112.ua
Цяпер ведамства будзе запытваць інфармацыю аб акаўнтах суіскальніка ў сацсетках.
Па інфармацыі выдання Hill, новыя правілы ўступілі ў сілу 31 мая. «Збор дадатковай інфармацыі ад заяўнікаў удасканаліць працэс іх праверкі і пацверджання іх асобы», — цытуе РІА Навіны прадстаўніка Дзярждэпартамента.
«Мы пастаянна працуем над механізмамі паляпшэння нашых працэдур праверкі, каб абараніць грамадзян ЗША, — гаворыцца ў паведамленні ведамства. — Адначасова мы падтрымліваем законныя паездкі ў Злучаныя Штаты».
Каго закрануць новыя правілы?
Новаўвядзенне закране большасць катэгорый віз — турыстычных, студэнцкіх, рабочых. Выключэнне Дзярждэпартамэнт зрабіў для дыпламатычных віз і афіцыйных дэлегацый — заяўнікам з гэтых катэгорый паведамляць пра свае старонкі ў сацсетках не давядзецца.
Новыя правілы закрануць прыкладна 14,7 млн чалавек у год.
Што мяняецца?
У нарматыўных актах Дзярждэпартамента гаворыцца, што заяўнікам прыйдзецца пазначыць дадзеныя аб сваіх сацыяльных сетках, адрасы электроннай пошты, а таксама нумары тэлефонаў за апошнія пяць гадоў.
Да 31 траўня пры падачы на візу патрабавалася паказваць толькі нумар тэлефона і адрас электроннай пошты. У той жа час, раней гэтыя дадзеныя дазвалялі любому карыстальніку знайсці акаўнты чалавека ў некаторых сацсетках, калі яны там ёсць — напрыклад, у Фэйсбуку і Укантакце. У выпадку з амерыканскай сацсеткай трэба было толькі ўбіць у пошукавы радок нумар тэлефона або імэйлы, і сетка выдавала звязаныя з імі акаўнты. Ва Укантакце працэдура была складаней — патрабавалася скарыстацца функцыяй аднаўлення пароля. На сённяшні дзень адміністрацыі абедзвюх сацсетак змянілі налады прыватнасці і такія магчымасці прыбралі.
Раней перадаваць амерыканскім уладам дадзеныя аб сваіх сацыяльных сетках патрабавалася толькі заяўнікам, якіх правяралі дадаткова. Гэта тычылася тых, хто пабываў у рэгіёнах, якія кантралююцца тэрарыстычнымі групамі.
А калі вы не ў сацсетках?
Hill са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпа піша, што ў заяве ёсць магчымасць паказаць, што заяўнік не карыстаецца сацсеткамі, але калі гэта апынецца няпраўдай, яго чакаюць «сур'ёзныя наступствы». У Дзярждэпартаменце новыя меры патлумачылі неабходнасцю «выяўляць тэрарыстаў, пагрозы грамадскай бяспекі і іншых небяспечных асоб», каб не пускаць іх у краіну.
У 2015 годзе адміністрацыю тагачаснага прэзідэнта ЗША Барака Абамы раскрытыкавалі за занадта мяккія праверкі суіскальнікаў амерыканскіх віз — высветлілася, што ураджэнка Пакістана Ташфін Малік, саўдзельніца масавага забойства ў 2015 годзе ў Сан-Бернардына у штаце Каліфорнія, ахвярамі якога сталі 14 чалавек, публікавала ў сваіх сацсетках пасты ў падтрымку тэрарыстаў. Выдаючы ёй візу, амерыканскія ўлады увагі на гэта не звярнулі.
Што кажуць праваабаронцы?
У Амерыканскім саюзе абароны грамадзянскіх свабод ўжо заявілі, што «няма ніякіх доказаў таго, што такі маніторынг у сацыяльных сетках з'яўляецца эфектыўным або справядлівым», і адзначылі, што гэта прымусіць людзей самастойна падвяргаць сябе цэнзуры ў інтэрнэце.
Узмацненне жорсткасці патрабаванняў для атрымання візы ўкладаецца ў агульную канву міграцыйнай палітыкі Белага дома. Прэзідэнт ЗША
Дональд Трамп вядомы як змагар з нелегальнай міграцыяй. 30 траўня ён паабяцаў павышаць пошліны на ўвоз тавараў з Мексікі да таго часу, пакуль улады гэтай краіны не вырашаць праблему нелегальных мігрантаў. Да гэтага 15 лютага ён увёў у ЗША рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з сітуацыяй на паўднёвай мяжы краіны, каб атрымаць у абыход рашэння кангрэса сродкі на будаўніцтва сцяны на амерыкана-мексіканскай мяжы.
tut.by