Дух Салідарнасці сёння патрэбны сучаснай Еўропе

Сорак год таму, гарачай летняй парой 1980 года, Еўропа была зусім іншай, чым сёння. Тады кантынент падзяляла жалезная заслона, якая была не толькі метафарычнай лініяй палітычнага падзелу. Яна рэальна падзяляла свабодныя, дэмакратычныя дзяржавы і краіны, пазбаўленыя суверэнітэту і цалкам залежныя ад савецкай імперыі.



Сярод краін, пакінутых пасля вайны пад пратэктаратам камуністычных улад, апынулася і мая радзіма — Польшча. Польшча, якая ў выніку Другой сусветнай вайны страціла каля 6 млн грамадзян, з якіх палову складалі польскія грамадзяне габрэйскага паходжання. Гэта катастрофа, пасля якой мы, здаецца, не мелі права падняцца.

Аднак мы спрабавалі. У перыяд пасляваеннага зняволення, які называўся Польскай Народнай Рэспублікай, палякі не адмовіліся ад імкнення рэалізаваць свае мары аб самавызначэнні, свабодзе і незалежнасці. Мы ніколі не пагадзіліся з несправядлівым прысудам гісторыі. Таму ў Польшчы ўвесь час рабіліся гераічныя спробы змагацца з залежным ад Масквы рэжымам. Камуністычныя ўлады бязлітасна душылі ўсе грамадскія пратэсты, сачылі за грамадзянамі і цэнзуравалі любыя праяўленні свабоды ў мастацтве і літаратуры. З кожнай чарговай спробай павялічвалася колькасць ахвяр, але нягледзячы на гэта надзея не згасала.

Вынікам гэтай надзеі стаў Жнівень ’80, сапраўдны пераломны момант. Гэта быў беспрэцэдэнтны ў маштабах усяго савецкага блока феномен. Нешта, што выклікала ўсеагульнае здзіўленне ў свеце і адначасова захапленне. Пасля серыі забастовак рабочых на суднавервях і ў іншых арганізацыях па ўсёй Польшчы дэспатычная камуністычная партыя вымушана была нарэшце паддацца. Тады была дадзена згода на стварэнне першага ў гісторыі савецкага блока незалежнага ад улад прафсаюза з уласным кіраваннем.

Так нарадзілася «Салідарнасць». Фармальна гэта быў прафсаюз, але па сутнасці гэта быў агульнанацыянальны грамадскі рух, які аб’яднаў мільёны палякаў у адну, поўную веры супольнасць. Адкуль бралася гэта вера? Мы чэрпалі яе, і чэрпаем дагэтуль, са шматвяковай палітычнай традыцыі — адданасці свабодзе і дэмакратыі. З прывязанасці да Еўропы, актыўнай часткай якой Польшча была на працягу тысячы год. А таксама з натхнення, якое даў польскаму грамадству папа рымскі Ян Павел ІІ — яго абранне на Святы Прастол стала для палякаў невычэрпнай крыніцай надзеі і сілы.

Сёння, праз столькі год, вельмі выразна бачна, што «Салідарнасць» была каменьчыкам, які выклікаў лавіну і ў выніку — падзенне жалезнай заслоны ў 1989 годзе. Дзякуючы «Салідарнасці» Польшча вызвалілася з-пад савецкага ўплыву, а Еўропа зноў змагла стаць адным цэлым.

Нягледзячы на тое, што з дня заснавання «Салідарнасці» мінула ўжо сорак год, яе ідэалы і зараз актуальныя і павінны быць для нас надалей жывымі. Мы, палякі, захоўвалі іх не як музейныя экспанаты, а як каштоўнасці, якія вызначаюць стандарты ў грамадскім жыцці, свайго роду ўзор, на які мы раўняемся. Пры гэтым салідарнасць — гэта нешта большае, чым проста грамадска-палітычны пастулат. Гэта форма існавання, прысутная таксама ў штодзённых жэстах і паводзінах. «Няма свабоды без салідарнасці», — згадваем мы словы Яна Паўла ІІ. І памятаем таксама, што няма салідарнасці без любві, а без гэтых двух складнікаў няма будучыні.

Калі на нашы грамадствы абрушваюцца стыхійныя бедствы — павадкі, катаклізмы, пажары, тарнада — салідарнасць становіцца не проста адным з галоўных прынцыпаў паводзін, а ўмовай выжывання. Мы бачылі гэта і зараз бачым, змагаючыся з пандэміяй каранавіруса. Абавязковая дапамога, самаадданасць пры выратаванні іншых, шчыры альтруізм, суперажыванне, пазбаўленне ад страху і эгаізму — так у найбольш складаныя моманты рэагавалі медыкі, ратавальнікі, супрацоўнікі сілавых структур, фармацэўты, а таксама прадаўцы, настаўнікі, прадпрымальнікі і сотні тысяч звычайных грамадзян. Менавіта дзякуючы іх пазіцыі мы змаглі ўбачыць, што такое салідарнасць на практыцы.

Аднак салідарнасць надзвычай каштоўная, каб мы ўспаміналі пра яе выключна падчас крызісаў. Яе ідэалы павінны таксама стаць сутнасцю штодзённага жыцця, праяўляцца штодзень у добразычлівасці, гасціннасці і спагадлівасці. Каб адкрыць яе, дастаткова задумацца пра ўласнае існаванне, глыбей спазнаць усе гэтыя шляхетныя рысы сваёй асобы.

Кожны, хто адкрые ў сабе дух салідарнасці, зразумее, што не можа абмяжоўвацца выключна самім сабой. Салідарнасць патрабуе супольнасці, таму што толькі ў ёй яна рэалізуецца ў поўнай меры. Таму мы павінны прыняць яе як фундаментальны прынцып нашага супольнага жыцця. Мы асаблівым чынам пераконваемся ў гэтым менавіта сёння, калі мільёны палякаў, як і жыхары іншых еўрапейскіх краін, змагаюцца з эканамічнымі наступствамі пандэміі. Рашучае абмежаванне распаўсюджання віруса, а таксама хуткая рэалізацыя антыкрызіснай стратэгіі для абароны як прадпрымальнікаў, супрацоўнікаў, іх сем’яў, так і цэлых органаў самакіравання, — усё гэта было б немагчымым, калі б у нашых дзеяннях мы не кіраваліся, перш за ўсё, прынцыпам салідарнасці.

Гэты ж дух патрэбны і сучаснай Еўропе. Мы разам аказаліся на павароце і разам павінны з яго выйсці на прамую дарогу — як адна супольнасць. Таму так важна, каб у час выпрабавання пазіцыя сапраўднага супрацоўніцтва перамагла эгаізм. Нам патрэбна моцная Еўропа, як і моцная Польшча. Перакананы, што мы зможам фарміраваць супольную будучыню настолькі, наколькі возьмем спадчыну «Салідарнасці» за аснову нашых дзеянняў.

Таму сёння, праз сорак год пасля памятнага Жніўня ’80, наша галоўная задача — зрабіць так, каб «Салідарнасць», асабліва ў вачах свету, не засталася толькі старонкай у гісторыі польскага народа.
Мы павінны зрабіць салідарнасць праектам для ўсёй Еўропы, таму салідарнасць — гэта наша прапанова на бліжэйшыя дзесяцігоддзі развіцця.

Адносіны паміж еўрапейскімі дзяржавамі — незалежна ад іх памеру і эканамічнага патэнцыялу — павінны засноўвацца на адносінах паміж людзьмі. А яны ў сваю чаргу фарміруюцца на аснове прынцыпу салідарнасці. Гэта надзейная гарантыя будавання лепшай будучыні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: