«Думаю, што мы імкнёмся да аддзялення»

У сваім упартым нежаданні прызнаць перамогу Джо Байдэна некаторыя рэспубліканскія адміністрацыі штатаў заяўляюць пра намер выхаду са складу ЗША.


Пантэон амерыканскіх герояў, як вядома, сёння знаходзіцца ў стане капітальнага рамонту. Праз датычнасць да рабства шмат былых куміраў янкі адпраўляюць на сметнік гісторыі. Днямі дайшла чарга і да Джорджа Вашынгтона, чый статус героя, падавалася, аспрэчыць немагчыма. Але факт застаецца фактам — заснавальніка ЗША вінавацяць у… здрадзе сваёй краіне. Здрада непасрэдна выявілася ў тым, што Вашынгтон заснаваў на месцы былых калоній федэральную дзяржаву, хаця ідэалагічным драйверам амерыканскай рэвалюцыі была ідэя перманентнага сепаратызму.

«Амерыканская рэвалюцыя была сепаратысцкім рухам. Усе мы маем дачыненне да аддзялення, таму што наша краіна была заснаваная актам аддзялення ад Англіі. Сэцэсія ў пэўным сэнсе з’яўляецца праявай патрыятызму. У той момант, калі нешта ў краіне ідзе не так, вы, як патрыёт, выступаеце супраць і сыходзіце», — піша адзін з крытыкаў першага гаранта Злучаных Штатаў.

У прынцыпе, падобныя пастулаты — не сенсацыя, аднак цяпер яны нечакана аказаліся ў фокусе ўвагі шматлікіх медыя. Чыннікам такога інтарэсу сталі апошнія заявы некаторых тэхаскіх рэспубліканцаў, якім не спадабалася пастанова Вярхоўнага суда на позву ўраду штату. Тэхасцы, нагадаем, заклікалі да адмены выбараў у некаторых штатах, дзе прайграў Дональд Трамп. Суддзі адмовілі пазоўнікам, што дазволіла апошнім пабудаваць наступны ланцуг высноў: калі штат не мае юрыдычнага права скардзіцца наконт празрыстасці працэдур выбараў прэзідэнта ў другім штаце, гэта значыць, ніякай федэрацыі, па-сутнасці, не існуе.

Далей — больш. Ацаніўшы вердыкт Вярхоўнага суда як «легітымацыю палітычнага беззаконня ў ЗША», Кайл Бідэрман, адзін з тэхаскіх дэпутатаў, напісаў у Facebook: «Бяру на сябе абавязак унесці на наступную парламенцкую сесію праект заканадаўчага акта, што дазволіць правесці рэферэндум, на якім тэхасцы прагаласуюць за аднаўленне сваёй незалежнай дзяржавы».

Такім чынам, у Х’юстане збіраюцца перагледзець Акт аб уступленні Тэхаса ў склад ЗША. Дарэчы, па іроніі лёсу, той Акт быў прыняты роўна 175 гадоў таму, 29 снежня 1845 года. Бідэрман ужо не хавае, што права тэхасцаў на сэцэсію будзе грунтавацца на артыкуле Акту, які гарантуе жыхарам штату «неад’емнае права змяняць, рэфармаваць альбо адпраўляць свой урад у адстаўку такім чынам, які яны лічаць мэтазгодным».

Праўда, у федэральных юрыстаў хапае на гэты конт сваіх джокераў. Згаданы Акт прамым тэкстам забараняе штату права на выхад з федэрацыі. Акрамя таго, ёсць судовы прэцэдэнт, які надае Вярхоўнаму суду права адмяняць рашэнне заканадаўчага органа Тэхасу аб аддзяленні. Нарэшце, Канстытуцыя ЗША адназначна не прадугледжвае магчымасці сэцэсіі федэральных суб’ектаў.

Зрэшты, магчыма, ніякай сэцэсіі тэхаскім фанатам Трампа і не трэба. Гаворка можа ісці пра фарміраванне нейкай кааліцыі штатаў, што возьме курс на паслабленне сувязяў з федэральным цэнтрам аж да дамовы сабатаваць распараджэнні Белага Дому. Пра гэта заявіў старшыня тэхаскіх рэспубліканцаў Ален Уэст.

«Законапаслухмяныя штаты павінны аб’яднацца, стварыць саюз дзяржаў, які будзе выконваць Канстытуцыю», — сказаў ён.

Цікавая рэакцыя на навіны з Тэхасу на старонках выданняў, якія сімпатызуюць дэмакратам. Натуральна, шмат з іх крытыкуюць тэхаскіх трампістаў за рызыкоўныя гульні. Але адначасова гучаць незвычайныя заўвагі. Напрыклад, пра тое, што дэбаты ў Тэхасе даюць падставу перагледзець існуючыя межы штатаў на карысць дэмакратаў. Напрыклад, падзел Каліфорніі, якая пагалоўна галасуе за Дэмпартыю, на два або больш штатаў дазваляе дэмакратам разлічваць на сталую большасць у Сенаце.

Найбольш радыкальныя гісторыкі заклікаюць не хаваць праўду: сепаратызм заўжды быў складнікам палітычнага працэсу ў Злучаных Штатах. Прычым, часта ў вельмі кур’ёзным выглядзе. У 1968 годзе, у разгар руху за грамадзянскія правы, сепаратысцкая групоўка афраамерыканцаў пад назвай «Рэспубліка Новая Афрыка» запатрабавала стварэння незалежнай «чорнай дзяржавы» на Поўдні. У 1861 годзе мэр Нью-Ёрка прапанаваў жыхарам выхад з ЗША з мэтай абароны эканамічных прывілеяў, якія горад атрымаў ад гандлю з Поўднем.

Вялікі рэзананс таксама выклікалі тэзісы аднаго з гуру амерыканскіх кансерватараў, які адзначае: грамадства ўсё больш і больш свядома рыхтуецца да падзелу ЗША на дзве краіны. «Думаю, што мы імкнёмся да аддзялення. Я бачу, як усё больш людзей пытаюцца: «Што ў нас агульнага з людзьмі, якія жывуць, скажам, у Нью-Ёрку»? Не можа быць мірнага суіснавання дзвюх абсалютна розных тэорый жыцця, тэорый кіравання, тэорый таго, як мы кіруем сваімі справамі. Мы можам аказацца ў гэтым жудасным канфлікце, калі не дапусцім таго, каб нехта з нас вольна сышоў», — піша публіцыст.

Гледзячы па ўсім, Амерыка сапраўды не будзе такой, як раней, хаця прырода будучых перамен яшчэ комплексна не зразумелая. Затое дакладна вядома, што наступная заканадаўчая сесія ў Тэхасе стартуе ў студзені.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: