Die Zeit: Уздым у расійскай эканоміцы — ілюзія

«З Расіі прыходзіць усё больш добрых навін. Адна з іх — з вобласці гастранаміі: як паведамілі ў Федэрацыі рэстаратараў і атэльераў Расіі, пасля некалькіх складаных месяцаў расійцы сталі больш харчавацца па-за домам. А гэта, на думку арганізацыі, не што іншае, як прыкмета завяршэння эканамічнага крызісу», — піша палітычны аглядальнік нямецкай газеты Die Zeit Алівер Більгер.



Падобныя навіны, разважае аўтар, прыпадаюць вельмі дарэчы расейскім уладам. «І Крэмль сцвярджае: краіна пераадольвае свае эканамічныя праблемы, што можна ўбачыць па растучаму рублю». «Самае цяжкае ў расійскай эканоміцы ззаду. Сітуацыя стабілізавалася», — заявіў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуан. А міністр эканомікі Аляксей Улюкаеў нават прадказаў рост ВУП на 2% у наступным годзе.

Аднак казаць аб хуткім ўздыме ў расійскай эканоміцы, як адзначае выданне, не варта. «Так, у апошнія дні расійская валюта сапраўды падрасла і адваявала значную частку свайго страчанага кошту пасля рэзкага падзення ў сярэдзіне снежня. Аднак расійскія аналітыкі звяртаюць увагу на вельмі высокую валацільнасць рубля і лічаць, што ў хуткім часе ён зноў можа пачаць таннець», — адзначае Більгер.

Прычыны гэтага, на думку экспертаў, крыюцца ў «нявырашаных праблемах расійскай эканомікі, а менавіта — ў краіне няма інвестыцый, яна занадта моцна залежыць ад экспарту нафты і газу, да таго ж расійская эканоміка мае патрэбу ў рэформах».

«Цяпер яшчэ занадта рана казаць аб тым, што ўсё самае горшае засталося ззаду», — кажа аналітык незалежнага аналітычнага агенцтва Macro Advisory і адзін з самых кампетэнтных экспертаў па расійскай эканоміцы Крыс Уіфер. Ён прагназуе чарговае падзенне рубля. «Меры расійскага Цэнтрабанка, накіраваныя на стабілізацыю рубля, мелі абмежаваны поспех, у хуткім часе цана на нафту ізноў стане самым галоўным драйверам», — падкрэслівае Уіфер. Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і ў Сусветным банку: там лічаць, што ў гэтым годзе ВУП Расеі скароціцца на 3,8%, а ў наступным — яшчэ на 0,3%.

Тым часам расійцы ўсё роўна працягваюць адчуваць на сабе наступствы крызісу, бо за першыя два месяцы 2015 года рэальная заработная плата ў Расіі знізілася ў параўнанні з мінулым годам на 9%, а інфляцыя падскочыла да 17%, дадае выданне.

Паводле inopressa.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!