Дочкі Сяргея Дарэнкі лічаць, што ён мог быць атручаны

Дочкі Сяргея Дарэнкі лічаць, што ён мог быць атручаны. Пра гэта паведаміў прадзюсар Андрэй Разін, які з імі размаўляў, піша Еўрарадыё.

Вядомы журналіст Дарэнка памёр 9 траўня ў Маскве ў 59-гадовым узросце. Ён ехаў на матацыкле і раптоўна ўпаў. Эксперты засведчылі, што журналіст памёр ад разрыву аорты.

Дочкі Сяргея Дарэнкі звярнуліся ў паліцыю і папрасілі расследаваць абставіны смерці бацькі. Таксама яны выступілі супраць крэмацыі, бо ў выніку яе "могуць быць схаваныя сляды забойства", гаворыць Разін. На крэмацыі настойвае другая жонка Дарэнкі Юлія, аднак дочкі супраць. Сітуацыю спрабавалі ўрэгуляваць з дапамогай юрыста.

РБК дадае, што заяву ў паліцыю напісала дачка Дарэнкі Кацярына. Яна лічыць Юлію "зацікаўленай асобай" у смерці бацькі і кажа, што мае "пэўныя факты".

Дарэнка ў 1990-я — у 2000 годзе працаваў аглядальнікам і тэлевядучым на галоўных расійскіх тэлеканалах. Яго называлі "тэлекілерам". Ён быў звольнены пасля праграмы пра гібель падлодкі "Курск" і жорсткай крытыкі Уладзіміра Пуціна. З 2014-га года ўзначальваў рэдакцыю радыёстанцыі "Говорит Москва".

У свой час Дарэнка праславіўся антычачэнскімі, а пазней — антыўкраінскімі выказваннямі. Словы аб расійскім Крыме і аб тым што Чачню трэба падвергнуць ядзернаму ўдару, апублікавалі пасля смерці Дарэнкі шэраг украінскіх СМІ а таксама журналіст Аркадзь Бабчанка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!