Дэкамунізацыя па-ватыканску

Папа Рымскі 70 гадоў таму прыняў незвычайны акт — адлучыў ад царквы ўсіх італьянскіх камуністаў і іх выбаршчыкаў, колькасць якіх у той час на Апенінах вымяралася мільёнамі.

 Фота www.pikabu.ru


Як вядома, Італія — вельмі каталіцкая краіна, дзе Касцёл (прынамсі, раней) меў вялікі ўплыў на грамадскія, і ў тым ліку на палітычныя, працэсы. Дастаткова ўзгадаць, што менавіта ў Італіі ўпершыню ў гісторыі каталікі прыйшлі ў палітыку. У 1919 годзе святар Луіджы Струцца заклаў еўрапейскі хрысціянска-дэмакратычны напрамак, стварыўшы Народную партыю Італіі (PPI). За кошт сувязяў з фермерскім і сацыяльным рухам праект Струцца хутка атрымаў сацыяльную базу і, як вынік, галасы.

А вось пасля вайны электаральны бастыён хрысціянскіх дэмакратаў даў расколіну. Шматлікім каталікам пачалі імпанаваць лозунгі мясцовай Кампартыі (PCI), якая зрабіла сабе рэкламу як вядучая партыя антыфашысцкага супраціву. Пасля выхаду з падполля яна стала найбуйнейшай палітычнай партыяй краіны, збіраючы ў саюзе з партнёрамі па Народным Фронце да 30 працэнтаў галасоў.

Не толькі гэта бянтэжыла Ватыкан. Вясной 1949 года ўзмацніўся ціск на царкву ў Чэхаславакіі, дзе камуністы прыйшлі да ўлады раней. Як пазней згадваў сакратар Папы, Пій XII адчуў, што эфектыўнага дыпламатычнага пратэсту з боку Захаду не будзе. На думку Папы, у такіх умовах Царква павінна рыхтавацца да таго, каб супрацьстаяць камунізму не толькі ў непасрэднай сітуацыі, але і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Так ці інакш, 28 чэрвеня 1949 года быў прыняты дэкрэт супраць камунізму, які праз два дні асабіста ратыфікаваў Пантыфік. 16 ліпеня тэкст дэкрэту апублікавала «L’Osservatore Romano» — афіцыйнае выданне Ватыкану. Дарэчы, пазней ЦРУ дамаглося ад Канстанцінопальскага патрыярха, каб ён выдаў падобную заяву адносна праваслаўных вернікаў, што падтрымліваюць камунізм.

Змест дакумента і познія каментары да яго нагадвалі лексіку барацьбітоў з эпідэміяй чумы. Менавіта вірусам называлася мода на камунізм, што, маўляў, пранікла ў каталіцкую грамаду. Пазбавіцца вірусу прапаноўвалася медычнымі метадамі — ізаляцыяй хворай часткі цела ад здаровай. На практыцы гэта азначала забарону «кепскім каталікам» кантактаваць з «добрымі каталікамі» і атрымлі­ваць ад царквы паслугі.

Дакумент выклікаў вялікі рэзананс. Напэўна, упершыню пакаранне ў выглядзе адлучэння ад царквы насіла не індывідуальны, а маштабны калектыўны характар. Раней пад гэтую норму траплялі канкрэтныя асобы кшталту маршала Ціта або нейкія сектанты.

Спачатку падавалася, што камуністам прыйшоў канец. Усе паслядоўнікі Леніна — Сталіна павінны былі ператварыцца ў нейкіх сацыяльных маргіналаў. Касцёл на той час выконваў, акрамя ўсяго, важныя сацыяльныя функцыі: нельга было ўявіць шлюбнай цырымоніі па-за Касцёлам або пахаванне без прысутнасці святара.

Аднак у выніку суровасць і катэгарычнасць пастановы зрабіла дакумент малаэфектыўным. Па-першае, пад дэкрэт спачатку траплялі ўсе, хто галасуе за камуністаў (прыкладна 2,5 мільёна чалавек). Аднак камуністы ішлі на выбары ў складзе шырокай кааліцыі, куды ўваходзілі больш памяркоўныя партыі. Каб не згубіць гэтую фракцыю каталікоў, Ватыкану давялося выдаваць дадатковыя тлумачэнні. Ужо 27 ліпеня з’явіліся афіцыйныя каментары, паводле якіх ад царквы адлучаліся выключна заўзятыя матэрыялісты. Між тым, усім было зразумела, што тыя і так на набажэнствы не ходзяць.

Па-другое, на месцах пачаўся ціхі сабатаж дэкрэту, які патрабаваў ад святароў запытвацца ў наведвальнікаў набажэнстваў пра іх палітычныя погляды. Святары вельмі баяліся, што такі суровы падыход скароціць колькасць паствы. З’явіліся і першыя дысідэнты. Напрыклад, архібіскуп Фларэнцыі раскрытыкаваў ідэю «дэкамунізацыі», заявіўшы, што «большасць адлучаных — сціплыя людзі, якія наведвалі нашы цэрквы больш-менш старанна». У выніку ўжо 11 жніўня ў Ватыкане дазволілі заключаць шлюбы для сімпатызантаў любых партый. На гэтым, фактычна, Крыжовы паход і скончыўся.

Праўда, гісторыя не засталася без наступстваў. Выклік камунізму прымусіў Ватыкан заняцца распрацоўкай сацыяльнай дактрыны каталіцызму. У сваю чаргу, камуністы заявілі, што яны — самыя лепшыя каталікі, і пачалі актыўна штудзіраваць Біблію, каб з часам стварыць вучэнне «Тэалогія вызвалення».

Нарэшце, дэкрэт Папы Рымскага 1949 года стаў нагодай для стварэння цудоўнай камедыі «Маленькі свет Дона Каміла» з удзелам легендарнага французскага коміка Фернандэля. Апошні выконвае ролю біскупа вёсачкі, дзе набірае ўплыў мясцовы асяродак PCI. Вясёлае супрацьстаянне біскупа і мэра-камуніста заканчваецца прымірэннем. Цяпер, на фоне паслаблення ў Італіі пазіцый Касцёлу і амаль поўнай маргіналізацыі PCI, гэтая сцэна выклікае нават нейкі флёр настальгіі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!