Die Zeit: У Беларусі гіне постсавецкая ўтопія Лукашэнкі

Беларускія пратэсты, што ўспыхнулі ў мінулым годзе, сталі апошнім адгалоскам падзення Берлінскай сцяны.


Лукашэнка па-іншаму ўяўляў сабе 2020-ы год. Самаабвешчаны «народны прэзідэнт» разлічваў, што зможа кансалідаваць сваю ўладу ў Беларусі, ператварыўшы выбары ў фарс.

Па іроніі, тры жанчыны, якіх ён раней пазбавіў магчымасці праводзіць палітычную дзейнасць, сталі яго найбольш небяспечнымі апанентамі. І адну з іх цяпер лічаць легітымным прэзідэнтам Беларусі, — піша нямецкая газета Die Zeit. Выданне нагадвае, што адносіны ЕС з аўтакратам таксама паляпшаліся ў апошні час. Але ён зноў стаў персонай нон-грата. У дадатак Лукашэнка захварэў на COVID-19, існаванне якога ён адмаўляў.

2020-ы, напэўна, запомніцца на доўга для таго, каго даўно называюць «апошнім дыктатарам Еўропы». І, цалкам магчыма, гэта быў пераломны год для яго. Выданне нагадвае, што пасля сфальсіфікаванай перамогі на выбарах у Беларусі ўспыхнулі беспрэцэдэнтныя пратэсты, на чале якіх выступілі тры жанчыны ўключна з актывісткай Святланай Ціханоўскай.

Захад увёў новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. А Ціханоўская, якая цяпер жыве ў Вільні, атрымала падтрымку еўрапейскіх лідараў, такіх як канцлерка Германіі Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Лукашэнка ж апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. За ім гаворыць толькі Масква.

Беларускі аўтакрат зрабіў занадта шмат памылак у 2020 годзе. Сваёй дзіўнай палітыкай у дачыненні да каронавіруса ён не супакоіў, а толькі настроіў супраць сябе насельніцтва. Яго жорсткія спробы здушыць палітычных апанентаў прывялі да палітызацыі многіх грамадзян перад выбарамі. А нябачаная жорсткасць «сілавікоў», якіх адправілі здушыць пратэсты, не зламала супраціў беларусаў, а толькі ўзмацніла яго. Тысячы людзей патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі. І сёй-той бачыць у гэтым «канец постсавецкай утопіі».

Рэжым Лукашэнкі даў штуршок небяспечнай спіралі пратэстаў і міліцэйскага гвалту. Людзей арыштоўваюць, запалохваюць, супраць іх узбуджаюць крымінальныя справы і замарожваюць банкаўскія рахункі. Па некаторых падліках, сілавікі Лукашэнкі арыштавалі каля 30 тысяч чалавек за перыяд са жніўня. А дзясяткі тысячаў беларусаў пакінулі краіну. Нядаўна маладога чалавека забілі да смерці ў аддзяленні міліцыі. Сваімі жорсткімі паводзінамі сілавыя ведамствы яшчэ больш звязалі сябе з лёсам кіраўніка.

Біёграф Лукашэнкі і палітолаг Валерый Карбалевіч перакананы, што 2020 год прынёс «канец постсавецкай утопіі». Былая савецкая рэспубліка Беларусь пайшла іншым шляхам пасля распаду СССР. Лукашэнка ж, заняўшы свой пост у 1994 годзе, адмяніў усе палітычныя і эканамічныя рэформы. Ён замацаваў савецкія сімвалы, такія як КДБ і сцяг. Цяпер, праз 26 гадоў яго міні-Савецкі Саюз на мяжы краху.

«Гэты год паказаў, што такая мадэль не можа быць рэальнай альтэрнатывай у постсавецкую эру, а толькі вядзе ў тупік. 2020-ты будзе апошнім адгалоскам падзення Берлінскай сцяны», — сказаў Карбалевіч.

Лукашэнка трымае ў руках уладу таму, што апарат бяспекі падтрымлівае яго. Але так званая «сацыяльная стабільнасць», якой постсавецкай Мінск так часта выхваляўся, цяпер у мінулым. Гэтак жа нічога не засталося ад іміджу «народнага прэзідэнта». Новая інаўгурацыя Лукашэнкі адбылася таемна. А ўлетку яго асвісталі нават работнікі дзяржаўнага завода. Хоць колькасць пратэстаў з жніўня скарацілася, няма ніякіх падстаў чакаць, што яны знікнуць у 2021-м годзе. Пасля 26 гадоў злосць на рэжым Лукашэнкі і жаданне пераменаў занадта вялікія.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: