Дэпутатка Вярхоўнай Рады просіць Зяленскага даць украінскае грамадзянства беларускаму добраахвотніку

Народная дэпутатка Украіны Наталля Весялова звярнулася да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства двум добраахвотнікам — з Беларусі і Малдовы, паведамляе svaboda.org.

«Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў даць грамадзянства ўсім украінцам, якія вернуцца ў нашу краіну і прынясуць нам свой бясцэнны досвед з-за мяжы. Але не менш важныя для Украіны людзі, якім трэба даць грамадзянства ў першую чаргу: гэта замежнікі па пашпарце, але сапраўдныя ўкраінцы ў душы і сэрцы. Гэта беларусы, малдаване, грузіны, расейцы, якія пяты год запар аддаюць сваё жыццё і здароўе ў барацьбе за незалежнасць Украіны», — напісала Наталля Весялова на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Дэпутатка накіравала ў адміністрацыю прэзідэнта два хадайніцтвы адносна грамадзяніна Беларусі Змітра Палойкі і грамадзяніна Малдовы Станіслава Гібадуліна.

Наталля Весялова паведамляе Уладзіміру Зяленскаму, што Зміцер Палойка з траўня 2014 года ваяваў на Данбасе — спачатку ў складзе добраахвотніцкага батальёну «Данбас», а цяпер паводле кантракту служыць у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе ў Мар’інцы Данецкай вобласці. Ён удзельнічаў у вызваленні Бахмута, Мар’інкі, Папаснай і Лісічанску. Адначасова вучыцца завочна ў Данецкім нацыянальным універсітэце на юрыдычным факультэце.

«Дзмітры Палойка не можа атрымаць грамадзянства Украіны, паколькі паводле заканадаўства, мусіць ехаць у Беларусь за даведкай аб несудзімасці. Гэта пры тым, што супраць яго ў Беларусі і Расеі адкрытыя крымінальныя справы за "найміцтва". У 2020 годзе ў яго заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарту, што яшчэ больш ускладніць сітуацыю», — напісала ўкраінская дэпутатка.

«Спадзяюся, што прэзідэнт задаволіць маё хадайніцтва, і Украіна атрымае новых грамадзянаў, якія праліваюць сваю кроў за нашу зямлю!», — заявіла Наталля Весялова. Летась у верасьні ўкраінская партыя «Нацыянальны корпус» на чале з дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны Андрэем Білецкім арганізавала пад парламентам акцыю з патрабаваннем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны на Данбасе. Пасля пікету каля Вярхоўнай Рады некалькі добраахвотнікаў, у тым ліку і з Беларусі, накіраваліся да Адміністрацыі прэзідэнта — там яны прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы за некалькі сотняў метраў ад адміністрацыі ўкраінскага кіраўніка.

За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Украіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Украіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!