 3100 абвінаваўчых прысудаў. Каля 400 чалавек асуджаныя на турэмнае зняволенне. Паліцэйскі гвалт выклікаў гвалт пратэстоўцаў. Меў месца нават падпал паліцэйскага пастарунка. Вялікі рэзананс выклікаў учынак баксёра Крыстафа Дэттынгера, які атакаваў двух паліцыянтаў і атрымаў за гэта адзін год турмы. На малюнку выдання Ricochets спецназавец паказвае адабраныя ў актывіста байцоўскія пальчаткі і просіць кінуць у бой спецыяльнае падраздзяленне спецназа па барацьбе з баксёрамі.


Гадавіну руху, страты ад якога склалі ўжо больш за 2 млрд. еўра, французы святкуюць новымі акцыямі. І пакуль фіналу ім не прадбачыцца. Асноўная прычына для працягу — адсутнасць якіх—небудзь кардынальных паляпшэнняў у жыцці радавых французаў. З іншага боку, улада навучылася стрымліваць атакі вуліцы, аднак праводзіць буйныя рэформы таксама не рызыкуе. Такі расклад у Францыі нагадаў нідэрландскаму мастаку Ёпу Бертрамсу канфлікт на дзіцячай пляцоўцы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: