Дасье ў карыкатурах. З'есці індычку і не пабіцца з суседам

28 лістапада амерыканцы адзначылі адно з самых важных святаў у мясцовым календары — Дзень падзякі. Абыгрыванне рытуала і пэўных дэталяў свята — улюбёны прыём карыкатурыстаў для ілюстрацыі актуальных працэсаў у краіне.

Сваімі каранямі свята сыходзіць углыбіню амерыканскай гісторыі, да першых перасяленцаў з Еўропы. Выжыць ім дапамаглі індзейцы: яны навучылі, якія культуры варта вырошчваць на амерыканскай глебе. Калі быў сабраны першы ўраджай, індзейцаў аддзячылі, запрасіўшы на трапезу. Неўзабаве сямейная вячэра пасля ўборкі ўраджаю стала традыцыяй. Пасля заваёвы незалежнасці і ўзнікнення ЗША першы прэзідэнт краіны Вашынгтон прапанаваў адзначаць Дзень падзякі як нацыянальнае свята.

У рамках рытуалу ў гэты дзень прадстаўнікі некалькіх пакаленняў адной сям'і збіраюцца на святочны абед. Кожны прамаўляе словы падзякі за ўсё тое добрае, што адбылося ў яго жыцці. Галоўнай часткай святочнага стала з'яўляецца фаршыраваная індычка з журавінавым сіропам. Зрэшты, на хвалі моды на экалогію многія прапануюць перагледзець меню. Мастакі, якія падтрымліваюць эколагаў, ахвотна фантазіруюць — як бы адчувалі сябе людзі ў Дзень падзякі, калі б яны, а не індычкі былі ўпрыгожаннем стала. Малюнак рэсурсу Political Graffiti.

Звычайна застолле суправаджаецца размовай членаў сям'і за сталом. У гэтым годзе тая камунікацыя аказалася вельмі эмацыйнай з-за розных палітычных перакананняў. Амерыканскае грамадства вельмі палярызаванае на тэме сімпатый і антыпатый на адрас прэзідэнта Дональда Трампа і лёса імпічменту супраць гаранта. Часцяком абмен думкамі выходзіць за рамкі прыстойнага, што актыўна высмейваюць мастакі. На малюнку сайта Claytoonz індычка пазбягае долі патрапіць на стол, паколькі члены сям'і падчас бойкі на палітычную тэматыку проста забыліся пра яе.


Дарэчы, вынікі імпічменту Трампу вельмі спрэчныя. Ілюструюць гэта карыкатуры з супярэчлівым зместам. На малюнку выдання Counterpoint прэзідэнта выяўляюць у якасці індычкі, над якой завісла сякера з надпісам «імпічмент».


На малюнку выдання River City News гаспадыня смяецца з асла (сімвала Дэмакратычнай партыі), які здолеў прынесці на Дзень падзякі толькі нейкі несамавіты імпічмент.


Дзень падзякі-2019 адметны таксама тым, што адной з ключавых тэм для сямейных размоў стала Украіна. Менавіта шантаж Зяленскага з боку Трампа (такая версія дэмакратаў) стаў прычынай запуску працэсу імпічменту прэзідэнта. З іншага боку, кіраўнік Белага дома апелюе да таго, што яго галоўны канкурэнт Джо Байдэн замешаны ў карупцыйным скандале з фірмай Burizma, якая працавала ва Украіне. На малюнку выдання Buffalo News графічна прадстаўлены тэмы для размовы за сталом. Палова з іх так ці інакш тычыцца Украіны.


Зрэшты, усё, падаецца, закончылася мірам — на наступны дзень удзельнікаў палітычных спрэчак прымірыў гіганцкі распродаж — «чорная пятніца». Скончыўшы з сямейным абедам у чацвер вечарам, многія пабеглі займаць чэргі ў супермаркеты. На малюнку Сеана Делонса (Sean Delones) дырэктар крамы адлічвае апошнія секунды перад адкрыццём. Служачыя ў страху перад натоўпам пакупнікоў — аматараў нізкіх коштаў, у жаху разбягаюцца хто куды.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!