«Давялі». Чаму Эквадор выдаў Джуліяна Асанжа?

Джуліян Асанж правёў у пасольстве Эквадора ў Лондане сем гадоў. 11 красавіка практычна раптоўна яго пазбавілі прытулку, а потым і грамадзянства гэтай краіны.

Тады, у 2012 годзе, пасол Эквадору быў непахісны ў сваім рашэнні, ён праігнараваў рэзкія асуджальныя заявы з боку Брытаніі і Швецыі.

Сёння Эквадор абвінаваціў Асанжа ў парушэнні нормаў міжнароднай канвенцыі. Што ж змянілася за гэтыя сем гадоў?

"Давялі"

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж арыштаваны

Пра тое, што Джуліян Асанж, у якога таксама ёсць аўстралійскі пашпарт, атрымаў грамадзянства Эквадора, стала вядома зусім нядаўна — у студзені мінулага года.

Праз крыху больш за год міністр замежных спраў краіны Хасэ Валенсія абвясціў, што рашэнне аб выдачы Асанжу пашпарты прыпынена "з-за розных парушэнняў".

Аб гэтых парушэннях ледзь падрабязней распавёў прэзідэнт Эквадора Ленін Марэна ў адмысловым відэазвароце.

Марэна назваў паводзіны Асанжа "грубымі і агрэсіўнымі", а заявы сяброўскіх яму арганізацый — "варожымі і пагрозлівымі". Гэта разам з парушэннем міжнародных дамоваў "давяло сітуацыю да той кропкі", калі далейшае прадастаўленне Асанжу прытулку сталася немагчымым.

 

Фота JACK TAYLOR / GETTY IMAGES

 

Чым Асанж раззлаваў супрацоўнікаў амбасады Эквадора і прэзідэнта краіны?

·        Працягнуў умешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і распаўсюджваць канфідэнцыйныя дакументы. У апошні раз — у студзені, калі WikiLeaks апублікавалі сакрэтныя дакументы Ватыкана;

·        Усталяваў у пасольстве нейкае недазволенае электроннае абсталяванне. Якое менавіта — не ўдакладняецца;

·        Заблакаваў камеры назірання на тэрыторыі амбасады;

·        Спрачаўся з аховай і няветліва размаўляў з ёй;

·        Карыстаўся мабільным тэлефонам;

·        Несанкцыянавана атрымліваў доступ да дакументаў амбасады. 

Няёмкая "спадчына"

Асанж "дастаўся ў спадчыну" цяперашняму прэзідэнту Эквадора: калі прымалася рашэнне даць прытулак заснавальніку WikiLeaks, краінай кіраваў Рафаэль Карэа.

Рафаэль Карэа ўжо назваў рашэнне аб выдачы Асанжа "злачынствам, якое чалавецтва ніколі не забудзе", а цяперашняга прэзідэнта — "самым вялікім здраднікам".

У 2012 годзе СМІ спрабавалі зразумець, чаму Карэа наогул пагадзіўся даць Ассанжу прытулак, якую выгаду ў гэтым ён убачыў для сябе і сваёй краіны.

Як адзначала агенцтва “Асашыэйтэд Прэс”, просьба Асанжа пра прытулак стала магчымасцю для тагачаснага прэзідэнта Эквадора Рафаэля Карэа апынуцца ў цэнтры ўвагі ўсяго свету, але, што яшчэ важней, — на чале групы лідараў краін, якія крытыкуюць ЗША, у прыватнасці, Кубы, Венесуэлы, Балівіі і Нікарагуа.

Пры новым прэзідэнце сітуацыя змянілася. Апытанне, праведзенае ў сакавіку мінулага года, паказала, што больш за 76% жыхароў Эквадора хацелі б адмовіць Асанжу ў прытулак. Цяперашні прэзідэнт Марэна мае рэпутацыю чалавека, які хацеў бы наладзіць масты з ЗША, у прыватнасці — аднавіць гандлёвыя сувязі.

Акрамя таго, каля года таму з'явілася інфармацыя, што як мінімум на двух сустрэчах Марэна і тагачасны кіраўнік перадвыбарчага штаба Трампа Пол Манафарт абмяркоўвалі магчымасць выдачы Асанжа.

 

"Дэстабілізаваў урад"

Яшчэ адно тлумачэнне сітуацыі дала кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў Эквадора Марыя Паула Рома. Яна заявіла, што Асанж нібыта спрабаваў ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны.

Рома распавяла, што ў Эквадоры ўжо некалькі гадоў жыве адзін з ключавых чальцоў WikiLeaks, які разам з былым кіраўніком МЗС краіны Рыкарда Паціньё ездзіў у Перу, Іспанію і Расію. Пасаду Паціньё займаў падчас знаходжання Карэа на пасадзе прэзідэнта.

"Мы не можам дазволіць Эквадору стаць хакерскім цэнтрам, і мы не можам дазволіць, каб у краіне вялася незаконная дзейнасць, накіраваная на тое, каб нанесці шкоду грамадзянам або іншым дзяржавам", — сказала кіраўнік МУС.

Ведамства абяцае бліжэйшым часам даць дадатковую інфармацыю па гэтай справе.

Паводле www.bbc.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!